Свой сённяшні выгляд і таямніча-рамантычную атмасферу старыя гродзенскія могілкі на Антонава (і каталіцкія фарныя, і суседнія праваслаўныя) атрымалі ў канцы XIX стагоддзя — і шмат у чым дзякуючы аднаму чалавеку. Скульптар і разьбяр Баляслаў Шышкевіч пражыў усяго 29 гадоў, але паспеў стварыць для гродзенскага некропаля дзясяткі помнікаў, кожны з якіх — твор мастацтва. А пачалася яго праца ў Гродне з... даносу, піша «Hrodna 11:27».
Магіла Баляслава Шышкевіча. Фота: poshyk.info
Баляслаў Шышкевіч быў шляхціцам з Ваўкавыскага павету. Ён прыехаў у Гродна ў 1886 годзе, калі меў 22 гады, і адкрыў сваю скульптурную майстэрню, дзе спачатку працаваў адзін. Размясціў яе на вуліцы Ерусалімскай — акурат па дарозе на могілкі. І ўжо ў першыя месяцы дзейнасці сутыкнуўся з жорсткай рэакцыя мясцовых майстроў, якім прыезджы малады і паспяховы шляхцюк быў як косць у горле.
Працы Шышкевіча адзначаліся якасцю і дбайнасцю пра дэталі, а мастацкі ўзровень быў на галаву вышэйшы за мясцовых канкурэнтаў. Зрэшты, Баляслаў быў сапраўдным мастаком, у адрозненне ад іншых тагачасных аўтараў помнікаў, якія гуртаваліся ў цэху муляроў і печнікоў. Менавіта яны паскардзіліся ў губернскае праўленне, што малады разьбяр не мае правоў майстра, а значыць павінен, як кожны іншы рамеснік, уступіць у цэх. Але ў Гродне не было цэху разьбяроў і скульптараў, таму яны прапанавалі прымусіць Шышкевіча ўступіць у іхны цэх муляроў, бо, маўляў, праца мастака не надта ад мулярскай адрозніваецца.
Сэнс быў у тым, каб забараніць прыезджаму «выскачку» падпісваць свае працы і выкарыстоўваць сваё прозвішча ў рэкламе, пакуль ён не здасць цэхавы экзамен. Зразумела, што зрабіць гэта яму было б вельмі складана, бо ўвесь цэх быў супраць яго. Так зайздроснікі хацелі знішчыць новаствораны брэнд і перашкодзіць Шышкевічу прывабліваць новых кліентаў.
Але малады скульптар усіх перайграў. Ён сам, пакуль скарга не дайшла да праўлення, звярнуўся да гродзенскага губернатара Аляксандра Пацёмкіна з тлумачэннем, што ніяк не можа належаць да цэху муляроў. Маўляў, ён мастак, а не каменшчык. Цэха мастацтваў у Гродне не было, бо не было мінімальнай колькасці адпаведных спецыялістаў (трэба было сабраць пяць чалавек). Гэта значыць, у той час у Гродне амаль не было прафесійных скульптараў. Так Шышкевіч абараніў сваё права на прафесію.
Невядома, дзе Шышкевіча атрымаў мастацкую адукацыю. У звычайнай школе вучыўся ён кепска. Гэта была Ваўкавыская павятовая школа, куды ён паступіў у 1874 годзе. У 1877-м ён не перайшоў у наступны клас, а праз год яго адлічылі. Верагодна, гэта было звязана не толькі са слабым навучаннем, але і з кепскім здароўем. Захавалася ягонае школьнае пасведчанне, дзе ацэнкі былі даволі сярэднімі: «выдатна» ён атрымаў толькі па каліграфіі, «добра» па маляванні, з геаметрыя і арыфметыкай былі праблемы — «задавальняюча» і «нездавальняюча» адпаведна.
Невядома, дзе ён быў наступныя 8 гадоў. Але дакладна атрымаў нейкую адукацыю ў сферы скульптуры. Калі гэта было не акадэмія, то значыць ён практыкаваўся ў майстэрні нейкага тагачаснага выдатнага спецыяліста. Пра гэта сведчыць і прафесійны падыход да матэрыялу, і свядомае выкарыстанне модных тады элементаў так званай могілкавай архітэктуры, веданне могілкавых матываў і сімволікі. У любым выпадку, ён мусіў мець дакумент аб адукацыі, на які спасылаўся ў лісце да губернатара. Варыянт, што ён быў геніяльным самавукам, адпадае — занадта глыбокімі і дакладна не правінцыйнымі былі яго веды пра тагачасную сімволіку некропаляў.
Гісторык Юрый Гардзееў і літаратура- і мастацтвазнаўца Яцак Розмус яшчэ ў 1999 годзе высунулі версію, што Шышкевіч мог вучыцца ў каго-небудзь з віленскіх майстроў. Яны меркавалі, што гэта магла быць майстэрня Блажэйчыкаў, дзе стваралі помнікі, падобныя да прац Шышкевіча.
У 1887 годзе Баляслаў Шышкевіч ажаніўся з маладзейшай на год Раманай Марыяй Пратасовіч. Справы ішлі добра, колькасць заказаў павялічвалася, а неўзабаве Шышкевіч атрымаў тытул спадчыннага Ганаровага грамадзяніна горада Гродна.
Але шчасце маладога здольнага творцы не было доўгім. У верасні 1893 года, ва ўзросце 29 гадоў, Шышкевіч памёр ад сухотаў. Ён яшчэ паспеў выканаць помнік для сябе самога на сямейным пахаванні на гродзенскіх старых могілках. Дзякуючы барэльефу на помніку мы ведаем, як выглядаў самы знакаміты скульптар Гродна канца XIX ст.
Помнік на магіле Баляслава Шышкевіча. Фота: svisgaz.by
Удава вяла сямейны бізнес яшчэ 14 гадоў. Па стане на 1896 год фірмы Раманы Шышкевіч даваў працу сямі супрацоўнікам — і яны ў сваіх працах працягвалі мастацкую традыцыю і падыход свайго рана памерлага кіраўніка.

