Істотны дыпламатычны удар з боку Захаду?

04.11.2021 Замежжа

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра стаўленне заходніх краінаў да «беларускай праблемы» і іх спробы ўздеяння на Мінск.


Напрыканцы кастрычніка еўрапейская эканамічная камісія ААН адрэагавала на  пазбаўленне легальнага статусу ў Беларусі шэрагу экалагічных ініцыятыў.

Камітэт з краінаў-сябраў Орхускай канвенцыі правёў адмысловыя слуханні, якія тычыліся праблемаў беларускіх экалагічных арганізацый.

У выніку большасць падпісантаў канвенцыі рэкамендавалі каманднаму апарату ў Мінску цягам лістапада аднавіць рэгістрацыю экалагічных НДА і выправіць іншыя парушэнні.

Чытайце па тэме:

Бакі Орхускай канвенцыі асудзілі ліквідацыю «Экадома» і могуць прыпыніць для Беларусі прывілеі па канвенцыі

Даволі ўплывовы еўрапейскі сайт politico.eu паспяшаўся надрукаваць матэрыял, дзе сцвярджаецца, што сістэме кіравання Беларуссю нанесены істотны дыпламатычны ўдар: «Дэлегацыю з Беларусі не пазбавяць права голасу, але магчымыя абмежаванні не дазволяць старшынстваваць у бюро і ўдзельнічаць у аператыўных групах. Іншыя краіны змогуць афіцыйна выкарыстоўваць рашэнне камісіі ў якасці аргументаў для новых эканамічных санкцый.»

У параўнанні з мінулымі дэмаршамі заходніх краін і спробамі ўздзеяння на Мінск, рэкамендацыі камітэта выглядаюць даволі аператыўнымі.

Відавочна, што адміністратыўны апарат парушыў магістральны экалагічны напрамак стратэгіі ААН. Магчыма таму, на рэакцыю не трэба было чакаць.

Можна разгледзець і варыянт, што такі фармат ціску можа ўпісвацца ў актывізацыю заходняга істэблішменту на беларускім напрамку. Пра якую могуць сведчыць апошнія заявы нямецкіх палітыкаў з дзеючага ўраду і іх магчымых наступнікаў, што тычацца абмеркавання чарговага пакета санкцый у сувязі з міграцыйным крызісам. Сумнеўна, што экаарганізацыі разглядаліся як сур’ёзны элемент стрымлівання будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю АЭС у Астраўцы, таму рэакцыя была настолькі хуткая.

Здаецца, і актуальнасць праблемы АЭС ужо страчаная, і Астравец настолькі далёка ад умоўнага Берліна, што Вільнюсу цяжка трымаць тэму электрастанцыі на вастрыні працяглы час.

Яшчэ не час на незваротныя крокі?

Заява камісіі ААН і агучаныя планы па ўздзеянні на камандную сістэму ў Мінску выглядаюць вельмі рашучымі на фоне былых «асуджэнняў» і «выказванняў надзвычайнай занепакоеннасці». Падаецца, што адзінае пытанне, якое сапраўды турбуе міжнародную супольнасць датычна Беларусі — гэта закрыццё экалагічных арганізацый. У іншых сферах інструментаў ціску на кіруючы апарат у Беларусі ў заходніх краінаў не так і шмат. Таму захады ЕС і ЗША пасля апошніх падзеяў у нашай краіне могуць падавацца больш рытуальнымі, чым эфектыўнымі.

Можна сказаць, што лёс грамадзянаў і грамадскай супольнасці ў Беларусі не асабліва турбуюць «калектыўны захад». Бо ў параўнанні з рэакцыяй на ўціск экалагічных ініцыятываў, уся астатняя заходняя палітыка выглядае вельмі маруднай і хаатычнай.

