Блогер і гід Глеб Ляпейка і дызайнерка Саша Мулінская выпусцілі першы беларускамоўны друкаваны гайд па Кракаве, паведамляе Most.
Гайд прапануе наведаць 44 месцы з сямі катэгорый: база, культура, ежа, кава, бары, экспірыенс і шопінг. Да кожнага дадаецца ёмкае апісанне ў 20 слоў, каб зэканоміць час чытача.

«Праца над гайдам ішла паўгода, — расказвае Глеб. — Канцэпцыя была гатовая ад самага пачатку і не змянілася. Але сама падрыхтоўка заняла доўгія месяцы: мы выбіралі вокладку з шматлікіх варыянтаў, тэставалі месцы для падборкі і рабілі пробнікі для сяброў, каб сабраць зваротную сувязь».
Аўтары ставілі за мэту стварыць візуальна прыемны і сучасны гайд, які стане добрым падарункам блізкім.
У гайд убудаваныя інтэрактывы: бінга на 12 па-сапраўднаму кракаўскіх актыўнасцей, якія можна заклеіць стыкерамі, пошук месца на гістарычным здымку 1942 года, крыжаванка і месцы для турыстычных пячатак ды ўласных нататак. Ёсць нават дазвол праліць каву на адну са старонак.
Беларускамоўны друкаваны гайд па Кракаве. Фота з архіва аўтараў праекта
У камплекце з друкаваным выданнем ідзе лічбавая версія: PDF для тэлефона і Google Maps з пазначанымі месцамі і 15 вартымі ўвагі пунктамі, якія не ўвайшлі ў асноўны спіс.
Купіць гайд па Кракаве можна па спасылцы.