Дыскусія на вольным паветры: “Магілёўшчына адпачывае па-беларуску: што маем і што хочацца?”

“Ой, лета, летачка, лета…” – даносіцца з прыёмніка пяшчотны голас Паліны Рэспублікі і адразу адчуваеш подых цёплага летняга ветрыка, перад вачыма паўстаюць карцінкі палёў, лясоў, азёраў. Адразу хочацца забыцца пра гарадскую мітусню і прачнуцца ва ўтульнай вясковай хаце ад спева птушак, адчуць пах смачнай ежы з печы, не думаць ні пра што і насалоджвацца адпачынкам.

Беларусі ў гэтым сэнсе пашчасціла, бо яна мае ўсе рэсурсы для паспяховага развіцця аграэкатурызма. Але што адрознівае адпачынак у беларускай вёсцы ад адпачынку ў італьянскай ці літоўскай вёсцы?

25 ліпеня грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашае ў этнаграфічны комплекс “Зялёны гай” у Магілёве на дыскусію на вольным паветры “Магілёўшчына адпачывае па-беларуску: што маем і што хочацца?”.

july_mahiliow_print

Прапануем разам паразважаць пра сучасны стан і далейшае развіццё аграэкатурызма ў Магілёўскай вобласці, пра адметнасць беларускага стылю сядзібаў і месцаў для адпачынку; што такое адпачынак у нацыянальным стылі і чым унікальны Магілёўскі рэгіён; як нацыянальнае зрабіць паспяховым і прыбытковым.

Госці сустрэчы:

Сяргей Кулягін (Магілёў), старшыня абласного савета па развіцці аграэкатурызму, арганізатар штогадовага фестывалю “Бард-рыбалка”;

Міхал Анемпадыстаў (Мінск), дызайнер, даследчык беларускай культуры;

Святлана Маханькова, уладальніца аграсядзібы “Шэрая шыйка” (Магілёўскі р-н);

Анатоль Ганец, уладальнік сядзібы “Ганка” (Валожынскі р-н, Мінская вобл.).

Вядучы Аляксандр Агееў (Магілёў), гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова.

Запрашаем усіх зацікаўленых бізнэсоўцаў і турыстаў, аматараў добрага адпачынку і дасведчаных у сферы турызма, прадстаўнікоў гарадскіх і рэгіянальных аддзелаў спорта і турызма, грамадскіх і культурных дзеячаў, журналістаў, блогераў і ўсіх тых, хто хацеў бы паслухаць, прапанаваць свае ідэі ці падзяліцца гісторыямі поспеху ў турыстычнай сферы.

Вольна размаўляем на вольным паветры! Пасля сустрэчы вас чакаюць незвычайная гарбата і пірагі ад спадарыні Маргарыты!

Этнаграфічны комплекс “Зялёны гай” (г. Магілёў, Загарадная шаша, 1Б, аўтобусны прыпынак “Зялёны гай” насупраць мікрараёна Спадарожнік)

Пачатак 18:00.

Удзел у сустрэчы бясплатны.

Даведкі: (029) 319-93-09, www.budzma.by.