31 ліпеня адзначаецца чарговая дата ў гісторыі нашай радзімы. Ведаючы, што для некаторых дзеячаў у сучаснай Беларусі яе гісторыя пачынаецца з БССР, можна не сумнявацца, што гэтая дата не застанецца ў іх па-за ўвагай. Гаворка ідзе пра другое абвяшчэнне ССРБ. Што ўяўляла з сябе гэта рэспубліка на самай справе? І ці было ў Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусь нешта беларускае, апроч назвы?
Агітацыйны плакат ССРБ. Крыніца: left.by
Аднаўленне Савецкай Беларусі
12 ліпеня 1920 года была падпісана мірная дамова паміж Тарыбай, урадам буржуазнай Літоўскай рэспублікі, і РСФСР. Падпісанне такой дамовы дэ-юрэ спыняла існаванне Літоўска-Беларускай ССР, якая на самай справе, пасля акупацыі большай часткі тэрыторыі ЛітБел палякамі ў 1919 годзе, дэ-факта мінімум год як ужо не існавала. 30 ліпеня таго ж года на паседжанні «партыйна-арганізацыйнай тройкі па Менскай губерні» было разгледжана пытанне «Аб арганізацыі Беларускай рэспублікі». З пратакола паседжання вынікае, што рашэнне аб стварэнні Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ на той момант было ўжо прынята Мінскім губрэўкамам, які, у сваю чаргу, быў створаны Рэўваенсаветам Заходняга фронту 9 ліпеня 1920 года, напярэдадні ўступу Чырвонай Арміі ў Мінск. Не трэба занадта дзівіцца таму факту, што структура ніжэйшага ўзроўню — губрэўкам — стварала рэспубліканскі орган, які фармальна атрымаў статус вышэйшага органа ўлады на тэрыторыі рэспублікі. Для Мінскага губрэўкама і РВС Заходняга фронту гэтая акалічнасць не мела істотнага значэння, паколькі абедзве інстанцыі выконвалі рашэнне сапраўднага органа ўлады — пленума ЦК РКП(б). У выніку праведзеных ЦК Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі (КПЛіБ) перамоваў у склад ВРК увайшлі, акрамя літбелаўскіх камуністаў, прадстаўнік Беларускай камуністычнай арганізацыі Усевалад Ігнатоўскі і Бунда Арон Вайнштэйн, а ўзначаліць яго было даручана Аляксандру Чарвякову, які на той момант займаў пасаду наркама асветы Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Усевалад Ігнатоўскі. Крыніца: wikipedia.org
Планавалася запрасіць да ўдзелу таксама і некалькіх прадстаўнікоў ад беларускіх эсэраў, аднак паколькі апошнія не пагадзіліся з тэрытарыяльным аб’ёмам будучай Беларускай рэспублікі (знакамітыя шэсць паветаў тагачаснай Мінскай губерні), характарам яе ўрада і аграрнай палітыкі, то 31 ліпеня 1920 г. яна была аб’яўлена без іх.
Аляксандр Чарвякоў. Крыніца: wikipedia.org
Плюралізм па-бальшавіцку
Не варта перабольшваць той факт, што бальшавікі прыцягнулі да дзейнасці ВРК беларускія нацыянальныя партыі. Гэта была абмежаваная і кіраваная бальшавіцкім цэнтрам шматпартыйнасць, неабходная для ўмацавання сацыяльнай і палітычнай базы савецкай улады шляхам надання ёй мясцовага аблічча. Досвед такой «дазволенай» шматпартыйнасці ўжо быў апрабаваны ва Украіне, дзе падчас барацьбы з войскамі генерала Антона Дзянікіна ў 1919 г. бальшавікі часова дапусцілі да ўлады мясцовыя левыя партыі. Гэта дало свой плён: лягчэй стала «выцягваць» хлеб для Чырвонай Арміі і атрымліваць для яе папаўненне. Цяпер украінскі вопыт пераносіўся ў Беларусь.
Ды і сам свежаствораны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт складана назваць па-сапраўднаму беларускім нават з фармальнага пункту гледжання. Статус рэвалюцыйных камітэтаў, якім быў і ВРК ССРБ, рэгуляваўся «Палажэннем Усесаюзнага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета працоўнай і сялянскай абароны аб рэвалюцыйных камітэтах» ад 24 кастрычніка 1919 г. У адпаведнасці з ім «рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыях вызваленых ад непрыяцеля паселішчаў ствараліся ваеннымі Рэвваенсаветамі пры ўдзеле мясцовых органаў савецкай улады». Яны падпарадкоўваліся непасрэдна Рэўваенсавету, які стварыў іх, і адначасова «цэнтральнай савецкай уладзе» праз народныя камісарыяты, ад якіх атрымлівалі «цыркулярныя распараджэнні» па пытаннях сваёй практычнай дзейнасці і імі ж фінансаваліся.
З гэтага вынікае, што ВРК ССРБ быў надзвычайным органам расійскай бальшавіцкай улады на тэрыторыі Беларусі, для якога першай вышэйшай інстанцыяй быў Рэўваенсавет Заходняга фронту, які браў удзел у яго стварэнні і падпарадкоўваўся непасрэдна Маскве. Гэта пацвярджаецца шматлікімі фактамі падначаленага становішча ВРК ССРБ у дачыненні да Рэўваенсавета Заходняга фронту, калі амаль кожны крок беларускія камуністы павінны былі ўзгадняць з прадстаўнікамі ведамства Тухачэўскага. Названае «Палажэнне» рэгулявала і парадак згортвання дзейнасці рэўкама: «Пры далейшым прасоўванні Чырвонай Арміі і пры стварэнні магчымасці для звычайнай пабудовы мясцовых органаў улады, пастановай цэнтральнай улады ў мясцовасці, вызваленай ад непрыяцеля, прызначаюцца выбары на з’езды Саветаў або ў Саветы, выканаўчым камітэтам якіх пасля іх абрання рэвалюцыйныя камітэты перадаюць усе свае паўнамоцтвы, маёмасць і справы».
