Як пераадолець залежнасць ад дрэнных навін?

Алесь Тодараў распавядае на budzma.org аб тым, што такое думскролінг і як ад яго пазбавіцца.


20.jpg

Мы жывем у такі час, калі кожны дзень на нас звальваюцца вялікія аб’ёмы негатыўнай інфармацыі. Раней гэта было недзе далёка і зусім не тычылася нас наўпрост. Але пасля пачатку вайны ва Украіне свет канчаткова змяніўся. А разам з ім незваротна мяняецца і нашая псіхіка. 

Хочаш не хочаш, а бярэш у рукі смартфон, каб паглядзець, што новага адбываецца ў нашым рэгіёне. І навіны гэтыя далёка не заўжды пазітыўныя, хутчэй наадварот. Нічога добрага. Выпрацоўваецца нават пэўная звычка, якая называецца «думскролінг» (ад ангельскага doom — «наканаванне, пагібель» і scroll — «пракручваць, гартаць»). 

Думскролінг — звычка сёрфіць навіны ў стужцы, нават калі яны засмучаюць або прыгнятаюць. Вам падаецца, што вы проста стараецеся быць у курсе апошніх падзей і нічога болей. Але насамрэч далёка не заўжды ўсё так проста — часам чалавек пачынае гадзінамі шукаць тое, што можа яго агаломшыць ці хаця б проста напалохаць. 

Лічыцца, што масавае распаўсюджанне думскролінгу пачалося з пандэміі каронавіруса, пасля чаго залежнасць ад дрэнных навінаў упершыню стала часткай нашай паўсядзённасці. 

26.jpg

Першая краіна, дзе гэтая з’ява набыла масавы характар — Амерыка. І на Захадзе спецыялісты ўжо ўсур’ёз задумваюцца аб тым, як перамагчы яе. Некаторыя эксперты ў галіне аховы здароўя рэкамендуюць абмежаваць доступ да сацыяльных сетак, каб паменшыць негатыўныя наступствы думскролінгу, а папулярныя часопісы пішуць аб рызыках залежнасці ад сацыяльных сетак.

Выданне Medical Xpress прапануе даволі рэалістычныя парады, якія дапамогуць пераадолець наступсты залежнасці ад негатыўных навін: 

Абмяжуйце час на чытанне навін 

23.jpg

Прааналізуйце, колькі хвілін/гадзін у суткі вам сапраўды патрэбна на чытанне навінаў. Не марнуйце час на скролінг, усталюйце абмежаванне і прытрымлівайцеся яго. 

Не забывайцеся на «прадузятасць пацверджання»

Памятайце, што ваш выбар крыніцы інфармацыі звязаны з прадузятасцю пацверджання — гэта схільнасць карыстальніка шукаць, інтэрпрэтаваць і аддаваць перавагу толькі той інфармацыі, якая адпавядае яго пункту гледжання і перакананням. 

Правярайце крыніцы

Які рэсурс размясціў інфармацыю? Якая палітыка выдання? Чаму акцэнты ў навіне расстаўлены менавіта такім чынам? У чым вас спрабуюць запэўніць? Хтосьці спрабуе маніпуляваць вамі, каб вы думалі ці паводзілі сябе пэўным чынам? 

Гэтымі і іншымі пытаннямі варта задавацца, спажываючы любы кантэнт.

Не варта дзяліць усё толькі на чорнае і белае

25.jpeg

Памятайце, што ўсе рэчы ў свеце не заўсёды бываюць толькі чорнымі ці толькі белымі. Псіхолагі называюць такі падыход «палярызаваным мысленнем» — і гэта кагнітыўнае скажэнне. 

Вучыцеся прызнаваць, што мы жывем у свеце з мноствам колераў і адценняў шэрага.

Настройвайцеся на пазітыў

Многіх з нас літаральна прыцягвае негатыў — псіхолагі называюць гэта «негатыўнай перадузятасцю». Гэта тлумачыцца тым, што з эвалюцыйнага пункту гледжання негатыўныя стымулы былі важней пазітыўных (параўнайце важнасць умення пазбегнуць сустрэчы з драпежнікам і атрымання задавальнення ў цёплы летні дзень). 

Каб ураўнаважыць баланс, займіцеся пошукам пазітыўных навін. Магчыма, вам нават гэта спадабаецца.

Абмяжоўвайце інфармацыйныя плыні

А лепей за ўсё спрабуйце абмяжоўваць інфармацыйныя плыні. Але не адмаўляйцеся ад сёрфінгу ў сеціве цалкам. Пры правільным падыходзе вы будзеце, з аднаго боку, у курсе апошніх навін, адчуваць сябе лепш інфармаваным і здольным рэагаваць у выпадку неабходнасці, а з іншага, пазбаўлены непатрэбнага негатыву. 

Пачынайце з малога. Зрабіце сабе гадзіну без электронных прылад з раніцы і гадзіну ўвечары, а таксама істотна скараціце колькасць часу, які праводзіце ў сацыяльных сетках. Для гэтага можна скарыстацца ўбудаванымі ў тэлефон лімітамі або спецыяльнымі праграмамі.

Чытайце па тэме: Як не «заліпаць» у гаджэтах: стратэгія для прасунутых

Дакладна вызначыце тую інфармацыю, якая адназначна ўплывае на вас негатыўна і не прыносіць ніякай карысці ні вам, ні вашай справе. Цалкам магчыма, што і навіны тыя вам не зусім або зусім не патрэбныя. Тут выдатна працуе той жа прынцып, што і ў камунікацыі з таксічнымі людзьмі. 

Паспрабуйце пражыць месяц без выключна негатыўных навін, і вы здзівіцеся, наколькі лягчэй вам стане канцэнтравацца на сапраўды важным і неабходным.

Алесь Тодараў, budzma.org