Дажынкі – аўтэнтычнае беларускае свята. Як напраўду яго святкавалі?

25.08.2022 Культура

Свята заканчэння жніва для беларусаў заўжды было ці не важнейшае за Купалле ды Каляды. Нягледзячы на тое, што на нашы палеткі прыйшлі трактары і камбайны, да сённяшняга дня ў Беларусі захаваліся старадаўнія песні, танцы і абрады, якімі і цяпер дзе-нідзе адзначаюць заканчэнне жніва. І гэта, канешне, зусім не тыя «скульптуры» з саломы, што часам можна пабачыць уздоўж шашы, ці фестывалі і кірмашы, якія штогод праводзяцца ў чарговым райцэнтры. Як беларусы напраўду святкавалі традыцыйныя Дажынкі, часопісу ALOVAK расказала выкладчыца фальклёру Надзея Касцяневіч.


37233550_1742866839130356_2358291569284481024_n.jpg
Фота: Альфрэд Мікус

Дажынкі — свята заканчэння жніва, якое суправаджалася абрадамі, танцамі, песнямі ды частаваннямі. Адзначалі Дажынкі падчас трэцяга малога Спаса — свята хлеба.

Зажынкі

Рыхтаваліся да Дажынак вельмі старанна. Загадзя, яшчэ на Каляды, нашы продкі ўсе абрадавыя дзеянні накіроўвалі на ўраджайнасць, верылі ў прыродныя сілы, якія дапамогуць добраму гаспадару, што выконвае усе народныя правілы жыцця.

Пачыналася гарачая пара жаночай працы з Зажынак, дзе на пачатку здзяйснялі абрадавыя рытуалы на полі (абыходзілі жыта, зажыналі першы сноп), затым пераходзілі да Жніва.

67203549_2286483418102026_5658491980800327680_n.jpg
Зажынкі. Фота: Альфрэд Мікус

Жніво

Жніво — гарачая пара ўборкі поля — займала асноўнае месца ў жыцці сялян, асабліва ў жніўні. У апошні дзень жніва трэба было аддзячыць ніве за добры ураджай, папрасіць у духаў поля і продкаў новага ўраджаю на наступны год, таму жнейкі пакідалі на полі некалькі нязжатых каласоў для абрада «Барада» («Раёк», «Ніўка», «Куст», «Дажынкі» і інш.), а таксама для апошняга снапа. Завяршалі асноўны цыкл земляробчай працы ў полі Дажынкі.

Паводле Я. Карскага, першыя згадкі пра свята сустракаюцца ў хроніках пад ХІІ ст. Хаця сама традыцыя можа весці свой пачатак яшчэ ад неаліту, калі на Беларусі з’явілася земляробства.

Дажынкі

1. Калі асноўныя працы ў полі былі скончаныя, на наступны дзень пасля абеду, святочна апрануўшыся, жанчыны і незамужнія дзяўчаты ішлі ў поле, узяўшы з сабой сярпы, посцілкі і пачастунак (хлеб, соль, яйкі, сыр, сала), каб зладзіць абрад Дажынкі.

2. Спачатку перад абрадам трэба было прапалоць кавалак пакінутага жыта. Напрыклад, на Крупшчыне жанчыны клікалі на праполку лясных звяроў: «Ваўкі, мядзведзі, хадзіце бораду палоць...».

photo_2022-08-19_02-21-25-2.jpg
Абрад завівання барады. Фота: etna.by

3. Затым галоўная жняя прапаноўвала незамужнім дзяўчатам паваражыць. Дзяўчаты сядалі колцам вакол пакінутых каласоў і рукамі, абгорнутымі ў рукаў, пачыналі палоць, уважліва глядзелі, хто выпаўзе з зямлі: чарвячок — багаты жаніх, маленькая казявачка — бедны жаніх, павучок — удавец, вусень — легкадумны жаніх.

4. Варажылі і цяжарныя жанчыны, каб даведацца, хто ў іх народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка. Калі знаходзілі павучка — хлопчык, калі чорную казюльку — дзяўчынка.

