Сёння сярод гарадскіх жыхароў у Беларусі як ніколі раней актуальная тэма самаарганізацыі. Развіваюцца і атрымліваюць другое дыханне раённыя чаты ў сацыяльных сетках, актывісты арганізуюць канцэрты, спартыўныя і дзіцячыя святы. Відавочна, што штуршком для такой актывізацыі сталі паслявыбарчыя падзеі ў краіне. Менавіта пратэсты канчаткова змянілі супольнае ўсведамленне неабходнасці для беларусаў самаарганізавацца.
Грунтам, безумоўна, стаў каранавірус і ўсё звязанае з такім невядомым дагэтуль нашаму грамадству выклікам.
Ужо вясной можна было назіраць першую хвалю салідарнасці сярод беларускага грамадства. У пэўны момант грамадзяне зразумелі, што дзяржава не заўжды адэкватна і хутка рэагуе на імклівыя зменлівыя падзеі. Таму ініцыятывы па зборы сродкаў пацярпелым ад віруса і дактарам для шматлікіх неабыякавых беларусаў сталі індыкатарам, які прадэманстраваў неабходнасць нізавой, гарызантальнай самаарганізацыі.
Далейшыя перадвыбарчыя падзеі толькі замацавалі імкненне некаторых ініцыятыўных грамадзянаў аб’ядноўвацца на мясцовым, лакальным узроўні. Можна сказаць, што раённыя пратэсты і неабходнасць гуртавацца перад і пасля маштабных акцый толькі паскорылі працэсы самаарганізацыі.
Асаблівай хуткасцю і рознабаковасцю пры стварэнні нізавых ініцыятываў вылучаюцца маладыя раёны, дзе пражывае найбольшая колькасць маладых і актыўных.
Самы відавочны адказ з боку дзяржструктур
«Адказу» ад дзяржорганаў доўга чакаць не давялося. Ціск пачаўся адразу ў некалькіх кірунках. У СМІ з’явіліся скаргі «неабыякавых» жыхароў раёнаў на палітычны характар мерапрыемстваў лакальных супольнасцяў: лозунгі, музыку і нават святло ліхтарыкаў. Адначасова пачалі праводзіцца сапраўдныя спецаперацыі па затрыманні ўдзельнікаў раённых актыўнасцяў, нават некаторыя запрошаныя артысты атрымлівалі суткі.
Цалкам імаверна, што існуе пэўны загад цэнтралізавана падаўляць спробы самаарганізацыі любымі сродкамі. Асабліва ўразілі выпадкі на мінскай Ангарскай, дзе на месцы сходаў грамадзянаў нават дэмантавалі лаўкі, і спроба разгону грамадзянаў у мікрараёне Лебядзіны, калі дзяўчынка пацярпела ад дзеянняў міліцыі.
Складваецца ўражанне, што адна з галоўных задачаў дзяржслужбоўцаў — купіраванне любой ініцыятывы грамадзянаў.
Неверагодныя і хуткія змены ў грамадскіх настроях відавочна не адпавядаюць планам дзяржструктур, якія прызвычаіліся да аморфных і апалітычных грамадзянаў, што ў большасці сваёй да апошняга часу стараліся не звяртаць увагі на дзяржаву. Сённяшнія змены ў соцыуме чыноўнікі разглядаюць як канкурэнтныя сацыяльнай дзяржсферы. А некаторыя заклікі да раённых ініцыятываў ствараць структуры самаабароны — нават як канкурэнт органам бяспекі.
У адрозненне ад чыноўнікаў, якія марудзяць са зменамі напрамку што да развіцця самакіравання, мясцовыя ініцыятывы за некалькі тыдняў здолелі арганізаваць неабыякавых грамадзянаў, пачаць дзейнасць адразу ў некалькіх кірунках (ад арганізацыі дзіцячых святаў да канцэртаў і спартыўных спаборніцтваў), а таксама наладзілі гарызантальнае ўзаемадзеянне паміж сабою. То бок заняліся ўсім тым, пра што звычайна толькі пішуць справаздачы кіраўнікі арганізацый тэрытарыяльнага самакіравання, якія ў большасці сваёй прызначаюцца выканкамамі.
Улады анансавалі магчымыя змены ў мясцовым самакіраванні
Напрошваецца выснова пра тое, што ў выніку далейшага развіцця дваровых і раённых ініцыятываў ужо ў хуткім часе актывістамі могуць быць пастаўленыя пытанні па мэтазгоднасці існавання цэлых аддзелаў у мясцовых выканаўчых органах улады, іх кампетэнтнасці. Наступным крокам можа стаць разуменне, што такога кшталту арганізацыя «працы на месцах» маральна састарэла і непатрэбная ўвогуле.
