Гісторыя Міколы Целеша — адна з тых, у якіх шмат белых плямаў, недагаворанасцяў і пытанняў без адказу. Быў ён чалавекам ціхім і замкнёным, пісаў пра прыроду і простых людзей, перажыў дзве вайны, два лагеры і два шлюбы — і аднойчы проста не вярнуўся дадому. Цела і партфель з рукапісамі, што быў пры ім, знайшлі праз пятнаццаць гадоў, але дакладна ідэнтыфікаваць, што гэта менавіта Мікола Целеш, змаглі толькі праз паўстагоддзя.
Расказваем пра пакручасты лёс беларускага пісьменніка Міколы Целеша, загадку яго знікнення і запозненае вяртанне ў літаратуру.

Фота з Вікіпедыі
Нарадзіўся Мікола 25 ліпеня 1900 года ў вёсцы Заазер’е Барысаўскага павета — сёння гэта Лепельскі раён Віцебскай вобласці. Быў звычайным вясковым хлопцам, вучыўся ў мясцовай школе, пазней трапіў у Бялыніцкае народнае вучылішча. Там правучыўся да самага пачатку Першай сусветнай вайны. Калі бацьку забралі ў войска, Міколу давялося вяртацца дахаты: гаспадарка без мужчынскіх рук не магла абысціся.
Як і тысячы беларусаў таго часу, сям’я апынулася ва ўцякацтве. Лёс закінуў іх у Варонеж. Мікола працаваў на пошце, потым пераехаў на Кацярынаслаўшчыну. У 1919 годзе быў мабілізаваны ў Чырвоную армію.
Служба далася яму цяжка. Ён двойчы перахварэў на тыфус і вярнуўся з яе ў 1922 годзе такім знясіленым, што бацькі ледзь пазналі свайго сына.
Пачаўся мінскі перыяд жыцця Міколы Целеша. Ён пасяліўся ў сталіцы і паступова ўвайшоў у літаратуру. Друкавацца стаў прыкладна з канца 1920-х гадоў. Асабліва блізкай яму была тэма беларускай прыроды і вясковага жыцця. Доўгі час ён супрацоўнічаў з часопісам «Паляўнічы Беларусі», шмат пісаў для дзяцей. У 1931 годзе выйшлі «Апавяданні паляўнічага», пасля — «Са стрэльбай і сабакам». Найбольш вядомай стала кніга «Курылка: запісы вучня царкоўна-прыхадской школы», якая нават перавыдавалася. У 1940 годзе выйшаў яго пераклад кнігі Віталя Біянкі «Лясная газета на кожны год».


