Беларускі дудар Віталь Воранаў узяў удзел у стварэнні саўндтрэка да польскага фільма «Chłopi»

Папулярны ў Польшчы фільм«Chłopi» захапляе сваімі анімацыйнымі карцінамі ў спалучэнні з кінамузыкай, выкананай выключна на аўтэнтычных народных інструментах. Беларускі музыка, пісьменнік і перакладчык Віталь Воранаў браў удзел у стварэнні саўндтрэка да фільма: ён граў на беларускай дудзе ў песні «Zapusty».



«Zapusty» — песня з саўндтрэка да фільма. Гэтая трансавая песня адсылае да карнавалу — калейдаскопа маскарадаў, танцавальнага вар’яцтва і карнавальнай распусты. Віталя Воранава спецыяльным госцем з Беларусі запрасілі ўзяць удзел у запісе песні.

Віталь Воранаў
Віталь Воранаў, фота: Беларускае Радыё Рацыя

Віталь Воранаў — беларускі пісьменнік, перакладчык, выдавец, музыка і даследчык. Ён займаецца папулярызацыяй беларускай дуды.

Як і большасць дудароў яго пакалення, ён не прафесійны музыкант, хоць выступаў сольна і ў складзе гурта «Рэй» са скрыпачкай Ульянай Гедзік на фестывалях у Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Партугаліі і Харватыі.

Разам з брыт-поп-гуртом Hair Peace Salon Віталь Воранаў браў удзел у музычных праектах «Тузін. Перазагрузка» — пераклаў на беларускую мову тэкст песні «Студзень» (Ice Age), «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» з літаратурным перакладам словаў песьні «Цянькі» (Gipsy). Таксама працаваў з калектывам Atlantica, Tanin Jazz і іншымі.

фільм "Chlopi"

«Chłopi» — экранізацыя аднайменнага рамана Уладзіслава Рэймонта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі, якая паказвае кругазварот вясковага жыцця канца ХІХ стагоддзя. На фоне змены пораў года і сезонных палявых работ разгортваецца лёс сям’і Барына і прыгожай, загадкавай Ягны.

У фільме выкарыстоўваецца жывапісная анімацыйная тэхніка, якая заваявала сэрцы фанатаў па ўсім свеце папярэдняй пастаноўкай студыі — «Twój Vincent». Тэхніка кінаанімацыі падоўжыла працэс стварэння фільма прыкладна з двух гадоў да больш чым пяці. Раней запісаны перад камерай матэрыял быў перамаляваны алейнымі фарбамі на палатне. Гэта дазволіла паказаць польскую класічную літаратуру ў зусім новым святле, падкрэсліўшы яе пазачасавасць, жывапіснасць і тонкія чалавечыя пачуцці.

Фільм "Chlopi"
Кадр з фільма «Chłopi» 

Фільм «Chłopi» атрымаў чатыры ўзнагароды на Фестывалі польскага ігравога кіно, у тым ліку спецыяльную ўзнагароду журы і ўзнагароду фаварыта гледачоў. Музычны рэжысёр фільма Лукаш L.U.C. Расткоўскі з Rebel Babel Film Orchestra атрымаў «Залатую пласцінку». Таксама фільм быў прадстаўлены як польскі кандыдат на прэмію «Оскар» за лепшы міжнародны мастацкі фільм, але не атрымаў намінацыі.

Чытайце яшчэ:

Віталь Воранаў: вучыўся граць на дудзе па Скайпе, напісаў кнігу і заснаваў фестываль