«Мастацтва ў Беларусі яшчэ выбухне напоўніцу». Размова з мастачкай Кацярынай Еўдакімавай

Яна ладзіць выставы пра палітвязняў, ілюструе кнігі, робіць драўляныя цацкі і збірае вакол сябе цэлыя сусветы. Пра мастацтва без межаў, беларускую культурную супольнасць у эміграцыі і асабістыя сімвалы свабоды Кацярына Еўдакімава расказала ў інтэрв’ю Budzma.

Kaciaryna Jeŭdakimava

— Каця, у чым асаблівасць вашага мастацтва?

— Пра гэта лепш спытаць у людзей, якія за ім сочаць. Але калі казаць пра метады маёй працы, то я належу да катэгорыі мультыдысцыплінарных мастакоў. І для кожнай тэмы, з якой я працую, падбіраю свой матэрыял.

Таму калі я закранаю нейкую тэму, то ствараю серыю работ і выкарыстоўваю розныя матэрыялы. Напрыклад, калі працую з тэмай мацярынства, выкарыстоўваю пяшчотны акварэльны жывапіс, гэта будуць паўтоны, такая вось расплывістая фарба. Дарэчы, гэтую серыю прац я зараз перанесла на тканіну і зрабіла футболкі з аўтарскімі прынтамі. 

Калі я закранаю тэму палітвязняў і эміграцыі, то гэта інсталяцыі, шмат металу, шмат дроту. То-бок да кожнага сюжэта падбіраецца ўласная выразная мастацкая мова.

Калі заўтра я нарэшце саспею, каб зрабіць праект пра тое, як вынішчалі адно аднаго плямёны хуту і тутсі ў Афрыцы, там, напэўна, народзіцца ўжо нейкі трэці варыянт. Я пакуль яшчэ проста не вырашыла, які. 

— Якая тэма вас зараз хвалюе асаблівым чынам? 

— Тэма прапаганды на прыкладзе плямёнаў хуту і тутсі мяне вельмі хвалюе. Калі задумацца, то два плямёны проста вынішчалі адно аднаго пад уздзеяннем прапаганды. За сто дзён загінула каля мільёна чалавек, а два мільёны хуту ўцяклі ў суседнія краіны. Нічога не нагадвае? Прапаганда ўсюды застаецца прапагандай. Дзесьці гэта дайшло да таго, што чалавек узяў мачэтэ і выразаў цэлую вёску. А дзесьці цябе проста знішчаюць словам, і ў выніку ты можаш гадоў на дванаццаць апынуцца ў адзіночнай камеры. Таму тэма ўплыву прапаганды на грамадства — гэта тэма, якая мяне зараз цікаваць і над якой я працую. 

Kaciaryna Jeŭdakimava

— Ці можа мастацтва быць формай супраціву ў Беларусі?

— Не, мне здаецца, што не. Усё мастацтва — незалежна ад таго, хто і ў якім жанры працуе, — гэта перапрацоўка актуальных падзей праз прызму асабістага ўспрыняцця і вопыту.

Кожная краіна — гэта ўсяго толькі частка свету, проста маленькая. Таму калі ты і рэфлексуеш у мастацтве на розныя тэмы, то, у маім разуменні, не можаш быць засяроджаны толькі на адной краіне.

Калі закранаеш тэму эміграцыі, то ведаеш, што не толькі беларусы былі вымушаныя эміграваць. Гэта адбывалася ў кожным стагоддзі з рознымі народамі. Калі мастак уздымае тэму экалогіі, гэта не азначае, што ён гаворыць толькі пра голуба, якога пераехала машынай, але і пра нешта большае.

Мастацтва, на маю думку, — гэта пра глабальныя праблемы. Не зусім пра краіну, а больш пра цэлы свет. І мастацтва — гэта хутчэй пра самарэфлексію і асабістае выказванне, чым пра супраціў. 

Kaciaryna Jeŭdakimava

— Пагаворым пра беларускае мастацтва: што вас у ім радуе, а што засмучае?

