Суседзі пра Беларусь: дыктатура і гвалт

Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma.org пра негатыўны імідж нашай краіны ў еўрапейскай прэсе, які фармаваўся дзесяцігоддзямі праз палітыку ўладаў.


У суседніх краінах стаўленне да Беларусі і беларусаў фарміруецца ў асноўным дзякуючы мясцовым СМІ. У меншай ступені — праз асабістыя кантакты людзей, што больш характэрна для памежных тэрыторый.

Нават у блізкіх Польшчы і Чэхіі першай асацыяцыяй з Беларуссю для большасці з’яўляюцца «Лукашэнка і БАТЭ». Менавіта гэтыя «элементы» ёсць асноўнымі «ньюсмэйкерамі» ў СМІ гэтых краін.

За гэты год дадалася яшчэ тэма каранавіруса, але яна таксама хіба звязаная з «першым элементам» інфармацыйнай карціны.
Большасць людзей фарміруе простыя асацыяцыі, прапускаючы праз сябе плынь інфармацыі, засяроджваючыся на простых вобразах, а не аналізуючы даследаванні сур’ёзных экспертаў.

Вельмі цікава, як зменіцца стаўленне да Беларусі і беларусаў падчас і пасля сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ў нашай краіне. Бо дзякуючы палітычным падзеям апошніх месяцаў пра нашу краіну сталі нашмат больш пісаць у СМІ суседніх краінаў.

Толькі шакуючыя навіны пра Беларусь

Успрыняцце графічных выяваў і відэа, гучныя загалоўкі артыкулаў больш адбіваюцца на падсвядомасці шараговага спажывальніка медыякантэнту. А сёння менавіта такога кшталту матэрыяламі пра Беларусь перапоўненая прэса. Таму варта зірнуць на гэтыя матэрыялы ў СМІ, прысвечаныя нашай краіне. Такім чынам можна паспрабаваць зразумець уяўленні суседзяў пра нас і Беларусь.

104167892_294462395017739_7851287313415286170_n.png

Харвацкая газета Jutarnji list: «Апошні дыктатар», «Кандыдатка не зважае на пагрозы дзецям»

Зразумела, што журналісты і рэдакцыі, імкнучыся да павелічэння аўдыторыі, выкарыстоўваюць гучныя загалоўкі і факты. Таму галоўныя навіны пра Беларусь у краінах-суседках апошнім часам насычаныя інфармацыяй, якая шакуе палякаў, чэхаў, харватаў, літоўцаў, эстонцаў.

Бо ў гэтых краінах не прызвычаіліся да такіх перадвыбарчых навінаў, якімі сёння запоўненыя інфармацыйныя стужкі.

104588858_259330962061968_6136798571928111710_n.png

Чэшская газета Blesk.cz: «Лукашэнка ўладкаваў сваю прыгожую палюбоўніцу ў парламент»

СМІ і інфармацыйныя сайты заўжды намагаюцца рухацца ў фарватары заяваў тых ці іншых палітыкаў. Найбуйнейшыя партыі і іх лідары ў суседніх краінах маюць пэўныя пазіцыі што да Беларусі, якія мала змяніліся з канца 90-х.

Таму і ў інфармацыйнай прасторы ўяўленне пра нашу краіну знаходзіцца нібыта ў зачараваным коле выбарчых падзеяў і рэпрэсіяў.

З нас зрабілі «страшылку» для еўрапейцаў

Галоўны лейтматыў навінаў пра Беларусь — палітычны ўціск, парушэнне еўрапейскіх нормаў уладамі, далей — рэакцыя і заявы розных еўраструктур, якія выказваюць занепакоенасць і абурэнне.

Напрыклад, з нядаўняй заявы афіцыйнага прадстаўніцтва ЕС:

«Беларускія ўлады павінныя паважаць асноўныя правы і свабоды чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі Беларусі».

Часам можа ўзнікнуць ўражанне, што такая рэакцыя палітыкаў і СМІ задавальняе выключна такая карціна пра Беларусь, якую яны малююць у свядомасці сваіх грамадзянаў праз публікацыі ў СМІ, што падхопліваюць трэнды, вызначаныя палітыкамі.

