Хоць у апошнія гады жыцця народнаму паэту Нілу Гілевічу нездаровілася, ён па-ранейшаму займаўся літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасцю. Акрамя паэтычнай спадчыны, Ніл Сымонавіч пакінуў нам неверагодна глыбокую кнігу эсэістыкі «У віры быцця», паўнюткую мудрых думак і назіранняў, назапашаных цягам апошніх чатырох дзесяцігоддзяў. Гэта не толькі кніга-роздум са шчымлівай трывогай пра Беларусь, але і своеасаблівыя «правілы жыцця» вядомага літаратара, сапраўднага «чалавека-эпохі».
Кнігу Ніл Гілевіч адкрывае балючай фразай: «Для навукі беларуская мова не гадзіцца!» — А для чаго гадзіцца? — пытаецца аўтар. — …У часы Скарыны і Буднага — гадзілася, а сёння ўжо — не!.. І нагадвае «ўсім, у каго ёсць сумленне… адзін «дробязны» факт: «Калі гарэлі беларускія вёскі з жывымі людзьмі — з агню-полымя даляталі жудасныя (больш жудкіх не бывае) крыкі: «Ратуйце! Не “спасите!”, а ратуйце!».
У кнізе змешчаныя ўспаміны пра значныя падзеі грамадскага і культурнага жыцця, адлюстраваныя рэфлексіі пісьменніка, яго бачанне мінулага, цяперашняга і будучыні роднай краіны. Паэт чуйна рэагуе на сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі і за яе межамі, дае ім ацэнку, прагназуе развіццё нашай нацыянальнай свядомасці.
Ніл Сымонавіч гаворыць фактамі, датамі, лічбамі. Душой і сэрцам! Стагоддзямі з беларусаў выбівалі іх нацыянальную адметнасць: паслядоўна, мэтанакіравана — усімі сродкамі. «Шанцуе ж некаторым!..» — са скрухай ускліквае аўтар кнігі.
Значнае месца на старонках новага выдання адведзенае апісанню і аналізу прачытанай літаратуры, айчыннай і замежнай, сучаснай і даўняй. Ніла Сымонавіча як чытача і даследчыка цікавяць тэндэнцыі і гісторыка-культурныя перадумовы стварэння тых або іншых кніг.
Па-ранейшаму важную ролю, па меркаванні паэта, у стане сучаснай нацыянальнай культуры адыгрываюць ідэалагічныя інерцыі мінулага, «рэха» камунізму. Пераадолець кансерватыўнасць савецкага часу, звярнуцца да нацыянальнай ідэнтычнасці, жыццёва неабходнай нам сёння, тут і цяпер, дзеля фарміравання будучых пакаленняў — тое, што найбольш турбуе пісьменніка:
«Усе нашы заклікі захоўваць, даражыць, цікавіцца нацыянальнай культурай будуць даваць мала плёну — датуль, пакуль не пачнём гэта ўнушаць дзецям ад калыскі, ад дзіцячых садкоў, з першых дзён у школе».
Але ж, нягледзячы на суплёт пакуль не вырашаных сацыяльных і культурных праблем, на якія ўказвае і з-за якіх перажывае народны паэт, у кнізе «У віры быцця» адчуваецца подых вясны, надзеі, аптымізму на добрую будучыню беларусаў і Беларусі.
У народнага паэта варта многаму павучыцца. Вось невялікая падборка «правілаў жыцця» Ніла Сымонавіча: «Беларуская мова вельмі мілагучная, вымаўленне ў нас плаўнае, каля кожнага галоснага гука адзін або два зычныя. Каб у адным складзе было аж тры зычныя — такога наша мова не прымае, бо “язык зломіш”. Таму даўно пара называць наш слаўны горад ва ўсходняй
Магілёўшчыне па-беларуску: Амсціслаў, а не Мсціслаў. Лёгенька, гладзенька, як у песні».
***
«Мы навучыліся жыць і карміцца з 4-х, з 6-ці, у лепшым выпадку — з 10-ці сотак. У сярэднім — з шасці. Мы — шасцісоткавая нацыя! Ура! Гэта наш нацыянальны маштаб. Больш не хочам. Маштаб нашай душы. Пры маштабах Беларусі ў два, у пяць, у дзесяць разоў большых за маштабы многіх еўрапейскіх краін».
***
«Прачытаў у друку: загінула, сышло ў нябыт каля 80 працэнтаў усіх малых рэчак Беларусі. Удумаемся: каля 80 працэнтаў! Гэта значыць, з кожных дзесяці рэчак і рэчачак васьмі не стала. З кожных дзесяці засталіся дзве. З усіх краін Еўропы (а можа, і цэлага свету) Бог выбраў сабе як самую вартую ягонай ласкі Беларусь і надзяліў яе шчодра, як ніякую іншую, самым каштоўным багаццем — рэчкамі і рэчачкамі… Але мы, беларусы, аказаліся не вартымі Боскага дару. Мы пусцілі яго на глум і пагібель».
***
З самага пачатку свайго творчага шляху народны паэт нясе крыж абаронцы ўсяго нацыя-нальнага, беларускага, крыж Асветніка, на сваю Галгофу толькі з адной мэтаю: абудзіць нацыянальную самасвядомасць беларусаў.
Тэматыка кнігі «У віры быцця» шырокая, у ёй чытач можа знайсці яшчэ многа цікавага для сябе. Адно нам трэба помніць: «Памрэ мова ў вуснах народа — памрэ і народ». «Дык думайма, браткі-беларусы, думайма!» — заклікае Ніл Гілевіч.
Дар’я Латышава, lim.by