Познань — утульны і спакойны горад на захадзе Польшчы з уражвальным гістарычным цэнтрам, цікавымі музеямі, самабытнымі раёнамі, атмасфернымі рэстарацыямі. У Познані ёсць тое, чаго не пачуеш у іншых польскіх гарадах, — унікальны дыялект, якім карыстаюцца толькі мясцовыя жыхары. Познаньцы любяць дранікі гэтак жа моцна, як беларусы — настолькі, што нават адкрылі музей «пыры», што ў перакладзе з познаньскага азначае «бульбы».
Беларуская дыяспара ў Познані нешматлікая, але моцная і дружная — ёсць фундацыі, творчыя прасторы, дабрачынныя ініцыятывы і нават хор, які спявае нашы песні. З чаго пачаць знаёмства з беларускай Познанню? Дзе сустрэць землякоў? Расказваем у гайдзе.
Познань, цэнтр горада
Фундацыі
Фундацыямі ў Польшчы называюць грамадскія арганізацыі, якія падтрымліваюць сацыяльныя ініцыятывы і дапамагаюць ладзіць дабрачынныя праекты.
Гэта хаб, які мае на мэце аб’яднаць беларусаў для абмеркавання культурных праектаў, пошуку інструментаў для іх рэалізацыі. Фундацыя займаецца развіццём беларускай культуры. Падтрымка творчага патэнцыялу беларусаў за мяжой — яшчэ адна галіна дзейнасці Інстытута.
Фундацыя актыўна падтрымлівае беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму з-за палітычнага пераследу, палітвязняў і іх сем’яў, рэпрэсаваных суайчыннікаў у Беларусі, якіх пазбавілі не толькі права на прафесію, але і на працу ўвогуле. Інстытут пашырае сувязі і супрацоўнічае з польскай грамадзянскай і культурнай супольнасцю.
Прапанаваць свае ідэі для супрацоўніцтва можна тут.
Канцэрт у гонар Тыдня беларускай культуры
Польская фундацыя, якая падтрымлівае беларусаў у Познані, дапамагае рэалізоўваць творчыя ідэі і прапаноўвае пляцоўку для правядзення беларускіх імпрэзаў, майстар-класаў для дзяцей і дарослых.
Важная культурная падзея прайшла сёлета ў траўні — разам з мясцовымі беларускімі актывістамі Barak Kultury адкрыла агульны для беларусаў, палякаў і ўкраінцаў дворык. Урачыстае адкрыццё прайшло ў фармаце дваровага чаявання — знакавай імпрэзы для беларусаў.
Беларускае дваровае чаяванне падчас адкрыцця агульнага дворыка
Актывісты захавалі найважнейшыя элементы беларускіх дваровых сходак і стварылі творчую інсталяцыю — бел-чырвона-белыя кветкі за кратамі, сімвал пратэстаў і рашучасці беларусаў, якія не страцілі сумленне і прагу да свабоды нягледзячы ні на што.
Інсталяцыя «Кветкі за кратамі» ад беларускіх актывістаў
Лекцыя Кацярыны Ваданосавай па беларускіх народных строях у Познані
Звязацца з фундацыяй можна праз Instagram.
Мульцікультурная фундацыя «Дзея»
Фундацыя «Дзея» займаецца арганізацыяй канцэртаў беларускіх артыстаў у Познані, стварае базу лакальных арт-праектаў, налажвае сувязі паміж творчымі асобамі і нішавымі арганізацыямі. Нядаўна «Дзея» паўдзельнічала ў правядзенні Тыдня беларускай культуры — з гэтай нагоды беларусы зладзілі вялікі канцэрт на галоўнай плошчы Познані.
Лекцыі па беларускай мове, паэтычныя вечары, арт-студыя для маленькіх беларусаў — такія імпрэзы праходзяць з дапамогай фундацыі KUT.
Творчы майстар-клас для дзяцей
Творчыя прасторы
MY — беларуская арт-пляцоўка, якая прыцягвае творчых беларусаў: мастакоў, паэтаў, музыкантаў. Тут арганізоўваюць выстаўкі, праводзяць камеральныя канцэрты, сустрэчы, спектаклі, лекцыі, паэтычныя батлы, майстар-класы, нядзельныя сняданкі, гульні. У MY можна паспрабаваць сапраўдныя беларускія дранікі і халаднік, пагутарыць з аднадумцамі — адчуць сябе як дома. Зараз творчая прастора працуе над стварэннем уласнага музычнага лэйбла MY, каб падтрымаць музыкантаў-землякоў.
