Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра магчымыя змены ў асноўным законе нашай краіны, якія могуць адбыцца неўзабаве.
Беларускія ўлады ўсё часцей пачалі агучваць неабходнасць зменаў у канстытуцыю краіны. На фоне рэформы асноўнага закона, якая адбываецца ў суседняй Расіі, падобнага кшталту прапановы губляюцца ў інфармацыйнай прасторы і раствараюцца ў соцыуме. Калі ацэньваць актыўнасць у сацыяльных сетках, грамадству не асабліва цікавая гэтая тэматыка, нават яго самым палітызаваным колам.
Што гэта? Няўжо беларусы сталі абсалютна абыякавымі да такіх зменаў у нашым жыцці? Ці многія спрабуюць вытрымліваць усё большую дыстанцыю ад дзяржавы?
Канстытуцыйныя рэформы альбо спробы іх правесці даўно сталі трэндам у нашым рэгіёне. У большасці нашых суседзяў час ад часу ўлады ці грамадства прапануюць і ўносяць змяненні ў асноўныя законы краін. Значныя ці не вельмі.
Як змяняўся асноўны закон
Змены ў беларускую канстытуцыю, прынятую парламентам краіны ў 1994 годзе, уносіліся два разы. І кожны раз яны былі лёсавызначальнымі як для дзейнай улады, так і для краіны.
Але падзеі і рэзананс, якія выклікалі гэтыя падзеі, кардынальна адрозніваліся.
У 1996 годзе Беларусь напаткаў сапраўдны палітычны крызіс. Рэферэндум стаў апагеем амаль двухгадовага супрацьстаяння дзвюх галінаў улады ў краіне. Прэзідэнт і яго каманда змагаліся з парламентам, дзе быў ініцыяваны працэс адхілення ад улады абранага ў 1994-м кіраўніка дзяржавы. Рэч у тым, што першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выступіў з прапановай канстытуцыйных зменаў, якія б змяншалі ролю парламента, павялічвалі статус выканаўчай улады і выбудоўвалі так званую вертыкаль.
У выніку ўсенароднага рэферэндуму былі прынятыя прапановы прэзідэнта, і краіна пачала жыць фактычна па новай канстытуцыі: прэзідэнт атрымаў права прызначаць амаль усіх найвышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў і кіраўнікоў мясцовых органаў, распускаць парламент, дэкрэты і ўказы прэзідэнта станавіліся па юрыдычнай сіле вышэйшымі за законы.
Наступныя змены ў асноўны закон былі ўнесеныя ў 2004 годзе. У адрозненне ад падзей 1996-га, ніякага палітычнага супрацьстаяння ініцыятыва прэзідэнта аб змяненні канстытуцыі не выклікала. У выніку рэферэндуму была скасаваная фармулёўка, якая абмяжоўвала знаходжанне на пасадзе прэзідэнта адной асобы не больш за два тэрміны па пяць гадоў.
Плошча Незалежнасці, лістапад 1996 года. Фота з сайта 90s.by
Змены ў канстытуцыі — рэгіянальны трэнд
У Польшчы ўжо некалькі гадоў агучваюцца прапановы што да зменаў у асноўны закон краіны. Абмеркаванне адбываецца на фоне супрацьстаяння розных палітычных сілаў.
Як адзначае адзін з юрыстаў канцылярыі прэзідэнта Польшчы, «пры распрацоўцы канстытуцыі трэба думаць, як гарантаваць бесперашкоднае функцыянаванне дзяржавы на наступныя 50-100 гадоў».
Журналіст выказаў пазіцыю апанентаў кіроўнай партыі:
«У даміноўнай партыі сёння экспрэсіўны лідар, які не мае шанцаў быць абраным прэзідэнтам праз адмоўны асабісты рэйтынг. Гэта скіроўвае PiS да канцлерскай сістэмы, калі большую ролю ў дзяржаўным ладзе маюць прэм’ер і ўрад».
На што юрыст адказаў:
«Такая пазіцыя адлюстроўвае палітычныя памкненні з перспектывай толькі на наступны выбарчы тэрмін. Але для такой трансфармацыі ва ўладнай сістэме не варта змяняць канстытуцыю, можна абысціся карэктаваннем звычайных законаў».
Польскі прэзідэнт Дуда два гады таму таксама падкрэсліваў значэнне зменаў для будучыні краіны, а не толькі для кіроўнай партыі і яе лідараў:
«Агульныя праблемы эфектыўнасці мадэлі выканаўчай улады вымушаюць пераасэнсаваць канстытуцыю».
Прадстаўнікі апазіцыйных да дзейнага ў Польшчы ўрада сіл апошнім часам параўноўваюць палітычны кірунак кіроўнай партыі з венгерскай палітычнай сілай прэм’ера Орбана. Якога частка еўрапейскага істэблішмэнту вінаваціць фактычна ва ўзурпацыі ўлады і стварэнні аўтарытарнай сістэмы.
Цэнзура ў Венгрыі. Цяпер пісаць пра Грэту Тунберг і праваабаронцаў нельга
У сувязі з абмеркаваннем магчымых зменаў у канстытуцыі Польшчы на сайце Kultura Liberalna лаканічна параўноўваюць польскую і венгерскую палітычную сітуацыю:
«Яраслаў Качыньскі хоча зрабіць Польшчу падобнай да Венгрыі».