Тым больш, і гэта здаецца цалкам натуральным, відавочная далейшая палітызацыя такога кшталту працэсаў у сітуацыі паслявыбарчых пратэстаў. Яе працягам можа стаць артыкуляцыя палітычных патрабаванняў ад нефармальных аб’яднанняў такіх ініцыятыў, за якімі стаяць жывыя людзі, жыхары раёнаў, а не насельніцтва кабінетаў у выканкамах і ЖЭСах.
Двары парушылі статус-кво
Нічога дзіўнага ў сённяшніх падзеях абсалютна няма.
Апошнія 15 гадоў было такое ўражанне, што ўлады ўсімі магчымымі спосабамі імкнуцца да атамізацыі грамадства.
Што накладвалася і на аб’ектыўныя працэсы ў сучасных соцыумах. Напрыклад, сацыёлагі сапраўды адзначаюць, што ў буйных гарадах са стылем жыцця ў шматкватэрных дамах людзі імкнуцца да таго, каб як мага больш адгарадзіцца ад суседзяў і грамадства. Што ёсць своеасаблівай кампенсацыяй усведамлення жыцця ў вялікіх мурашніках.
Фактычна, у Беларусі ўсю «сацыяльна-культурную працу» мясцовых органаў і грамадскіх тэрытарыяльных арганізацыяў можна лічыць неактуальнай прафанацыяй. І менавіта гэта стала адной з асноўных прычынаў фатальнага разрыву паміж грамадствам і дзяржавай.
Трэба звярнуцца да філасофіі функцыянавання дзяржавы, якая ўяўляецца самай імавернай, але пра яе вам не распавядуць ідэолагі ў выканкаме, на месцы вучобы ці на прадпрыемстве.
Тыя, хто звяртаўся ці меў дачыненне з чыноўнікамі па пытаннях нават мінімальных ініцыятываў (спартыўных, культурніцкіх, сацыяльных), на мясцовым ўзроўні сутыкаўся з поўным непаразуменнем на мяжы варожасці. Толькі ў выпадку асабістай зацікаўленасці чыноўнікаў ці добрых знаёмстваў было магчыма прабіць гэты мур абыякавасці.
Такое стаўленне да грамадскай ініцыятывы наводзілана думку, што дзяжорганы намагаюцца як мага мацней ізалявацца ад грамадства, будуючы дзяржаву ў дзяржаве. Пачынаючы ўжо ад лакальных узроўняў сістэма ўяўляецца амаль цалкам герметычнай, без прадугледжаных сацыяльных ліфтаў і ратацыі, самадастатковым утварэннем па-за грамадствам.
Грамадзяне ў такім выпадку ў сваёй большасці патрэбныя адно ў якасці плацельшчыкаў падаткаў і спажыўцоў тавараў, якімі гандлююць сеткі, афіляваныя з чыноўнікамі найвышэйшага рангу. Вось такая простая філасофія існавання.
У такой парадыгме цалкам натуральным бачыцца стаўленне ўладаў да выбараў як да інструмента генерацыі апатыі, прадукавання і маштабавання асабістых і сацыяльных страхаў. Што ўжо тут казаць пра нейкую актыўнасць на лакальных узроўнях.
Нават часты госць дзяржаўных тэлеканалаў, прадстаўнік Кампартыі атаманаў, адзначаў хібы ў самакіраванні ў Беларусі, адсутнасць арганізацыі дэпутатаў саветаў на мясцовым узроўні па прыкладзе суседніх краінаў, недзеяздольную сістэму «калектыўных органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання». Пра якую большасць беларусаў, нават самых актыўных, нават не здагадваецца.
Цалкам імаверна, што ўлады да апошняга моманту тармазілі перагляд закона пра самакіраванне, які шмат разоў анансаваўся. Нягледзячы на інтэграванасць у працэсы абмеркавання закона еўрапейскіх арганізацый, якія маюць свае рычагі, каб зацікаўліваць чыноўнікаў у Беларусі, дзяржслужбоўцам заўжды ўдавалася толькі рабіць выгляд, што дзяржава мае намер трансфармаваць самакіраванне ў краіне.
Апошнія падзеі толькі пацвердзілі здагадкі, што чыноўнікі не проста займаюцца прафанацыяй працы, але і супрацьдзейнічаюць працэсам стварэння супольнасцяў як галоўнага падмурку дзяржавы.
Сістэме хутчэй нецікавыя грамадзяне і іх памкненні, калі яны выходзяць за кола «праца-крама-хата».
Аляксей Гайдукевіч, Budzma.by