— Мне вельмі балюча назіраць за тым, што адбываецца з мастацтвам у Беларусі. У цэлым мне падабаецца беларускае мастацтва. Гэта розныя кірункі, вельмі яркія імёны, добрыя мастацкія школы, крэатыўныя людзі. Але мне не падабаецца, калі мастацтва цэнзуруецца. Мы ўсе выдатна разумеем, якія гэта мае прычыны і наступствы, і мне гэта не падабаецца. Не падабаецца, калі з-за свайго прозвішча не можаш выстаўляцца, прадаваць свае работы, і калі тваю карціну за гадзіну да вернісажу здымае нейкая цётка з начосам, якая прыйшла ў галерэю і нават не прадставілася. Гэта нікому не можа падабацца. Такога ў прынцыпе быць не павінна.

А радуе мяне тое, што нават ва ўмовах, у якіх сёння апынуліся беларускія мастакі, яны працягваюць тварыць. Робяць кватэрнікі, падпольныя выставы, знаходзяць спосабы ездзіць на рэзідэнцыі. Незалежнае мастацтва ў Беларусі жыве і, на маю думку, у нечым нават зрабілася мацнейшым.

Гэта, ведаеце, як віно, якое настойваецца і набывае прыгожае адценне. Так і мастацтва ў Беларусі — яно расквітнее, калі ўпадуць турэмныя муры, яно проста выбухне ва ўсёй сваёй паўнаце.

А яшчэ я захапляюся тым, як ствараюць мастацтва тыя, хто з’ехаў. 

Бо тут, у эміграцыі, згубіць сябе і проста перастаць існаваць фізічна часам нават лягчэй, чым у Беларусі. А людзі знаходзяць сілы тварыць, акумулююць энергію, знаходзяць сродкі і ўсё астатняе. Гэта варта захаплення.

— Ці проста тут, у Еўропе, знайсці фінансаванне на мастацкія праекты?

— З магчымасцямі атрымліваць фінансаванне на свае праекты тут, у Еўропе, усё даволі проста. Трэба толькі не ленавацца, а садзіцца і пісаць запыты, спрабаваць, падавацца на гранты, навучыцца не засмучацца, атрымліваючы адмовы і калі не адразу ўсё атрымліваецца.

Проста падавацца, падавацца, падавацца і не спыняцца. Насамрэч знайсці фінансаванне на свой праект у Еўропе — няважна, што гэта: пастаноўка спектакля, запіс кліпа ці проста купля палотнаў і фарбаў, — у тысячы разоў прасцей, чым зрабіць гэта ў Беларусі. Проста большасць творцаў не ўмее гэтага рабіць, бо гэтаму ніхто не вучыць. Мы баімся так рабіць. І я таксама баюся.

Я магу тыдзень займаць сябе чым заўгодна, толькі б не падацца на нейкі open call. Але гэтага не трэба баяцца — сістэма грантаў у Еўропе насамрэч працуе вельмі добра.

— Вас ведаюць па творчых выставах «The Elephant in the Room» і «Галасы». Які творчы праект будзе наступным?

— Ідэі ёсць. Ёсць творчыя праекты, над якімі я цяпер працую. Напрыклад, зараз я займаюся ілюстраваннем кнігі. Наш сябар, пісьменнік Сяргей Антонаў, напісаў кнігу казак пра Беласток. Я ўсё жартавала, што праілюструю іх, вось і дажартавалася — цяпер ілюструю.

Мой муж — акцёр і рэжысёр Аляксандр Енджыеўскі — мае сваю тэатральную студыю ў Беластоку і разам з дзецьмі ставіць спектакль паводле адной з тых казак.

Мы плануем выдаць кнігу з ілюстрацыямі, арганізаваць выставу і зрабіць прэм’еру спектакля. Мне здаецца, гэта проста цудоўная задума. Тры прыезджыя чалавекі з Беларусі — пісьменнік, мастачка і рэжысёр — робяць творчы праект, прысвечаны гораду, з вялікай пашанай да гэтага горада, да яго традыцый, да яго асаблівасцяў. Вось такія творчыя планы. А яшчэ мы атрымалі фінансаванне на спектакль «Чырвоны крыж» паводле рамана Сашы Філіпенкі. Зараз мы пачнем актыўную працу па падрыхтоўцы гэтага творчага праекта. 

— Каця, вы таксама працуеце з дрэвам. Чым вас прывабіў гэты матэрыял?

