Часам падарожжа па беларускіх мястэчках можа выклікаць сумныя пачуцці. Велічныя палацы без дахаў, закінутыя сядзібы, пустыя школы, старыя млыны — помнікі, якія нібыта павольна рыхтаваліся знікнуць. Здавалася, што для многіх гістарычных будынкаў ужо няма шанцу.
Але апошнія гады паказваюць іншую тэндэнцыю. Па ўсёй Беларусі знаходзяцца людзі і таварыствы, якія не баяцца браць адказнасць за старыя муры. Яны купляюць гістарычныя будынкі, расчышчаюць тэрыторыі, аднаўляюць дахі, шукаюць архіўныя планы і паступова вяртаюць жыццё таму, што яшчэ нядаўна выглядала безнадзейным.
Падарожжа праз Залессе, Жодзішкі і Опсу добра паказвае, што адраджэнне культурнай спадчыны ёсць жывой з’яваю.
Залессе на Смаргоншчыне вядома як рэзідэнцыя Міхала Клеафаса Агінскага. Менавіта тут у 1802–1822 гадах ён стварыў культурны асяродак, за што маёнтак атрымаў назву «Паўночныя Афіны». А яшчэ тут нарадзіўся велічны і мілагучны твор «Развітанне з Радзімай», што так кранае сэрцы беларусаў.

Від на сядзібу Агінскіх. Фота: my-places.by
Залессе было часткай вялікіх уладанняў роду Агінскіх. Менавіта тут знакаміты беларускі палітычны і мастацкі дзеяч збудаваў класічны палац, які акурат і даў назву «Паўночныя Афіны». Сядзібна-паркавы комплекс першасна складаўся з драўлянага дома, вадзянога млына і свірна. А вакол быў разбіты прыгожы парк з сажалкай. У такім выглядзе ансамбль быў падораны Міхалу Клеафасу Агінскаму яго дзядзькам Францішкам Ксаверам у 1802 годзе.
Міхал Клеафас пачаў узводзіць тут мураваны палац у класічным стылі з аранжарэяй. Побач з палацам заклалі пейзажны парк у ангельскім стылі, для якога прывезлі мноства відаў рэдкіх раслін і дрэў. У маляўнічых частках парка былі пабудаваны антычныя бажніцы і альтанкі. На жаль, захаваўся толькі храм Амеліі, які Міхал назваў у гонар дачкі.
У 1815 годзе на тэрыторыі сядзібнага комплексу Агінскіх была пабудавана невялікая капліца Панны Марыі.
За савецкім часам будынкі спрабавалі прыстасаваць пад дзяржаўныя патрэбы. Пасля Другой сусветнай вайны тут былі дом адпачынку, а пасля — дом састарэлых. Без належнага догляду ансамбль паступова разбураўся.
Паваротным момантам стаў пачатак рэстаўрацыі ў 2010-х. Былі адноўлены галоўны палац, аранжарэя, парк, шэраг гаспадарчых пабудоў і галоўнае — музейная экспазіцыя.
У 2014 годзе комплекс адкрыўся для наведнікаў як музей-сядзіба. Рэстаўрацыя стала адным з найбольш маштабных праектаў аднаўлення сядзібнай спадчыны ў Беларусі. У адноўленай сядзібе праводзяцца экскурсіі, канцэрты класічнай музыкі, мастацкія выставы, музейныя святы і фэсты, прысвечаныя славутаму ўладальніку маёнтка.

Стары дуб. Фота: be-tarask. wikіpedia.org

Альтанка ў парку. Фота: my-places.by
Разам з тым вакол праекта ішлі дыскусіі. Частка даследнікаў лічыла, што асобныя элементы былі не столькі навукова адрэстаўраваныя, колькі рэканструяваныя паводле сучасных уяўленняў пра гістарычны выгляд. Гэтая дыскусія стала прыкладам больш шырокага пытання: дзе праходзіць мяжа паміж рэстаўрацыяй і аднаўленнем.
Жодзішкі на Смаргоншчыне — адзін з найбольш цікавых сядзібных комплексаў Паўночна-Заходняй Беларусі, хоць ён і не такі вядомы, як Залессе. Вёска доўгі час знаходзілася ў прыватных руках, мяняла ўладальнікаў. Тут быў разбудаваны палацава-гаспадарчы комплекс. За савецкім часам будынкі выкарыстоўваліся для розных гаспадарчых патрэб, праз што частка архітэктурных элементаў была страчаная. Цалкам тутэйшы комплекс склаўся ў XVIII–XIX стагоддзях. Галоўным ягоным элементам быў сядзібны дом — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва першай паловы XVIII–XIX стагоддзяў. Гэта прастакутны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам.
За сваю гісторыю палац шматкроць мяняў гаспадароў: Мінкевічы, Патоцкія (паводле іншых звестак — Мілашэўскія), Бакшанскія. Будынак перажыў усе войны, за савецкім часам тут размясцілі псіхіятрычную лякарню, якая знаходзіцца ў будынку дагэтуль. У ваколіцах палаца быў разбіты парк у ангельскім стылі.
На тэрыторыі комплексу можна ўбачыць будынак колішняга бровара. Вонкава ён даволі дагледжаны, але ўжо шмат гадоў як выстаўлены на продаж. У пачатку 2010-х бровар быў выкуплены прыватнікам. Інвестар зрабіў у адноўленым будынку прыдарожнае кафэ (ці рэстаран) з гатэлем, але нешта пайшло не так, і кафэ было закрыта і закінута. Сёння бровар стаіць ля дарогі як прыклад таго, што не ўсе прыватныя інвестыцыі ў беларускую архітэктурную спадчыну адбіваюцца і прыносяць прыбытак.
Апошнія гады тутэйшы комплекс будынкаў паступова аднаўляецца. Праводзіліся работы па кансервацыі і рамонце сядзібнага дома, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Аднак гэта не такая маштабная рэстаўрацыя, як у Залессі: працы адбываюцца паступова, і ансамбль яшчэ не цалкам адноўлены. Але дзякуючы неабыякавым беларусам, якія маюць сувязь з Жодзішкамі, ёсць надзея на аднаўленне гістарычнай спадчыны ў вёсцы.