Ілюстрацыі Генадзя Змудзінскага да апавядання М. Цэлеша «Людзі, зверы, птахі», надрукаванага ў часопісе «Паляўнічы Беларусі», № 3 за 1930
Падчас нямецкай акупацыі Мікола Целеш працаваў у «Беларускай газеце». Побач з ім былі Наталля Арсеннева і Уладзімір Дудзіцкі. Для яго творчасці гэта быў даволі плённы час. У 1943 годзе пад псеўданімам Лясун ён выдаў кнігу «На крыжы».
Да вайны ён паспеў стварыць сям’ю. У першым шлюбе нарадзіліся два сыны: Леанід і Анатоль. Але шлюб не захаваўся. Пасля вайны сыны засталіся ў Беларусі — і сувязь з бацькам амаль абарвалася.
Яшчэ перад вайной Целеш ажаніўся другі раз. Яго жонка была польскага паходжання і прыкладна на дваццаць гадоў маладзейшая. У ліпені 1941 года ў іх нарадзілася дачка Слава.
Напрыканцы вайны сям’я ледзь не распалася канчаткова. Мікола апынуўся ў адным працоўным лагеры ў Германіі, жонка з маленькай дачкой — у іншым. Некаторы час яны адно пра аднаго нават не ведалі, ці жывыя. Толькі перад самым заканчэннем вайны ім удалося знайсціся.
Апошнім лагерам перамешчаных асобаў для Целеша стаў Розэнгайм. Там яго дачка вучылася ў беларускай школе, а кампазітар Мікола Куліковіч вучыў яе граць на скрыпцы.
У 1950 годзе сям’я выправілася за акіян. Амерыка аказалася для Целеша не краінай хуткага поспеху, а цяжкай фізічнай працы. Міколу было ўжо пяцьдзясят гадоў. Англійскай мовы ён не ведаў. У лістах таго часу адчуваецца яго расчараванне. Ён пісаў, што ехаў з вялікімі надзеямі — і яны не апраўдаліся. Грошай увесь час бракавала.
Пры гэтым ён ніколі не пакідаў літаратуры. Сам распавядаў, што нават калі прыбіваў дахоўку, раптам яму магла прыйсці ў галаву цікавая думка для апавядання. Тады ён адкладаў малаток, хутка занатоўваў яе на паперцы — і толькі пасля вяртаўся да працы.
У 1952 годзе яму выпала ўдача: Калумбійскі ўніверсітэт прызначыў стыпендыі некалькім беларускім творцам, і Целеш атрымаў адну з іх. Але праз некалькі гадоў давялося зноў вярнуцца да цяжкай фізічнай працы.
Тым не менш яго творы працягвалі выходзіць. Ён друкаваўся ў беларускіх эміграцыйных газетах «Беларус» і «Бацькаўшчына», яго апавяданні гучалі ў эфіры «Голасу Амерыкі». З цягам часу Мікола Целеш набыў дом у нью-ёркскім раёне Флашынг, працаваў у «Новым рускім слове», падпрацоўваў на «Радыё Свабода».
У 1965 годзе выдаў кнігу «Дзесяць апавяданняў» — магчыма, нават за ўласныя грошы. У гэтай прозе быў увесь яго жыццёвы досвед: беларуская вёска, калектывізацыя, рэпрэсіі, лёс простых людзей.
Грамадскім лідарам ён не быў. Людзі ўспаміналі Целеша як чалавека замкнёнага і нешматслоўнага. Ён падтрымліваў адносіны з Юркам Віцьбічам, Вітаўтам Тумашам, Міколам Паньковым — але ў цэлым трымаўся асобна ад эміграцыйных спрэчак і канфліктаў.
У сярэдзіне 1970-х гадоў ён ужо жыў адзін у невялікім гарадку Порт-Джарвіс на поўначы ад Нью-Ёрка. З жонкай даўно разышліся. Апошнія творы друкаваліся вельмі рэдка, але нават тады ён працягваў працаваць над новымі рукапісамі.
У снежні 1975 года Целеш напісаў Вітаўту Тумашу, што падрыхтаваў новы зборнік апавяданняў і неўзабаве вышле яго. У тым жа лісце нечакана дадаў: калі з ім нешта здарыцца — трэба звяртацца да яго дачкі Кэрал, так у Амерыцы называлі яго старэйшую дачку Славу.
Праз некалькі месяцаў гэтыя словы выглядалі як прадчуванне.
У 1976 годзе Мікола Целеш паехаў па справах у Нью-Ёрк. З сабой узяў партфель з рукапісамі. Дадому ён ужо не вярнуўся.
Пачаліся пошукі. Дачка месяцамі хадзіла ў паліцыю, праглядала здымкі неапазнаных людзей. У 1979 годзе нават паехала ў Савецкую Беларусь, каб праверыць, ці не вярнуўся бацька на радзіму. На мяжы яе дапытвалі супрацоўнікі спецслужбаў. Калі вярнулася ў ЗША — пытанні задавалі ўжо агенты ФБР.
Адна з версій знікнення ўказвала на магчымую ролю савецкіх спецслужбаў. Вядома, што яшчэ раней да Целеша прыязджалі людзі, якія ўгаворвалі яго вярнуцца ў БССР. Некалькі разоў сустракаўся з ім і Максім Танк.
Целеш нават перадаў праз яго спіс умоў, пры якіх згадзіўся б вярнуцца: незалежнасць Беларусі, ліквідацыя таталітарнай сістэмы, вызваленне краіны ад расійскага ўплыву.
Іншыя лічылі, што здарылася трагічная выпадковасць.
Яшчэ ў 1991 годзе недалёка ад Порт-Джарвіса падчас чысткі сажалкі было знойдзена цела невядомага мужчыны. Тады яго не змаглі апазнаць. Амаль трыццаць гадоў парэшткі захоўваліся без імя. Толькі аналіз ДНК дазволіў высветліць праўду: гэта быў Мікола Целеш. Побач знайшлі і той самы партфель з паперамі. Але вада знішчыла значную частку рукапісаў.
Якім чынам чалавек, які не меў аўтамабіля, апынуўся ў аддаленай мясцовасці? Чаму загінуў? Быў гэта няшчасны выпадак — ці нешта іншае?

Труна Міколы Целеша перад пахаваннем 24 кастрычніка 2025 года. Фота Наталлі Гардзіенка (фэйсбук)
У кастрычніку 2025 года Міколу Целеша нарэшце пахавалі на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку. Сімвалічна, што на пахаванні гучаў твор «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай — яго былой калегі па «Беларускай газеце».
Чалавек, які амаль паўстагоддзя лічыўся зніклым, урэшце вярнуўся — не толькі да сваёй сям’і, але і ў гісторыю беларускай літаратуры.
Артыкул падрыхтаваны паводле анлайн-лекцыі даследчыцы эміграцыі Наталлі Гардзіенкі «Загадкавыя зьнікненьні й сэнсацыйныя знаходкі — лёсы беларускіх пісьменьнікаў у ЗША».
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org