Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра тое, якім чынам нашая краіна можа ў перспектыве ператварыцца ў «шэрую зону».
Разам з паведамленнямі пра паслабленне каранцінных мераў па ўсёй Еўропе можна пачуць і меркаванні пра далейшыя меры, якія дапамогуць пазбегнуць хуткага распаўсюду каранавіруса ці іншых небяспечных хваробаў.
Нашы суседзі — краіны Балтыі — ужо адкрылі межы паміж адна адной, ідзе абмеркаванне і далейшых крокаў.
Кіраўнік Цэнтра эпідэміялогіі Літвы падкрэсліў неабходнасць абсталявання прыладамі для кантролю за тэмпературай вандроўнікаў на памежных пунктах. Пра беларусаў і грамадзян Расіі прафесар асобна адзначыў:
«Чаму б не ўвесці пашпарт або сертыфікат COVID-19? Хочаш праехаць — праверся і пакажы.
Яшчэ адно пытанне: я думаю, што хутка надыдзе такі час, калі можна мець на мяжы спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога за 30 хвілін, проста на месцы, можна выканаць тэст. Так, гэта каштуе грошай, але, можа, сам чалавек быў бы зацікаўлены заплаціць».
Літоўцы зусім не наватары ў пытанні прапановаў па тэставанні і сертыфікатах на мяжы.
Першымі такую ідэю вырашылі ажыццявіць у Ісландыі, краіне, якая вядомая сваім «мяккім» каранцінам, вялікай колькасцю тэстаў і ўнікальнай сістэмай адсочвання любых кантактаў хворых грамадзянаў па аналізе іх перасоўванняў.
Ісландцы адкрываюць межы для падарожнікаў з усяго свету ўжо 15 чэрвеня.
Але трапіць на выспу можна будзе толькі пры ўмове наяўнасці сертыфіката аб стане здароўя альбо здаўшы тэст з наступнай абавязковай самаізаляцыяй.
У параўнанні з літоўцамі ісландцам нашмат прасцей, бо краіна мае толькі адзін міжнародны аэрапорт і ўсяго некалькі марскіх. Таму кантроль не будзе вымагаць вялікіх фінансавых выдаткаў.
Чаму тады літоўцы выступаюць з такімі прапановамі?
Нешта падказвае, што словы чыноўніка маюць пэўны палітычны падтэкст.
Цалкам імаверна, што існуе і іншы аспект, які можа хавацца за прапановамі літоўскага службоўца.
Не сакрэт, што літоўская дзяржава адмоўна ставіцца да адкрыцця ў Астраўцы атамнай электрастанцыі. У гэтым пытанні шмат непаразуменняў, якія за апошнія гады назапашваліся ва ўзаемаадносінах паміж афіцыйнымі Мінскам і Вільнюсам. У першую чаргу эканамічных, а за імі і палітычных.
Таму нельга не ўлічваць як унутрынапалітычны, так і знешнепалітычны падтэксты, якія можа мець прапанова кіраўніка Цэнтра эпідэміялогіі Літвы.
Зніжэнне ўзроўню колькасці захворванняў і смерцяў ад каранавіруса, зняцце каранціну не прынесла змяншэння напружанасці ў рыторыцы палітыкаў, у СМІ.
Тэма так званай «другой хвалі» эпідэміі журналісты і эксперты наўпрост звязваюць з Кітаем як яе крыніцай і прычынай. Але не толькі.
Усё часцей можна пачуць пра «некантраляваную эпідэмію» на ўсходзе Еўропы. Напрыклад, у публікацыі на старонках аўтарытэтнага англійскага выдання The Telegraph эксперты адзначаюць небяспечныя тэрыторыі ад Беларусі да Казахстана як магчымы эпіцэнтр новай хвалі, што можа дакаціцца і да Захаду.
Памылкова думаць, што суседзі Беларусі не сочаць за гэтымі тэндэнцыямі ў выказваннях еўрапейскіх палітыкаў і экспертаў, не маюць кансультацый і ўзгаднення пазіцый з імі. Магчыма, адмыслоўцы ў краінах-суседках ужо пралічваюць варыянты, як скарыстацца хваляй імавернай новай інфармацыйнай кампаніі.
Гэта можа выявіцца ў далейшым ціску на беларускі ўрад з боку Літвы па справах БелАЭС альбо ў апраўданне магчымых абмежаванняў па экспарце ці транзіце тавараў з беларускай тэрыторыі, вольным перасоўванні турыстаў.
