Вандруем па Варшаве: 10 месцаў польскай сталіцы з беларускім акцэнтам

Варшава традыцыйна ўспрымаецца як цэнтр польскай дзяржаўнасці, аднак для беларускага мінулага гэты горад мае не меншае значэнне, чым Вільня ці Санкт-Пецярбург. Стагоддзі гісторыі шчыльна звязваюць беларусаў з палякамі: сумесная дзяржава, магнацкія роды, музыкі, пісьменнікі, вайскоўцы, навукоўцы... Сучасная польская сталіца захавала ў сабе адбіткі гэтага супольнага існавання. 

Прапануем адправіцца ў вандроўку па мясцінах, якія фармуюць беларускі ландшафт польскай сталіцы.

01-vokladka.jpg

1. Палац Радзівілаў-Пацаў на вуліцы Мядовай (ul. Miodowa 15)

Палац быў пабудаваны паміж 1681 і 1687 гадамі ў стылі барока на загад прадстаўніка найуплывовейшага магнацкага роду Вялікага Княства Літоўскага Дамініка Мікалая Радзівіла — сенатара і маршалка Найвышэйшага Трыбуналу ВКЛ. Палац знаходзіўсяў ва ўласнасці сям’і Радзівілаў да пачатку XIX стагоддзя. Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі часта наведваў палац. У 1823 годзе палац быў набыты генералам Людвікам Міхалам Пацам, для якога ён быў перабудаваны ў стылі класіцызму.

02-palac_pacau.pngБудынак палаца Радзівілаў-Пацаў. Фота: pl.wikipedia.org

Для беларусаў род Пацаў — гэта не толькі палітычны ўплыў, але і развіццё мастацтва. Менавіта тут захоўваліся калекцыі, што прэзентавалі эстэтыку нашай шляхты. Сёння будынак займае Міністэрства аховы здароўя Польшчы, але фрызы з выявамі антычных герояў (барэльеф «Тыт Фламінін абвяшчае свабоду грэцкіх гарадоў на гульнях у Карынфе») нагадваюць пра амбіцыі ліцвінскага роду.

03-brama_palacu_pacau.jpg
Брама з барэльефам з боку вуліцы Miodowa. Фота: pl.wikipedia.org

2. Варшаўскі ўніверсітэт (Krakowskie Przedmieście 26/28)

Універсітэт, заснаваны Аляксандрам І Раманавым у 1816 г., быў звязаны з вядомымі дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, навукоўцамі, палітычнымі дзеячамі.

04-ujazdnaja_brama.jpgУязная брама на тэрыторыю ўніверсітэта, пастаўленая на стагоддзе заснавання, у 1916 г.

05-kazimirauski_palac.jpgКолішні Казіміраўскі палац, цяпер будынак рэктарату

Ва ўніверсітэце ў 1928–1932 гг. беларускую мову выкладаў мовазнаўца, публіцыст і гісторык Ян Станкевіч.

У 1905–1910 гг. рэктарам тут быў вядомы беларускі лінгвіст і этнограф Яўхім Карскі, аўтар кнігі «Беларускі народ і яго мова». У 1893 г. Карскі паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі». Гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве. У тым жа годзе Карскі пачаў выкладаць расейскую мову ў Варшаўскім універсітэце, крыху пазней узначаліў кафедру расейскай і царкоўнаславянскай моваў і гісторыі расейскай літаратуры, і ўрэшце заняў пасаду рэктара. На якую, між іншым, абіраўся двойчы.

А на юрыдычным факультэце варшаўскага ўніверсітэта вучыўся Менахім Бегін — ураджэнец Берасця, колішні ізраільскі прэм’ер-міністр.

3. Касцёл Святога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў (Plac Trzech Krzyży)

Гэта сапраўды знакавае месца для беларусаў Варшавы. Беларускае каталіцкае душпастырства ў гэтым касцёле мае даволі даўнюю гісторыю, але новы імпульс яно атрымала пасля падзей 2020 года, калі хваля эміграцыі з Беларусі ў Польшчу значна вырасла.

Гэта не асобная парафія ў юрыдычным сэнсе, а душпастырства (duszpasterstwo) — супольнасць вернікаў, якая карыстаецца прасторай касцёла для набажэнстваў на беларускай мове. Гэта адно з нешматлікіх месцаў у Варшаве, дзе можна пачуць каталіцкую літургію менавіта па-беларуску.

