Драматургаў запрашаюць да ўдзелу ў Літаратурнай кавярні

10.04.2009 Культура

Інстытут нямецкіх даследаванняў пры Цэнтры міжнародных даследаванняў запрашае драматургаў і акцёраў паўдзельнічаць у літаратурным спаборніцтве ў рамках вечарыны Літаратурнай кавярні.

Спаборніцтва будзе праводзіцца па правілах Чэнта. Чэнта — гэта тэкст, які выключна альбо збольшага складаецца з частак (цытат) іншага тэксту. Пры гэтым цытаваныя пасажы, зразумела, выпадаюць з першапачатковага кантэксту і праз новую камбінацыю атрымліваюць новы сэнс. Праз нечаканае злучэнне цытат з, як правіла, вядомых твораў новаствораны тэкст можа выклікаць парадыйны эфект, але таксама быць цікавым дзеля свайго інтэртэкстуальнага характару.

Кожная група удзельнікаў атрымлівае набор рэплік, з якіх трэба скласці арыгінальны і непаўторны драматычны тэкст, а потым — інсцэніраваць і прадставіць яго падчас вечарыны гледачам.

Найлепшую пастаноўку вызначаць гледачы і ўзнагародзіць Інстытут нямецкіх даследаванняў.

У адной групе ўдзельнікаў можа быць не больш за 5 чалавек, мова пастаноўкі — беларуская.

Літаратурная кавярня — праект Інстытута нямецкіх даследаванняў, у межах якога на беларускай і нямецкай мовах праходзяць вечарыны, прысвечаныя творчасці беларускіх і нямецкіх пісьменнікаў.

Падрабязнасці можна даведацца па тэл. 272—20—92, ці па электронным адрасе info@cfis.by.