— Для мяне дрэва — гэта надзвычай жывы матэрыял, мне заўсёды падабалася з ім працаваць. У мяне ёсць дзіця, я разумею фізіялогію гульні з драўлянымі цацкамі. Праца з дрэвам — гэта бясконцы творчы працэс, таму што з дрэва можна зрабіць літаральна што заўгодна. Там ёсць фактура і тэкстура, а гэта для мяне як для мастачкі вельмі важна. Увогуле дрэва — ідэальны матэрыял.

— Як у вас узнікла жаданне ствараць драўляныя цацкі?

— Гэта пачалося пасля нараджэння маёй дачкі ў 2015 годзе. Калі Віцы было каля двух гадоў, я ўжо хацела выйсці на працу, але мяне нікуды не бралі. То дыплом занадта добры, то дыплом занадта дрэнны, то маё папярэдняе сур’ёзнае статуснае месца працы з высокай пасадай палохала, і мне наўпрост казалі: «Калі вас там нешта не задаволіла, то што мы можам вам прапанаваць?». І я зразумела, што трэба пачынаць працаваць на сябе. Вось так яно неяк і склалася — я пачала вырабляць драўляныя цацкі.

І ўсё, справа пайшла. І я настолькі арганічна ў гэтым існавала, што, мне здаецца, проста растваралася ў гэтай працы. У мяне была майстэрня ў цэнтры горада, у такім старым гродзенскім дворыку-падваротні. Усё было як мае быць, усё было цудоўна. І мне было вельмі добра, я ведала, што раблю, навошта і чаму раблю, якая філасофія ў майго прадукта, для чаго ён. У мяне з’явіўся свой брэнд.

І так усё выдатна ішло ажно да 2023 года, калі нам з сям’ёй давялося вымушана з’ехаць з краіны.

Kaciaryna Jeŭdakimava

— А што сталася з вашай майстэрняй, з інструментамі?

— Я ўзяла з сабой толькі самы мінімум. Усе станкі прадалі амаль за бясцэнак у вельмі сціслыя тэрміны, таму што мы вельмі спяшаліся. 

— Ці атрымалася раскруціць брэнд у Польшчы?

— У Польшчы я не атрымала ніякага выніку. Гэта значыць, у мяне тут не з’явілася кліенцкай базы, я не запоўніла сваімі цацкамі сувенірныя крамы, не выйшла на маркетплэйсы, не раскруціла краму на Etsy. Я перажывала, пакутавала, дамаўлялася сама з сабой і зноў спрабавала. А потым, напэўна, так ужо стамілася ад гэтага, што вырашыла адпусціць сітуацыю.

У мяне засталася вялікая колькасць нарыхтовак. Я вельмі люблю атрымліваць заказы, з вялікім задавальненнем іх выконваю, але таго маштабу, які я мела ў Беларусі, свайго пазіцыянавання (што Каця — гэта майстар драўляных цацак са сваім брэндам), — такога маштабу ўжо няма і не будзе. Я зрабіла ўсё, што магла, як умела, настолькі, наколькі хапіла сіл, ведаў і часу.

Я не пісала ніякага допісу пра тое, як мой карабель тоне. І дагэтуль яшчэ не сказала сваім падпісчыкам, гледачам і слухачам, што закрываю брэнд. Я не зраблю гэтага ў адзін дзень. Яно проста паступова само вымыецца, забудзецца.

Я выдатна разумею, што існуе шэраг аб’ектыўных прычын, чаму тут даволі цяжка працягваць гэтую справу. У мяне не атрымалася. З гэтым сваім творчым дзіцём я развітваюся. Я яго адпускаю.

— Што вам даў гэты «драўляны» перыяд у вашай творчасці?

— Гэта былі неверагодныя гады, якія напаўнялі мяне, калі я займалася гэтым мастацтвам. Я прадала тысячы цацак, а гэта значыць, што тысячы дзяцей трымалі плён маёй працы, маё цяпло ў сваіх руках, грызлі, аблізвалі, кідалі, правяралі на трываласць. Цацкі перадаваліся ў спадчыну. Для мяне гэта цудоўныя ўспаміны. Выдатны перыяд майго жыцця, вельмі плённы, вельмі патрэбны, прыгожы і добры. Ён прынёс мне шмат радасці з такой любоўю да дзяцей, з павагай да прыроды. 

— Да якіх сваіх работ вы ставіцеся з асаблівай пяшчотай?