З улікам пагаршэння іміджу Кітая сярод заходняга істэблішмэнту, фактычнага новага вітка гандлёвага супрацьстаяння ЗША з Пекінам Беларусь і краіны рэгіёна могуць чакаць вялікія змены. Цалкам імаверна, што яны будуць тычыцца і перасоўвання людзей і тавараў праз межы. Такім чынам, наша краіна можа стаць своеасаблівым фільтрам ці санітарным кардонам паміж «заходнім светам» і Кітаем, як для людзей так і для тавараў.
А рыторыка пра «другую хвалю» каранавіруса з усходу кантынента можа стаць добрай нагодай для ўвядзення абмежавальных мераў.
У сітуацыі нарастання эканамічнага крызісу ва ўсім свеце кожная краіна будзе імкнуцца засяродзіць на сабе як мага больш у тым ліку і таварных плыняў альбо ашчадзіць грошы на скарачэнні выдаткаў на дастаўку тавараў. Роля Беларусі як транзітнага калідора для кітайскіх тавараў даволі істотная ў еўрапейскай эканоміцы. Праз нашу краіну праходзіць адна з галінаў «новага шаўковага шляху».
Таму ў гэтым кірунку Беларусь можа аказацца адным з канкурэнтаў Еўрасаюза ў сённяшнім цяжкім эканамічным становішчы.
Палітыкам у прэсе будзе няцяжка апраўдаць дзеянні па яшчэ большым адмежаванні ад нашай краіны, бо стаўленне да Беларусі на Захадзе ўжо доўгі час не найлепшае. У гэтай сувязі згадваецца іншая даўняя праблема, якую могуць хутка актуалізаваць не толькі нашы суседзі з Балтыі ці Польшчы, — кантрабанда цыгарэт.
Тым больш тэма дасягнула настолькі фатальных маштабаў, што нават знакаміты тэлеканал BBC не так даўно прысвяціў цэлы рэпартаж Гародні – гораду, дзе, на думку вялікай колькасці жыхароў выспы, толькі і робяць, што вырабляюць цыгарэты, якімі нелегальна гандлююць па ўсёй Брытаніі.
Еўропа ўжо нават паспела выдаткаваць грошы на пабудову сапраўднага плота на латвійска-беларускай мяжы. Будаўніцтва наўпрост звязвалі з неабходнасцю спынення кантрабанды.
Зараз праз эпідэміюкаранавіруса і палітыку беларускіх уладаў па супрацьстаянні распаўсюду хваробы імідж нашай краіны можа яшчэ больш пацярпець. Заходнім СМІ не будзе складана змяніць стаўленне сваіх грамадзянаў да Беларусі не толькі як да краіны — «шэрай зоны», вытворцы кантрабанды і парушэння правоў чалавека, але яшчэ як да сапраўднага цэнтра распаўсюду эпідэміі.
Афіцыйная статыстыка пра колькасць захворванняў у Беларусі, стаўленне кіраўніка краіны да праблемы эпідэміі, якія шырока асвятляліся на Захадзе, не дадаюць аргументаў на нашу карысць.
Грамадзяне Беларусі і іншых краін у такой сітуацыі могуць аказацца ахвярамі вялікіх эканамічных інтарэсаў. Калі раптам будзе абмежаваны транзіт тавараў праз нашу краіну, цалкам лагічным будзе захаванне забаронаў на перасячэнне мяжы для большасці нашых грамадзянаў.
Прыклад Украіны ў гэтым сэнсе даволі яскравы.
Кіеў афіцыйна адчыніў межы для грамадзянаў ЕС, але еўрапейцы не спяшаюцца рабіць такія крокі. Адзінае выключэнне зробленае для агенцый па працаўладкаванні, якія пралабіравалі ва ўрадах Фінляндыі, Нямеччыны і Польшчы магчымасць завозіць танную працоўную сілу з Украіны на сельгаспрадпрыемствы гэтых краін.
Захаваецца такое стаўленне да жыхароў краінаў нашага рэгіёна ці пагоршыцца разам з фарміраваннем своеасаблівага санітарнага кардона на межах Еўрасаюза? Здаецца, будучыня гэтага пытання больш залежыць ужо не ад эпідэміялагічнага становішча, але ў першую чаргу ад настрояў буйнога капіталу і рацыі еўрапейскіх палітыкаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»