Даведацца пра MY можна праз інтэрв’ю з адной з заснавальніц творчай прасторы Настай Валасевіч.
Адрас: Fredry 5/3a, 61-001 Poznań
Музычны вечар у MY
«Чырвоная малпа» — месца, дзе можна сустрэць новых сяброў-беларусаў, папрысутнічаць на цікавых імпрэзах. Бар стварыў праект «Раніцай у суботу» — серыю псіхалагічных сняданкаў для тых, каму цяжка знайсці сябе ў новай краіне.
Адрас: Strzelecka 20, 61-001 Poznań
Сяброўскія размовы ў бары «Чырвоная малпа»
Ініцыятывы
Беларускае агенцтва нерухомасці
Беларускае агенцтва нерухомасці дапамагае знайсці кватэру, пакой або дом пасля пераезду ў Познань. Супрацоўнікі дапамагаюць на ўсіх этапах пошуку жылля, падтрымліваюць тых, хто пераехаў у Познань праз палітычны пераслед у Беларусі, суправаджаюць на першых кроках за мяжой. Як выглядае працэс, можна даведацца па спасылцы.
Суботняя беларуская школа для дзяцей
Беларуская школа для дзяцей рознага ўзросту зараз набірае вучняў і пачынае афлайн-заняткі па суботах ў верасні. Яе стварылі па ўзоры суботняй Беларускай школкі ў Варшаве на базе Акадэміі Добрай Адукацыі, якая вядзе дзейнасць 12 школ і ўстаноў асветы ў Польшчы. Пачнуць выкладаць чатыры прадметы: беларускую мову і літаратуру, гісторыю Беларусі і маляванне. Да ініцыятывы далучылася шмат энтузіястаў, якія прапанавалі свае паслугі — верагодна, хутка пачнуцца заняткі па танцах і творчасці.
Атрымаць дадатковую інфармацыю пра беларускую школу ў Познані і запісацца на заняткі можна праз суполку ў Тэлеграме «Познань | Беларуская школка».
Тут месціцца беларуская школа Познані
Познаньскі спеўны сход — беларускі хор, да якога могуць далучацца тыя, хто ўмее спяваць, мае жаданне сустракацца і любоў да роднай музыкі: хор спявае каверы на N. R. M., «Ляпіса Трубяцкога» і іншыя гурты. У рэпертуары таксама прысутнічаюць «Пагоня» і «Купалінка». Спевамі Познаньскага сходу найчасцей адкрываюцца беларускія імпрэзы ў Познані — удзельнікі хора запрашаюць гасцей спяваць годныя песні разам.
Выступленне Познаньскага спеўнага сходу на plac Wolności, Познань
Беларускі размоўны клуб у Познані збірае тых, хто жадае навучыцца размаўляць па-беларуску, папулярызаваць матчыну мову, узмацаваць дыяспару. «Не важна, які ўзровень мовы вы маеце, важна жаданне і упартасць», — лічаць арганізатары. Удзельнікі абмяркоўваюць правілы беларускай мовы, перапісваюцца ў чаце суполкі, сустракаюцца афлайн, разам наведваюць імпрэзы.
Супольнасць беларусаў-каталікоў у Познані
Супольнасць беларусаў-каталікоў праводзіць імшы ў касцёле на беларускай мове, развіваюць духоўнае жыццё дыяспары ў Познані.
Інфападтрымка
Чат у Тэлеграме Беларусы Познані, створаны для аб’яднання беларускай дыяспары, абмеркавання розных пытанняў, дапамогі беларусам. Інтэрв’ю з заснавальнікам беларускай суполкі можна прачытаць тут.
Ёсць старонка беларусаў Познані ў Instagram — тут публікуюць афішу цікавых мерапрыемстваў горада, навіны, агульную інфармацыю пра Польшчу.
Канал BelPoznan з важнымі навінамі Беларусі і Польшчы знаходзіцца па спасылцы.
Дошка прыватных аб’яваў — тут. Аб’яву сваіх тавараў і паслуг можна даслаць праз бот, і яна хутка з’явіцца на канале.
*Выкарыстаны фотаздымкі з уласных архіваў
Таццяна Краўчанка, budzma. org
Чытайце яшчэ:
Гайд па беларускім Уроцлаве: пляцоўкі, ініцыятывы, інфападтрымка
Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
Гайд па беларускім Беластоку: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
Гайд па беларускай Варшаве: пляцоўкі, ініцыятывы, інфападтрымка
Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі