Высокі пілатаж выведніка — сесці ў турму, каб там выканаць заданне. Без падтрымкі, у неспрыяльных умовах, прымаючы рашэнні аднаасабова. Высокі пілатаж даследчыка — сесці ў турму, каб там напісаць кнігу. Без бібліятэкі, у неспрыяльных умовах, прымаючы рашэнні аднаасабова. Роўна так і зрабіў Аляксандр Фядута.
«11 красавіка 2021 года я быў затрыманы ў Маскве супрацоўнікамі Федэральнай службы бяспекі Расіі і перададзены супрацоўнікам беларускага КДБ. Так упершыню за шмат гадоў у мяне з’явіўся вольны час...» — так пачынаецца «Лексікон» Аляксандра Фядуты. Даведнік-эсэ пра герояў, сімвалы, час і гісторыю «Каласоў пад сярпом тваім» Караткевіча.
Як напісаць літаратуразнаўчае даследаванне ў турме?.. Добра, ты можаш здабыць сам прадмет даследавання — кнігу. Можаш здабыць сшытак і асадку. Але што рабіць без дадатковай літаратуры, даведнікаў, калегаў, з якімі варта было б параіцца? Гэта немагчыма. Але толькі калі вы не Фядута. То-бок, калі корпус тэкстаў, імёнаў і фактаў не жыве ў вашай галаве.
Аўтар прызнаецца, што напісаць «Лексікон» галоўнага рамана беларускай літаратуры ён хацеў і раней. Але часу не было, з калегамі не шанцавала. А турма, як ні дзіўна, дала свабоду. Развязала рукі. Бо адзіны рэцэнзент і рэдактар там — ты сам. Нават следчы, з якім Фядуту давялося «паваяваць» за рукапіс, не можа яго не тое што ацаніць, але... нават прачытаць.
«Ёсць край, які нікому не належыць і, больш за ўсё сваім жыхарам», — так піша Караткевіч у 1967-м пра падзеі больш як стогадовай даўніны. Фядута чытае гэта і ўкладае ў свой рукапіс у 2021-м. Праз паўтары стагоддзі нічога не змянілася. Можа, таму караткевічаў раман без канцоўкі не губляе актуальнасці. Незавершанасць толькі дадае інтрыгі. Зрэшты, як піша Фядута, «шчаслівых фіналаў мала ў добрай літаратуры» — таму няхай ён без канцоўкі і застаецца.
У тэксце — скрозь паралелі з сучаснасцю: прыгнёт, канспірацыя, дылема паміж Захадам і Усходам... Уважлівы чытач знойдзе між радкоў нават белага шпіца! Разам з тым тэкст Караткевіча выглядае «бедным» на адмоўных персанажаў. Ёсць экзальтаваны памешчык Кроер. Ёсць падступны жандар Мусатаў. Але гэта не зло ў чыстым выглядзе, праўда ж?
Бо галоўнае зло — безасабовае. Гэта Імперыя. Расія як такая. Калектыўнае нішто. Насуперак яму акурат і з’яўляецца галерэя асобаў: Загорскі-дзед, Загорскі-бацька, Загорскі-сын, Чорны Война, Корчак, Майка ды іншыя. Быць асобай — гэта ўжо быць на баку Святла. Але само права быць асобай трэба заслужыць, як і шляхецкі герб.
Адсюль — тэма ініцыяцыі, галоўная ў рамане. Дзядзькаванне, першае каханне, першая бойка, эмансіпацыя ад бацькоў. Сталенне галоўнага героя — бяспройгрышны ход у літаратуры. Без розніцы, ці гэта сусвет «Дзюны» Герберта, ці сусвет «Каласоў» Караткевіча. Галоўны канфлікт — унутры героя, а рэшта — дэкарацыі.
Але з папраўкай на тое, што Фядута піша пра ініцыяцыю Алеся Загорскага па свежых слядах ініцыяцыі беларускага соцыума ў 2020-м. Караткевіч гэта прадбачыў, Фядута — убачыў на свае вочы.
Фядута грунтоўна разбірае вобразы рамана: белае жарабя без вершніка, Дняпро, жалеза, палын, курган, нават... цукар! Усё гэта важна, бо Караткевіч, пішучы «Каласы», пісаў Беларусь. Ствараў архетыпы. Не дарэмна альтэр эга аўтара рамана — Алесь Загорскі — дзеля жарту параўноўваецца з Капернікам. Той стварыў геліяцэнтрычную сістэму, гэты — беларусацэнтрычную. Герой рамана, такім чынам, не столькі рыцар у бліскучых даспехах, колькі — творца, дэміург.
Ці спрачаецца аўтар «Лексікону» з аўтарам «Каласоў»? Так. Але, падаецца, гэта дыскусія не столькі Фядуты з Караткевічам, колькі — Фядуты з Фядутам. Пра мову, імперыю, чынавенства, пра Каліноўскага і Пушкіна, Міцкевіча і Цютчава.
Аляксандр Іосіфавіч запрашае мёртвага класіка да размовы ў цесныя турэмныя муры, каб... паразмаўляць з самім сабою. Таму, уласна, «Лексікон» — гэта не акадэмічны каментар да кнігі, але асабісты, нават — інтымны.
Зрэшты, таксама можна меркаваць, што і ў «Каласах» Караткевіч дыскутаваў з самім сабою: як жа яму, савецкаму чалавеку, ставіцца да Расіі? Дзе нацыяналізм, а дзе «дружба народаў»? Ці могуць жыць на суседніх паліцах Баршчэўскі з Талстым?.. Каб пра гэта пагаварыць, Караткевіч прыдумаў Загорскага. Фядута — «выклікаў прывід» Караткевіча.
Унутраны канфлікт Караткевіча, такім чынам, не губляе актуальнасці аж з другой паловы 1960-х. І не толькі для аўтараў «Каласоў» і «Лексікону», але і для галоўнага героя абедзвюх.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org