Францішак Жылка. Фота: radiobelarus.by
Выдатным прыкладам стаў ураджэнец Жодзішак Францішак Жылка. У 1996 годзе ён адрэстаўраваў вадзяны гістарычны млын на Віліі, які належаў ягонаму дзеду, і зрабіў там музей млынарства. У музеі сёння можна пазнаёміцца з сельскагаспадарчымі прыстасаваньнямі, з ганчарным, кавальскім, дрэваапрацоўчым і іншымі рамёствамі.
Наведнікі тут могуць сваімі рукамі змалоць збожжа на муку. У 2017 годзе экспазіцыя была пашыраная, і ў гістарычным будынку млына быў адкрыты этнаграфічны музей.
У мястэчку Опса на Браслаўшчыне больш за 100 гадоў стаіць сядзібны дом вядомага шляхетнага роду з нямецкімі каранямі — Плятэраў. Сядзіба была закладзена на пачатку XX стагоддзя на ўсходнім беразе невялікага возера Оспа Феліксам Плятэрам. У 1904 годзе было скончана будаўніцтва мураванага будынка. Прыгожы класічны палац, з усходу абнесены агароджай, меў вытанчаны ўваход, аздоблены пілонамі з часанага каменю, завершаны каменнымі кулямі. З поўдня маёнтак абмежаваны ручаём, які выцякае з возера. Пры пад’ездзе да сядзібы цераз ручай быў перакінуты прыгожы арачны мост.
Сядзіба Плятэраў на фота 1925 і 1930 гг. Фота: bel.wikipedia.org
Падчас Першай сусветнай вайны ў сядзібе размяшчаўся шпіталь расійскай арміі, штабы вайсковых часцей. У міжваенны час у палацы размяшчаліся класы для заняткаў, сталоўка, інтэрнат, кватэры выкладнікаў. У гады Другой сусветнай вайны тут былі нямецкі і савецкі шпіталі.
Пасля вайны ў будынку спачатку размясцілі звычайную школу, затым — інтэрнат для сірот, а ў 1980-я — 1990-я гады сядзіба перайшла да Беларускага таварыства інвалідаў, якое хацела зрабіць тут базу адпачынку. Пачалі рамонт, але працы спыніліся праз брак сродкаў. Сядзіба прыйшла ў запусценне.
Выгляд сядзібы ў наш час. Фоты: poshyk.info
У 2010-я гады аб’ект перайшоў да прыватнай кампаніі, якая распрацавала амбітны праект турыстычнага комплексу. Але рэалізаваць яго таксама не ўдалося. У канцы 2025 года сядзібу (комплекс разам з 6,5 гектара зямлі) выставілі на аўкцыён за пазыкі папярэдняга ўласніка. Адзіны ўдзельнік таргоў набыў яе прыкладна за 220 000 рублёў пад стварэнне базы адпачынку.
У сетцы Threads з’явіўся допіс з фотаздымкамі архітэктурна-планавай канцэпцыі аднаўлення сядзібы Плятэраў у Опсе. На малюнках і рэндарах — дэталёвы план таго, як старадаўні маёнтак плануюць вярнуць да жыцця.
Праект рэканструкцыі палаца. Фоты: threads.com
Праектам рэстаўрацыі займаецца кампанія «КомплексЭнергаПраект», а заказнікам выступае фермерская гаспадарка «Краіна Скарбаў» (менавіта яны выкупілі аб’ект). Цяпер у сядзібе ідзе актыўная расчыстка тэрыторыі, акультурваньне парку і прыбярэжнай тэрыторыі. Хаця праект усё яшчэ знаходзіцца на стадыі рэалізацыі, і казаць пра завершаную рэстаўрацыю пакуль зарана, увага да сядзібы і пачатак рэстаўрацыйных работаў ёсць добрым знакам таго, што гістарычная каштоўнасць Опсы мае надзею на новае жыццё.
Ю. К., Budzma.org