10-kasciol_suczasny_vyhliad.jpgКасцёл Святога Аляксандра. Фота: polska-org.pl

Традыцыйна Святая Імша па-беларуску служыцца ў нядзелі (звычайна а 11:30 ці 13:00). Падчас набажэнстваў часта можна пабачыць нацыянальную сімволіку, а вернікі спяваюць беларускія рэлігійныя гімны, такія як «Магутны Божа».

4. Парафія Святога пакутніка Грыгорыя Перуадзэ (Puławska 114)

Капліца на Puławska 114 — гэта галоўнае месца для беларускіх праваслаўных вернікаў. Яна ўваходзіць у склад Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, але мае выразны беларускі характар. Набажэнствы тут праходзяць на беларускай мове (што для праваслаўя ў Польшчы хутчэй выключэнне, бо звычайна выкарыстоўваюцца царкоўнаславянская або польская). Капліца стала духоўным домам для тых, хто з’ехаў з Беларусі пасля 2020 года і шукаў менавіта беларускамоўнае праваслаўнае асяроддзе.

Гэтае месца не проста рэлігійная ўстанова, а сапраўдная супольнасць. Пасля службы тут часта ладзяцца лекцыі, сустрэчы, супольнае піццё гарбаты. Капліца месціцца ў будынку былой трамвайнай майстэрні ці дэпо. Пры парафіі дзейнічае хор, які выконвае візантыйскія і старажытныя беларускія спевы.

5. Палац Сапегаў (Zakroczymska 6)

11-palac_sapiehau.jpgПалац Сапегаў. Фота: pl.wikipedia.org

Палац быў пабудаваны ў 1731–1746 гг. у стылі барока для прадстаўніка аднаго з самых заможных і ўплывовых магнацкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім, вялікага канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі. Па ініцыятыве Яна Сапегі была створана Кодзенская галерэя партрэтаў Сапегаў, якая размяшчалася ў мясцовым касцёле і складалася з 70 партрэтаў роду Сапегаў. Ян Фрыдэрык быў аўтарам шэрагу твораў («Гісторыя шляхецкага жывапісу Кодзеня» і «Гістарычныя анатацыі»). 

Ян Сапега быў звязаны з нясвіжскімі Радзівіламі — ягонай жонкай была Канстанцыя Радзівіл, сястра Міхала Радзівіла «Рыбанькі».

6. Парк Рамуальда Траўгута (Park Traugutta)

12-park_trauhuta.pngПарк Рамуальда Траўгута. Фота: pl.wikipedia.org

Заснаваны ў 1920-х гг., парк у Варшаве быў названы ў гонар ураджэнца вёскі Шастакова на Берасцейшчыне Рамуальда Траўгута, якога палякі называюць «дыктатарам» (найвышэйшым кіраўніком) паўстання 1863 г. Для беларусаў Траўгут — не проста польскі генерал, а наш славуты зямляк. Аддзелы Траўгута 7 разоў наносілі паразу расейскім войскам падчас баёў на Берасцейшчыне, рабілі маланкавыя рэйды па Палессі.

Менавіта на тэрыторыі сучаснага парка (каля муроў Варшаўскай цытадэлі) 5 жніўня 1864 года Траўгут быў пакараны смерцю праз павешанне разам з іншымі паплечнікамі.

У варшаўскім парку ўсталяваны Крыж і памятны камень на месцы пакарання смерцю паўстанцаў. Для беларусаў Варшавы гэта традыцыйнае месца збору ў важныя даты (напрыклад, у гадавіну пачатку паўстання 1863 г.). Тут часта можна пабачыць бел-чырвона-белыя кветкі і знічкі.

7. Рынак Новага Места і касцёл Святога Казіміра (Rynek Nowego Miasta)

15-kasciol_sv_kazimira.jpgКасцёл Святога Казіміра

Гэты прыгожы касцёл у 1688 годзе фундавала каралева Марыя Казіміра, жонка славутага караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага.

З касцёлам таксама звязаны магнацкі род Радзівілаў. У 1740 г. на сродкі Радзівілаў быў пабудаваны кляштарны корпус у стылі барока, верагодна, дзякуючы ўступленню ў гэты ордэн Ганны Казіміры Петранелы Радзівіл. А ў 1850-х гг. у жаночай школе пры кляштары сакраментак навучалася вядомая польская паэтка, ураджэнка Гарадзеншчыны Эліза Ажэшка.