Нават міграцыйны крызіс, які мае працяг у выглядзе наўпроставых правакацый на мяжы з выкарыстаннем зброі, няхай пакуль што і з халастымі зарадамі, не выклікае, па меркаванні асобных польскіх палітыкаў, дастатковай рэакцыі.

Romuald-Szeremietiew-700x342.jpg
Рамуальд Шарамецьеў, фота rdc.pl

Напрыклад, былы намеснік і дарадца міністра абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў у інтэрв’ю адзначыў: «Польскія і еўрапейскія палітыкі спадзяюцца, што правакацыі з боку беларускіх вайскоўцаў спыняцца самі сабою. І не жадаюць рашуча спыняць іх, уздзейнічаць на крыніцы праблемаў у Мінску і Маскве.»

Таксама ён нагадаў пра існаванне такога дзейснага інструмента на выпадак эскалацыі, як абвяшэнне вайны: «Варшава мае права абвясціць вайну Беларусі. Такое дзеянне не прадугледжвае абавязковы пачатак вайсковай аперацыі з уварваннем на тэрыторыю праціўніка. Рада бяспекі ААН у такім выпадку прыме бок Польшчы, і аб’явіць Беларусь агрэсарам. Іншага варыянту няма.

І тады не толькі Польшча мае права цалкам спыніць рух тавараў і людзей праз мяжу і разарваць дыпламатычныя стасункі, але і нашы партнёры будуць вымушаныя зрабіць тое ж самае. Аб далейшых дзеяннях з боку міжнароднай супольнасці рашэнні будзе прымаць Рада бяспекі ААН.»

Узровень эскалацыі на мяжы будзе толькі нарастаць

На думку былога намесніка мінстра абароны Польшчы, пакуль польскія палітыкі і сусветная супольнасць устрымліваюцца ад кардынальных дзеянняў, узровень эскалацыі на мяжы будзе толькі нарастаць.

І сапраўды, у апошні час паведамляецца ўжо не толькі пра сілавыя прарывы агароджы на мяжы, але і пра стрэлы з боку беларускіх памежнікаў з сігнальнага пісталета ў накірунку польскіх службоўцаў . Другі выпадак — дзіўны выбух у зоне мытнага нагляду на польскім баку. Цяжка сабе ўявіць, каб у боксе для праверкі аўтамабіляў мог выбухнуць газ. Тым больш, што афіцыйна паведамляецца пра эпіцэнтр выбуху ў каналізацыйнай студні.


000D1BHA7BYVIX62-C122-F4.jpg

Фота: i.iplsc.com

Ёсць абгрунтаваныя здагадкі, што еўрапейскі істэблішмент не мае стратэгічнай лініі адносна ўсходняй палітыкі ўвогуле.

Марудную і нерашучаю рэакцыю на падзеі ва Украіне ў 2014 г. можна было спісаць на вялікую адлегласць ад межаў ЕС і нечаканасць. Але і пасля 7 год гібрыдныя дзеянні ў нашым рэгіёне не выклікаюць своечасовых і тактычна вывераных крокаў.

Еўрапейцам спатрэбілася некалькі месяцаў, каб прызнаць гібрыдны характар сітуацыі на беларускіх межах. Але адзіным пакуль шляхам вырашэння праблемы ў Польшчы і Літве бачаць будаўніцтва плота. Дарэчы, у фінансаванні каторага структуры ЕС прымаць удзел не намераныя.

c96ebe83c8525ac7d9cd6e87c07b.jpeg
Калючы дрот на беларуска-польская мяжы. Фота: wprost.pl

Пакуль захад спрабуе толькі рэагаваць на наступствы, складаецца ўражанне, што палітыкі Еўрасаюза робяць усё магчымае для захавання статус-кво ў нашым рэгіёне са сталым транзітам тавараў і крамлёўскім уплывам на кожны працэс — ад бяспекі да эканомікі.

Хіба што, названая «дыпламатычным ударам» рэзалюцыя па праблемах экалагічных арганізацый можа стаць паваротным пунктам?

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org