Душэўнае пахаванне радыёперадачы

25.03.2013 Музыка

Для недасведчанага у металёвых справах чалавека MassaBrutto — гэта тая самая перадача, якая сілком знаёміць яго з экстрэмальнай андэрграунд-сцэнай, калі ён пераключае каналы прыймача і трапляе на “Радыё Мінск”. Хацелася б верыць, што такім чынам было выратаваныя жыцці многіх дальнабойшчыкаў, якія пачыналі кляваць носам за рулём і, падскокваючы ад шоку ў крэсле, выпадкова знаёміліся з аўтарскім праектам Аляксандра Літвінскага — адной з найлепшых нагодаў не спаць перад выходнымі. “Масе Брута” ўжо больш за 10 гадоў, яна пазнаёміла беларускіх металхэдаў з не адным маладым гуртом, пад гэтым імем праводзіліся выдатныя фэсты ў самых розных сталічных клубах, а фразу “Ты узнаешь, сколько весит музыка” мы не забудзем ніколі. Перадача з прыгожым парадкавым нумарам 666 — апошняя: браняпоезд становіцца на запасныя рэйкі.

Развітацца з праектам вырашылі душэўна — вялікай метал-вечарынкай, якая доўжылася да самай раніцы. Пляцоўкай для яе стаўся нібыта клуб “Алекс’с”, які не зусім і клуб, а вельмі нават рэстаран-кафэ-сталоўка. З аднаго боку, цеснае памяшканне надало мерапрыемству пэўны налёт камернасці, з другога, на мерапрыемства прыйшло яўна менш людзей, чым магло б. Але што тут зробіш — спадар Літвінскі літаральна разрываўся паміж сцэнай і жывым эфірам, а ехаць з “Рэпабліка” ў студыю кожны раз на таксі было б дорага.

Разаграваць публіку давялося гурту VERSUS7, для якога малая сцэна была нават плюсам — два вакалісты выйшлі у залу і там зачытвалі ды выкрыквалі свае вострасацыяльныя тэксты (а часамі і слэміліся з гледачамі). SOLARWARD крыху ахаладзіў разагрэтую публіку сваім блэкам, але потым сцэну заняла каманда EXISTM, якая не так даўно прэзентавалі дэбютны альбом і цяпер актыўна выступае. Скажу вам, што выступ аднаго толькі гурта EXISTM лёгка мог зрабіць увесь вечар — іх салістка Наста насілася па сцэне і зале, махала рукамі, скакала ды танцавала джыгу так, нібыта выпіла перад выступам літр кавы ды запіла вядром энергетыку. Пры гэтым крохкая дзяўчынка яшчэ і спявала, прычым глыбокім ды раскацістым гроўлам! Прыгажосць дый годзе! На гурце AILLION гук, што падаваўся да гэтага не-такім-ужо-і-благім, неяк рэзка сапсаваўся, хаця ў рэстаране паставілі вельмі нават някіслы апарат. У агульнай кашы інструментаў было чуваць моцны вакал саліста, але ў добрую музыку ўсё гэта неяк не складалася. Сэты NIGHTSIDEGLANCE і POSTHUMOUSBLASPHEMER з горам папалам атрымалася вывесці у прамы эфір (вельмі своечасова, бо слухаць іх у клубе застаўся мала хто), а LOSTREGRETS гралі ледзь не на світанку.

Што тычыцца самой 666-й “Масы”, то яна была падоўжаная на гадзіну і атрымала, трэба думаць, рэкордную колькасць пасланняў ад слухачоў. Хтосьці ўспамінаў мінулыя выпускі ды фэсты, хтосьці пытаў пра будучыню Літвінскага як вядучага, усе дзякавалі за праведзеныя разам гады. А потым Аляксандр сказаў, што даіграе бягучы плэйліст — і ўсё. Усё, няма больш “Масы Брута”. Ён сам, канечне, на радыё застанецца, але для нас, слухачоў, жыццё без прывычных начных трох гадзін грукату будзе ўжо не такім.

Як зазначыў сам Аляксандр Літвінскі, вечарына ў “Алекс’с” была надзвычай настальгічнай. Малая пляцоўка, дрэнны гук, амаль усе ў зале ведаюць адзін аднаго — усё як у старыя добрыя. Згушчаў атмасферу барадатых нулявых яшчэ і Міхаіл Васількоў, які калісьці пачынаў праграму разам з Літвінскім, а цяпер прыйшоў яе закрываць. Хаця чаму закрываць? Браняпоезд стаіць на запасных рэйках — спадзяемся, што калі-небудзь яшчэ мы пабачым масаўскі лакаматыў у баі.

 

Андрэй Мухамор