8. Музей Марыі Складоўскай-Кюры (Freta 16)

 
17-muzei_skladouskai_kuri.jpg Будынак музея Марыі Складоўскай-Кюры

Дом-музей выбітнай польскай і сусветнай навукоўкі, нобелеўскай лаўрэаткі і першаадкрывальніцы двух хімічных элементаў — радыя і палонія — Марыі Складоўскай-Кюры. Якім чынам выбітная польская навукоўка звязаная з беларускай тэмай? Хутчэй ускосна. Бо ейная цётка, Баляслава Складоўская, калісьці выратавала аднаго з найвядомейшых паўстанцкіх кіраўнікоў, удзельніка паўстання 1863 г. — Валера Урублеўскага.

Урублеўскі быў у рэдакцыйнай групе Каліноўскага і з’яўляецца адным з суаўтараў вядомай беларускай газеты «Мужыцкая праўда». Падчас баёў на Падляшшы Урублеўскі быў цяжка паранены. Яго кінулі на полі бою казакі, Баляслава Складоўская знайшла знявечанае цела Урублеўскага і выхадзіла яго ў сваім маёнтку. Пасля дапамагла яму перабрацца праз мяжу. Ён трапіў у Францыю, у Парыж, дзе потым узначаліў Парыжскую Камуну.

9. Месца гібелі Станіслава Булак-Балаховіча (Paryska 27)

Вярхоўны камандзір войскаў БНР, удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну генерал Булак-Балаховіч у міжваенны час жыў у варшаўскім раёне Saska Kępa па адрасе: ul. Zwycięzców 2.

У той час гэта быў элітны квартал, дзе сяліліся афіцэры, палітыкі і інтэлігенцыя. Генерал жыў тут у 1920-х і 1930-х гг. пасля таго, як ягонае войска было інтэрнавана, а сам ён асеў у Польшчы. Булак-Балаховіч актыўна займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У ягонай кватэры быў сапраўдны цэнтр прыцягнення для былых паплечнікаў і прадстаўнікоў беларускага і расейскага эмігранцкіх рухаў. Але памятная шыльда месціцца не на доме, дзе жыў генерал, а на вуліцы Paryska 27, на будынку праваслаўнай семінарыі.

20-pamiatnaia_szylda.png 
Памятная шыльда. Фота: pl.wikipedia.org

Менавіта каля гэтага дома 10 траўня 1940 года Булак-Балаховіч быў забіты ці то агентамі Гестапа, ці то савецкімі спецслужбоўцамі, што палявалі на яго за мяжой. Існуе версія, што ён спрабаваў аказаць супраціў пры затрыманні. Цела генерала не было знойдзена, але на варшаўскіх могілках Вайсковыя Павонзкі ёсць ягоная сімвалічная магіла.

21-symbalicznaia_magila_balachovicza.jpgСімвалічная магіла Булак-Балаховіча. Фота: pl.wikipedia.org

10. Дом Скаргі (Rynek Starego Miasta 2)

Калісьці гэтай камяніцай валодалі езуіты, якія перабудавалі дом ў пансіён, таму камяніца называлася «кляштарам». Мабыць, праз сувязь з езуіцкім ордэнам доўгі час дом лічыўся «домам Пятра Скаргі». Насамрэч ён не жыў у гэтым доме, але там бываў і працаваў. На доме дагэтуль ёсць ягоная выява, а да 1918 г. была яшчэ і памятная дошка Пятру Скаргу.

22-dom_skargi.jpg
Дом Скаргі

Пётр Скарга — царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы, адзін з ініцыятараў стварэння Полацкага езуіцкага калегіума. У 1580 г. ён разам з айцамі-езуітамі наведаў Полацак, пачаўшы працу па стварэнні ў горадзе калегіума. У далейшым Скарга працягваў курыраваць дзейнасць полацкіх езуітаў, неаднаразова наведваў горад і ў ліставанні з вышэйшымі прадстаўнікамі езуіцкай ерархіі рашуча абгрунтоўваў неабходнасць кадравай і матэрыяльнай падтрымкі заснаванага Стэфанам Баторыем калегіума. Скарга лічыцца першым рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума.

Цягам аднаго шпацыру цяжка наведаць усе беларускія месцы Варшавы, але пра немалую іх колькасць мы сёння расказалі. Працяг будзе!

Ю. Ш., Budzma.org