Для іншых Шышкевіч рабіў помнікі ў больш рамантычным стылі, а для сябе запраектаваў даволі класічны помнік. Ён спланаваў яго як невялікі маўзалей, які б захоўваў памяць пра розныя пакаленні Шышкевічаў, у тым ліку пра тых, хто насамрэч пахаваны ў іншых месцах. Фота: graves.by
Апошнія звесткі пра майстэрню Шышкевічаў паходзяць з 1907 года. У той час у майстэрні зрабілі, напрыклад, намагільны помнік сям’і Кунцаў на цэнтральнай алеі могілак (Юзаф Кунц быў стваральнікам гродзенскага бровара і памёр акурат у 1907 годзе).
Помнік на магіле Кунцаў на старых каталіцкіх могілках у Гродне. Фота: graves.by
Агулам з майстэрні Шышкевічаў паходзіць некалькі дзясяткаў помнікаў на гродзенскіх могілках — яны звычайна падпісаныя прозвішчам сям’і. Магчыма, ягоныя працы куплялі і віленчукі — бо вельмі падобныя стылістычна працы ёсць на знакамітых могілках Росы. Але фірма выконвала заказы і для кліентаў з меншых мясцовасцяў. Напрыклад, на могілках у Свіслачы ёсць два помнікі, выкананыя ўжо ў апошнія гады існавання гродзенскай фірмы.

Помнік з майстэрні Шышкевічаў на могілках у Свіслачы. Фота: svisgaz.by
Магчыма, самай прыгожай працай Шышкевіча з’яўляецца помнік на магіле чыноўніка Якава Памеранскага на гродзенскіх старых праваслаўных могілках. Яго адметнасць — зробленая з вялікай колькасцю дэталяў фігура плакальшчыцы. Зараз яе галава страчана, але лічыцца, што Шышкевіч мог выкарыстоўваць не стандартны твар з каталогу, а рэальную гродзенку ў якасці мадэлі.
Помнік на магіле Памеранскага на старых праваслаўных могілках у Гродне

Помнік на магіле Памеранскага на старых праваслаўных могілках у Гродне. Фота svisgaz.by
Большасць помнікаў майстэрні Шышкевіча гэта скульптуры з пясчаніку. Асабліва мастак любіў раслінныя матывы, праз што ягоныя працы часта называюць «каменнымі садамі». Найчасцей ён ствараў так званыя «скалкі» — кампазіцыі, якія імітавалі нагрувашчанне камянёў, на якіх «вырастаў» крыж у выглядзе дрэва са спілаванымі галінамі.
Пратасовічы былі цясцямі Шышкевіча. Помнік на іх магіле — з пясчаніку ў выглядзе пячоры. Тут бачная спецыфіка творчасці Шышкевіча: ён уводзіў мясцовыя расліны замест паўднёвых. Напрыклад, папулярны ў хрысціянстве акант ён замяняў плюшчом. Крыжы на «скалках», хоць і каменныя, а выглядаюць як бярозы.
Магіла Пратасовічаў на старых могілках у Гродне. Створана Баляславам Шышкевічам. Фота: graves.by
Яшчэ адзін прыклад «каменнага саду». Помнік цікавы тым, што з’яўляецца двухбаковым. Папараць і плюшч сімвалізуюць пераход душы чалавека ў расліну на магіле — было такое антычнае павер’е, якое знайшло сваё месца ў «могілкавай модзе» XIX ст.
Помнік на магіле Трускоўскіх на старых каталіцкіх могілках у Гродне. Фота: graves.by
Вільгельм Веверн быў генерал-лейтэнантам расійскай артылерыі. Таму магіла аздоблена вайсковай сімволікай і нават сімвалічнай падушачкай з узнагародамі генерала.
Помнік на магіле Веверна на старых каталіцкіх могілках у Гродне. Фота: graves.by
Станіслаў Холснер — падпалкоўнік, камандзір батальёна. Якар на магіле — папулярны хрысціянскі сімвал надзеі.
Помнік на магіле Холснера на старых каталіцкіх могілках у Гродне. Фота: graves.by
Цікава, што прадукцыю фірмы Шышкевіча можна знайсці ў Гродне не толькі на могілках. Майстэрня рабіла таксама мемарыяльныя дошкі. Дзве табліцы ў гонар загінуўшых у руска-японскай вайне вайскоўцаў, якія вісяць у Свята-Пакроўскім саборы на вуліцы Ажэшкі — акурат работа гэтай майстэрні.