Другі том Збору твораў Кузьмы Чорнага выйшаў у выдавецтве «Беларуская навука»

Кузьма Чорны — класік нашай літаратуры, стваральнік жанру беларускага рамана і нацыянальнай інтэлектуальна-філасофскай прозы.

Другі том новага навукова каментаванага Збору твораў пісьменніка ў 12 тамах выйшаў у выдавецтве «Беларуская навука». Кнігу складаюць апавяданні 1926–1931 гадоў, сярод якіх — «На пыльнай дарозе», «Пробуюць грушы шумець», «Хвоі гавораць», «Пачуцці», «Начлег у вёсцы Сінегах», «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Рамонтная брыгада» і іншыя, паведамляецца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.


Druhi tom Zboru tvoraŭ Kuźmy Čornaha

Над новым выданнем, якое выйшла ўслед за мінулагоднім першым томам, карпатліва працаваў цэлы калектыў спецыялістаў: тэкстолагі, рэдактары, даследчыкі і знаўцы творчасці Кузьмы Чорнага, рэцэнзенты, выдаўцы, тэхнічныя супрацоўнікі. 

За асноўны тэкст былі прыняты прыжыццёвыя зборнікі твораў Кузьмы Чорнага і яго прыжыццёвыя публікацыі ў перыядычных выданнях як найбольш аўтарытэтныя крыніцы, у падрыхтоўцы якіх браў непасрэдны ўдзел сам пісьменнік. 

Druhi tom Zboru tvoraŭ Kuźmy Čornaha

Выданне было падрыхтавана з улікам моўных варыянтаў і розначытанняў, якія даюць магчымасць прасачыць за творчым працэсам пісьменніка. У тэкстах узноўлена мова Чорнага, адлюстраваны дыялекталагічныя асаблівасці лексічных адзінак і іх граматычных форм, падрыхтаваны навуковыя каментарыі да кнігі.

 Як паведамляе bellit.info, набыць кнігу можна на сайтах kniganosha.by і oz.by.

Чытайце яшчэ: Закатаваны талент: Кузьма Чорны