Сённяшнюю пазіцыю ЕС могуць патлумачыць так:

— ЕС намагаецца захаваць дыпламатычны твар, усведамляючы немагчымасць уздзеяння на ўнутраную палітыку Беларусі. Брусэль разглядае толькі інструменты трансфармацыйнага дрэйфу праз уцягванне Беларусі ў шматлікія партнёрскія праграмы па супрацоўніцтве.

— Еўрапейскія палітыкі задаволеныя існаваннем зоны ў выглядзе сённяшняй Беларусі паміж Расіяй і краінамі ЕС з адносна стабільнай знешняй палітыкай, без рэзкіх зменаў і сюрпрызаў. Да таго ж пачатак паставак нафты з ЗША можа разглядацца як спроба Мінска падтрымліваць баланс супрацоўніцтва Захад — Усход, кампенсаваць эканамічную залежнасць ад Расіі, а з нядаўняга часу — і ад Кітая, такімі больш палітычнымі, чым эканамічнымі, крокамі, як дыверсіфікацыя паставак энерганосьбітаў.

— Асобныя еўрапейскія палітыкі зацікаўленыя ў далейшым існаванні дзейнага рэжыму ў Мінску, які можа разглядацца як «пудзіла» для выбаршчыкаў падчас унутрыпалітычных кампаній.

Як прыклад — нядаўняя шырокая акцыя польскай грамадскасці ў адказ на парушэнні правоў у краіне з боку ўладаў і паліцыі. Палякі параўноўвалі дзеянні рэпрэсіўных органаў з захадамі беларускіх уладаў па ўціску апазіцыі ў 90-х — пачатку 2000-х.

Лозунгам той акцыі ў Польшчы было «Мелі стаць другою Ірландыяй, а маем другую Беларусь».

105708295_588678392078407_708985262702604798_n.jpg

Бо менавіта Беларусь ў свядомасці палякаў з’яўляецца жывым прыкладам парушэння грамадзянскіх правоў і ўзурпацыі ўлады.

104159872_1071462993249283_6650797779933301033_n.png

З сайта польскага тэлеканала TVN.pl: «Журналістка затрыманая падчас эфіру»

Зменяць сітуацыю толькі нашыя годныя справы

Нехта можа сказаць пра тэндэнцыйнасць падачы інфармацыі пра Беларусь. Маўляў, пра нашу краіну публікуюць толькі адмоўныя матэрыялы ў СМІ. Напэўна, частка праўды ў гэтым ёсць. Але калі б не было нагодаў публікаваць, не было б і тэндэнцыйнасці.

Напэўна, вектар інфармацыі хутчэй падкрэслівае зробленыя вышэй высновы пра тактыку еўрапейскіх суседзяў у дачыненні да Беларусі як да колішняй Албаніі, напрыклад.

Асаблівасцю постсавецкай прасторы ёсць тое, што нашыя краіны атаясамліваюцца ў першую чаргу з палітыкамі і кіраўнікамі. Пра гэта сведчыць і характар матэрыялаў у СМІ, і асабістае стаўленне шараговых грамадзянаў краінаў-суседак.

Нават з краінамі былога сацлагера сітуацыя зусім іншая. Ці шмат хто з беларусаў ведае, напрыклад, хаця б пару прозвішчаў польскіх, літоўскіх, эстонскіх, харвацкіх альбо чэшскіх палітыкаў?

Чытайце таксама: Беларусь як санітарны кардон

Можа, прыйдзе час, калі сенсацыйныя загалоўкі ў СМІ пра нашу краіну будуць асвятляць нашыя годныя справы і поспехі, а зусім не навіны пра чарговыя затрыманні ці парушэнне правоў?

Да сёлетніх падзеяў уяўленні пра беларусаў і нашу краіну ў большасці нашых суседзяў фарміраваліся дзякуючы навінам пра дзеянні нашых уладаў.

Каб сітуацыя змянілася, менавіта людзі павінныя выйсці на першы план і такім чынам заняць палосы газет і топ-раздзелы сайтаў. Ці атрымаецца ў беларусаў змяніць сітуацыю, каб у суседзяў Беларусь у першую чаргу асацыявалася з яе народам, а  не палітыкамі і трактарамі?

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!

Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»