5. Пасля варожбаў удзельніцы абраду падзяляліся на дзве групы: кабеты завівалі бараду, упрыгожваючы яе стужкамі і кветкамі. Сярод дзяўчат абіралі Багіню, для якой плялі вянок з каласоў, каснічкоў (стужак), палявых кветак, а таксама ўпрыгожвалі апошні сноп, каб аднесці гаспадару поля. Часам апошні сноп вязалі ў выглядзе антрапаморфнага пудзіла (бабы ці дзеда ў залежнасці ад рэгіёна).

6. Дажынкавыя абрады суправаджаліся загаворамі і песнямі, якія былі скіраваны на атрыманне ўраджаю ў наступным годзе. Напрыклад, падчас «завівання барады» спявалі «Стаіць казёл на мяжы» і іншыя адпаведныя песні.

З Вікіпедыі: У многіх вёсках, сабраўшы ўраджай, было прынята пакідаць на полі некалькі нязжатых каласкоў. Іх абвязвалі поясам, упрыгожвалі кветкамі і стужкамі. Гэта і звалося «завіць бараду».

39486321_947957272043174_3798581020610002944_n.jpg
Абрад завівання барады. Фота: etna.by

7. Пасля працы жнеі ладзілі на полі невялікае частаванне, паабедаўшы, усё тое, што засталося, пакідалі на полі для жывёл і птушак як падзяку за ураджай.

8. Затым самая старэйшая жнейка пачынала качацца па полі са словамі: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку, на другі гадок», гэта паўтарала кожная жняя.

9. Падрыхтаваўшы ўсе асноўныя сімвалы ўрадлівасці (бараду, апошні сноп, вянок), жанчыны надзявалі на «Багіню» вянок, давалі ў рукі сноп, з песнямі накіроўваліся ў двор гаспадара поля.

10. Дажынкавы вянок уручалі або надзявалі гаспадару з пажаданнем здароўя і добрага ўраджаю на лета. Гаспадар у сваю чаргу дзякаваў жнейкам, плаціў ім грошы і абавязкова ладзіў частаванне. Напрыклад, у Лідскім раёне гаспадар лез на гару і абліваў жнею вадой, пасля яна аддавала яму вянок — гэта садзейнічала таму, каб у наступным годзе не было засухі.

Апошні сноп займаў пачэснае месца ў хаце гаспадара — покуць (чырвоны кут). Пасля зімы яго абмалочвалі, а зерне дадавалі ў агульную сявеньку для засявання новага ўраджаю.

3aCtTi315w8.jpg
Пляценне вянка з каласоў. Фота: Альфрэд Мікус

З Вікіпедыі: У іншых мясцінах замест Багіні абіралі Талаку. Даследчык-аматар Павел Шпілеўскі зрабіў выснову, што ў Беларусі калісьці існавала багіня з імем Талака. На самой справе багіні Талакі ніколі не было. Гэта позняя персаніфікацыя. Хаця сам абрад, несумненна, старажытны, і мог быць прысвечаны нейкаму невядомаму сёння боству.

Дажынкі сёння

Quh0gE7pa1w.jpg
Апошні сноп. Фота: Альфрэд Мікус

З Вікіпедыі: Сканчэнне жніва святкавалася ў многіх народаў, але ў беларусаў традыцыя захавалася ў вельмі архаічным выглядзе.

На жаль, сёння сапраўдны абрад пабачыць вельмі цяжка, бо на змену сярпам прыйшлі камбайны. Але, у залежнасці ад кіраўніка калгаса (напрыклад, у Любанскім райвыканкаме), дзе-нідзе яшчэ жыве аўтэнтычная традыцыя, а ў іншых мясцінах часам на поле запрашаюць аматарскія калектывы для правядзення абрада Дажынкі.

Калі Купалле ці Каляды святкуюць паўсюдна, то паўдзельнічаць у абрадзе Дажынак не так і проста. Завітаць на сапраўдныя Дажынкі і адчуць глыбокі сэнс свята заканчэння жніва для нашых продкаў можна ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (Строчыцы) у суботу 27 жніўня.

© ALOVAK