— Я люблю ўсе свае работы. Калі б я іх не любіла, я б іх не рабіла і тым больш не мяняла на грошы. Таму я люблю ўсё. Я вельмі патрабавальная да сябе, магу, напэўна тысячу разоў перарабляць нешта, перш чым прапанаваць на выставу ці на продаж.

З усімі сваімі работамі, калі адпраўляю іх заказчыку, я развітваюся, размаўляю. Калі запакоўваю цацку, то прашу яе служыць доўга, не трэскацца, не аблазіць і гэтак далей. Жадаю ёй цудоўна бавіць час з немаўляткам. Калі аддаю карціну, то прашу яе не падаць з цвіка, дарыць станоўчыя эмоцыі, выклікаць цікавыя дыялогі з тым, хто яе будзе разглядаць.
З боку можа падацца, што я вар’ятка, але гэта паказвае, як моцна я люблю тое, што раблю, і якая я патрабавальная. Калі б мне было абсалютна абыякава, я магла б загарнуць свае заказы ў цэлафанавы пакет, закінуць у паштамат і больш пра іх не ўспомніць.

Таму я нават не ведаю, што назваць. Ёсць нейкія работы, якія я проста раблю, а потым вырашаю пакінуць сабе. Напрыклад, файная шкатулка «Мухамор». Каця — гэта ж пра мухаморы.

Škatulka

— А чаму Каця — гэта пра мухаморы?

— Таму што я вельмі люблю мухаморы — у мяне адзенне з прынтамі мухамораў, я люблю рабіць мухаморы, малюю мухаморы, мне дораць мухаморы. У мяне келіхі-мухаморы, падсвечнікі-мухаморы. У мяне нават татуіроўка з мухаморамі (смяецца). Па-першае, гэта прыгожа. Я ж расла ў сям’і вайскоўца, гэта быў лясны гарнізон, прастора, лес і гэтыя шалёна неверагодныя грыбы. Чырвоны грыб з белымі плямамі — гэта ж так прыгожа! Ёсць нейкія рэчы, якія мяне чапляюць, здзіўляюць, вяртаюць у той стан дзяцінства, калі я жыла ў лесе і гэта было неверагодна.

А татуіроўку мухамора я зрабіла ўжо пасля дваццатага года, калі мне вельмі хацелася чагосьці ў пэўнай колеравай гаме, з пэўным пасылам. Калі табе проста разрывае душу, калі не можаш ні гаварыць, ні ствараць мастацтва, ні пісаць, ні ставіць лайкі, таму што ўсё абсалютна небяспечна, але ёсць вострая ўнутраная неабходнасць нешта рабіць. Тады я вырашыла зрабіць татуіроўку — не каласкі, не васількі, не буслоў, не арнаменты, пры ўсёй маёй любові, павазе і захапленні гэтымі цудоўнымі вобразамі, а менавіта мухаморы.

Мне трэба было зрабіць нешта вельмі сваё, каб адна я ведала, пра што гэта, а ніхто іншы не ведаў, і таму нічога не мог мне за гэта зрабіць. У гэтай татуіроўцы вельмі шмат мяне — і асабістага, і сур’ёзнага, і несур’ёзнага, таго, што даводзілася хаваць. 

Калі за арнаменты саджалі ў турму, я хадзіла са сваімі чырвона-белымі мухаморамі, і ніхто нават не здагадваўся, што гэта значыць. Так працуе мастацтва!

Kaciaryna Jeŭdakimava

— Каця, калі б вам далі магчымасць зрабіць адну ідэальную рэч без абмежаванняў у сродках і без страху, што б гэта было?

— Я пабудавала б дом. Домік хобіта з круглым акном. Каб усе захапляліся, які ён утульны. У гэтым доме можна было б праводзіць майстар-класы і арганізаваць галерэю. Гэта была б мая прастора для жыцця, творчасці і прыёму гасцей. 

А яшчэ я думаю, што пабудавала б дом, таму што ў мяне ўсё ж такі ёсць глыбокая траўма страты дома. І цяпер мне здаецца, што пераасэнсаванне гэтай страты і будзе лейтматывам маёй творчасці. 

Замовіць аўтарскія рэчы і пазнаёміцца з творчасцю Кацярыны Еўдакімавай можна па спасылцы — @evdokimova_ee.

Наста Пабягунская, budzma.org

Фота з асабістага архіва Кацярыны Еўдакімавай