Віртуальныя туры ці экскурсіі ў Беларусі — гэта па шчырасці боль. Здаецца, падчас пандэміі самае тое было развіваць гэты накірунак — сусветныя музеі ды галерэі менавіта на гэта і кінулі свае высілкі падчас лакдаўну. Але беларускія музеі — не.
Што праўда, падчас другой кавіднай хвалі на сайце Міністэрства культуры з’явілася нават спасылка на спіс установаў з віртуальнымі турамі і экспазіцыямі, але нешта пайшло не так і зараз яе няма.
Пэўна, бюджэты музеяў не дазваляюць зрабіць якасныя і паўнавартасныя туры. Туры пра генацыд беларускага народу і год народнага адзінства пад увагу не бярэм — гэта з’явы іншага парадку, мала датычныя да мастацтва.
Што да таго, што маецца, то гэта туры больш падобныя на карцінкі з пачатковай інтэрнэт-эры: тэкст, фота, зрэдку даддзены аўдыязапіс ці спасылка на ролік на YouTube. Панарама, 360 градусаў, павелічэнне дэталяў, як, прыкладам, у Mauritshuis у Гаазе ці ў афінскім музеі Бенакі, — гэта не пра Беларусь. Ды і Google Arts & Culture наўрад ці гатовы да супрацы і дапамогі падсанкцыйнай краіны.
Дык што ж можна паглядзець, не выходзячы з дому, у беларускай віртуальнай музейнай прасторы? Budzma.org сабрала колькі экспазіцый, якія намагаюцца стаць віртуальнымі.
1. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі
Пачнем з галоўнай арт-установы краіны — Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі.
Віртуальныя туры тут называюцца online матэрыялы. Выстава Бялыніцкага-Бірулі навата абяцае дапоўненую рэальнасць — сняжок ідзе, конь іржэ і г.д..
Можна паглядзець і паслухаць лекцыю архітэктаркі Галіны Левінай пра стварэнне мемарыяльнага комплексу Хатынь.
Ці даведацца пра «Вернутыя шэдэўры» альбо паглядзець на Якуба Коласа, «які глядзіць на нас».
Большасць анлайн-выставаў, як прыкладам «Рэквіем. Серыя афортаў і літаграфій «Мінскае гета» Лазара Рана — гэта насамрэч тэкст ад мастацтвазнаўцы плюс фота твораў.
2. Нацыянальны гістарычны музей
Нацыянальны гістарычны музей мае свой канал на YouTube, які змяшчае 48 розных відэа.
У рубрыцы «Віртуальныя туры» чатыры ролікі, але дзве спасылкі «бітыя». Застаюцца «#Дакладнасць. Свет ваенных тапографаў» і «Беларусь і беларусы». Яны сапраўды падобныя (асабліва пра тапографаў) на віртуальныя экскурсіі ў сучасным разуменні.
3. Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку
Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку у сваёй віртуальнай выставачнай залі прапаноўвае толькі дзве выставы: «... которые естесьмо розни в вере, покой межы собою заховати...» (да 450-годдзя акта аб верацярпімасці) і «Ёсць адна песня песняў — пра Радзіму» (да 110-годдзя Максіма Танка). І там, і там — тэкст плюс фатаграфіі.
4. Музей Якуба Коласа
Музей Якуба Коласа анлайн-актыўны толькі ў YouTube — 65 відэа.
5. Музей Янкі Купалы
Музей Янкі Купалы ёсць у YouTube — толькі 5 відэа, а таксама ў Instagram.
6. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Мае дзясяткі два віртуальных выставаў да юбілеяў знаных паэтаў і пісьменнікаў. Гэта тэкст і фота, часам дадаецца аўдыё.
7. Музей-запаведнік Нясвіж
Музей-запаведнік Нясвіж не парушае беларускіх традыцый, ягоныя віртуальныя выставы зноў жа канцэнтруюцца на тэксце і фатаграфіях.
8. Музей беларускай маляванкі
Нядаўна адкрыты ў Заслаўі Музей беларускай маляванкі мае свій віртуальны тур. Ён працуе ў рэжыме аўта-плэй, тут няма магчымасці кіраваць працэсам і набліжаць музейныя экспанаты, каб лепш іх разгледзець. Тым не менш віртуальны тур зроблены даволі якасна і сапраўды дае добрае ўяўленне пра музейныя залы.
Таксама ёсць магчымасць азнаёміцца з творамі Алены Кіш і Язэпа Драздовіча праз фота ў добрай якасці, пачытаць, паглядзець фільмы пра іх.
Фільм пра Алену Кіш
Фільм пра Драздовіча
9. Музей Мірскага замка
На сайце музея Мірскі замак ёсць тры віртуальныя экскурсіі ў выглядзе ролікаў на YouTube.
10. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
Сярод рэгіянальных музеяў вылучаецца Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Тут 16 віртуальных экскурсій, прычым зробленых па агульнапрынятаму канону — панарама, дэталі і г.д. Што праўда, большая частка з іх (дарэчы, гэта тычыцца шмат якіх беларускіх музеяў) — на рускай мове. Прасунутасць раённага музея, пэўна, тлумачыцца тым, што віртуальны музейны дадатак створаны «ў рамках праекта „Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь“, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН)». З нядаўніх часоў па зразумелых прычынах супраца ЕС і ПРААН з такімі праектамі прыпыненая. На жаль, падобных віртуальных экскурсій у суседніх раёнах у межах праекту стварыць не паспелі.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org