У Венгрыі апошнія змены ў асноўны закон прымаў парламент краіны ў 2011 і 2013 гадах
Яны тычыліся абмежаванняў паўнамоцтваў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў:
Зацверджаныя парламентам папраўкі не дазваляюць Канстытуцыйнаму суду даваць ацэнку зместу новых законаў. Суддзі маюць права правяраць толькі працэдуру прыняцця заканадаўчых актаў. Прэзідэнт краіны таксама зможа кантраляваць законы толькі фармальна. Акрамя таго, Канстытуцыйны суд больш не можа абапірацца на свае рашэнні, вынесеныя да пачатку 2012 года, калі ўступіла ў сілу новая канстытуцыя.
Такія рэформы ў асноўным законе выклікалі крытыку з боку еўрапейскіх уладаў, а таксама ЗША. У выніку Еўрапарламент і амерыканцы ўвялі шэраг санкцый у дачыненні да некаторых венгерскіх палітыкаў і суддзяў.
Плошча Незалежнасці, 1995 год
У Беларусі, магчыма, анансуюць такія ж змены, як у Расіі
Пра змены ў беларускі асноўны закон пачалі гаварыць яшчэ ў 2018 годзе. З таго моманту рэакцыя першага прэзідэнта краіны змянялася некалькі разоў. Ад негатыўнай і непрымальнай да дэманстрацыі неабходнасці і ўхвалення абмеркавання.
Напэўна, на сённяшні момант махавік легітымацыі зменаў ужо запушчаны. Грамадству дэманструецца неабходнасць канстытуцыйных трансфармацый праз публікацыі і рэпартажы ў СМІ.
Можна зрабіць выснову, што ўлады абралі тактыку, адрозную ад мінулага досведу. Палітычнага крызісу, як у 1996 годзе, не назіраецца, аўральныя тэмпы 2004-га непатрэбныя.
Магчыма, карыстаючыся відавочнай апатыяй грамадства, улады могуць прасунуць амаль любыя папраўкі, якія зменяць сённяшнюю канстытуцыі да непазнавальнасці.
А магчыма, анансуюць такія ж змяненні, як у Расіі.
Канстытуцыйны суд ужо разгледзеў і прадставіў прэзідэнту спіс магчымых паправак, але да нядаўняга часу іх змест не быў вядомы грамадскасці.
І толькі ў сакавіку 2020 года на старонках «Советской Белоруссии» былі агучаныя кірункі магчымых змяненняў. Яны былі прадстаўленыя вузкім колам юрыстаў і журналістаў.
Можна сцвярджаць, што найбольшыя змены нас чакаюць у дзейнасці мясцовай улады. Што анансавалася яшчэ летась членам Савета Рэспублікі Аляксандрам Папковым. Пра неабходнасць рэарганізацыі мясцовага самакіравання ён выказваўся так:
«Людзі перасталі вырашаць праблемы мясцовага значэння самастойна: усе чакаюць, што будуць прынятыя рашэнні на ўзроўні дзяржавы... Мы павінныя прапанаваць кіраўніку дзяржавы тую мадэль сучаснага кіравання на месцах, якая будзе вырашаць задачы, што стаяць перад краінай».
Папкоў таксама адзначаў памкненне ўладаў наблізіць беларускае заканадаўства ў гэтай галіне да еўрапейскіх нарматыўных актаў.
10 сакавіка 2020 года Рыгор Васілевіч, былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда Беларусі, у прэс-цэнтры «Советской Белоруссии» адзначыў:
«Варта было б заняцца істотным пераўтварэннем мясцовага кіравання і самакіравання».
Дэкан факультэта філасофіі БДУ Вадзім Гігін таксама выказаў думку пра неабходнасць павелічэння ролі мясцовых органаў улады:
«Такім чынам мы ўключым у легальнае палітычнае жыццё тых людзей, якія маюць палітычныя амбіцыі і жаданне сябе рэалізаваць. І створым сапраўдную грамадзянскую школу, дзякуючы якой чалавек зможа развівацца ад раённага ўзроўню палітычнага лідарства да нацыянальнага».
Трэнд на актывізацыю грамадскай актыўнасці Гігін разумее ў тым ліку і так:
«Усебеларускі народны сход — гэта адна з пазапарламенцкіх формаў народнага прадстаўніцтва. Можна зафіксаваць у Канстытуцыі, што гэта гістарычная традыцыя Беларусі».
Яшчэ адна істотная тэза, якую агучыў Васілевіч:
«Хацеў бы нагадаць, што ў нашай Канстытуцыі прадугледжаная норма аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах — гэта яшчэ адзін з інстытутаў дэмакратыі».
Варта ўлічваць, што гэтыя заявы рабіліся на пляцоўцы газеты, якая выдаецца адміністрацыяй прэзідэнта. Таму цяжка сабе ўявіць, каб такога кшталту выказванні супярэчылі кірункам магчымай канстытуцыйнай рэформы.
З поўнай упэўненасцю нельга сказаць, што інфармацыя, агучаная на прэс-пляцоўцы «Советской Белоруссии», будзе рэалізаваная ў новай рэдакцыі канстытуцыі. Але ўлічваць магчымыя тэндэнцыі, бадай, трэба.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”