Думку аб залежным стане Беларускай рэспублікі ад Савецкай Расіі падзяляў знакаміты беларускі гісторык Язэп Аляксандравіч Юхо, які пісаў у свой час: «Адноўленая ... Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь на тэрыторыі шасці паветаў (уездаў) Мінскай губерні хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР.
...Аўтаномны характар адносін ССРБ з РСФСР асабліва яскрава выяўляўся ў эканамічных, вайсковых і дзяржаўна-палітычных адносінах. Рэспубліка не мела сваіх грошай і фінансавалася з бюджэту РСФСР; арміяй, чыгуначным транспартам, поштай і сувяззю кіравалі з РСФСР, яе заканадаўства дзейнічала і на тэрыторыі Беларусі».
Сцяг Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Крыніца: wikipedia.org
Поўны разварот
Маючы моцных канкурэнтаў у выглядзе партыі беларускіх эсэраў унутры краіны і ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі за мяжой, ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі быў вельмі зацікаўлены ў стварэнні няхай фармальных, але пастаянна дзеючых агульнабеларускіх органаў улады.
Для гэтага неабходна было правесці выбары ў мясцовыя Саветы і ў агульнабеларускі Савет працоўных, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. На працягу жніўня — верасня 1920 года ВРК ССРБ інтэнсіўна займаўся падрыхтоўкай выбараў. На сваім паседжанні 18 жніўня ён абмеркаваў пытанне «Выбары ў Мінскі савет і з’езд Саветаў Рэспублікі». У 4-м пункце прынятага рашэння гаварылася: «Адкрыццё з’езду Саветаў Рэспублікі прызначаецца паміж 15 кастрычніка і 1 лістапада гэтага года». Прыведзеная фармулёўка сведчыць, што прынцыповае рашэнне аб правядзенні Усебеларускага з’езду Саветаў, хутчэй за ўсё, было прынятае раней, а на паседжанні 18 жніўня быў толькі ўсталяваны прыкладны тэрмін склікання з’езду.
Аднак праз некалькі тыдняў здарылася непрадбачанае. 14 верасня 1920 г. Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту ССРБ прыйшлося раптоўна і тэрмінова прымаць рашэнне аб адмене выбараў ва Усебеларускі з’езд Саветаў адпаведна з распараджэннем Рэўваенсавета Заходняга фронту.
У чым жа была прычына такога хуткага адкату назад мясцовых камуністаў?
Прычыны гэтага трэба шукаць у палітычнай сферы. Прызначыўшы выбары, ВРК ССРБ, па-першае, перавысіў свае паўнамоцтвы і праявіў недапушчальную, па меркаванні маскоўскага ЦК, для мясцовых бальшавікоў свабоду. Гэтага было больш чым дастатковай падставай для асуджэння яго рашэння з боку вышэйшага кіраўніцтва. Акрамя таго, такое рашэнне выклікала крытыку з боку польскіх камуністаў, якія працавалі ў паліторганах Заходняга фронту і мелі свае ўяўленні аб тэрыторыі будучай Польскай савецкай рэспублікі. Аднак найбольш важнай прычынай быў рэзкі паварот у знешняй палітыцы Савецкай Расіі — ад дыктату з пазіцыі сілы на перамовах з Польшчай, якую яна займала да жніўня 1920 года, да палітыкі ўміратварэння ўрада Юзэфа Пілсудскага і «згодніцкага міру». Рашэнне аб гэтым павароце Палітбюро ЦК РКП(б) прыняло 1 верасня 1920 года пад уплывам цяжкай паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай і шэрагу няўдач у вайне з войскамі «белага» генерала Пятра Урангеля на поўдні. Цяпер знешнепалітычная дактрына, якая цалкам змянілася, прадугледжвала саступкі Польшчы амаль па ўсіх ключавых пытаннях. У такіх абставінах не пра якія выбары не магло быць і гаворкі.
Такім чынам, мы можам бачыць, што аб’яўленая ў ліпені 1920 года рэспубліка была на самай справе штучнай квазідзяржавай, цалкам залежнай ад Масквы, якую тая выкарыстоўвала ў сваіх эгаістычных мэтах. Пры гэтым з меркаваннем беларусаў ці нават беларускіх камуністаў ніхто не лічыўся.
Усе гэтыя шматлікія і часам не да канца зразумелыя маніпуляцыі бальшавіцкага ўрада з суб’ектнасцю Беларускай рэспублікі мелі вельмі негатыўныя наступствы для будучыні нашай краіны. Прыкрываючыся прыгожымі лозунгамі, бальшавікі наўпрост гандлявалі тэрыторыяй Беларусі ў залежнасці ад сваіх бягучых палітычных патрэбаў. У той час, калі пачынаўся вырашальны этап мірных перамоваў з Польшчай, Савецкая Беларусь засталася без сваіх прадстаўнічых органаў і юрыдычна не магла прэтэндаваць на ўдзел у перамовах у якой-небудзь хаця б нават фармальна самастойнай ролі.
Герб Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Крыніца: wikipedia.org
Ілля Дняпроўскі, budzma.org