Дыяна і Максім: “Калі не я, то хто?”

dzijana-d-i-maksim-p

— Я прыйшла да беларускага жыцця, начытаўшыся беларускай класічнай літаратуры: Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. Падумала: чаму не я? І калі не я, то хто будзе беларускай, будзе размаўляць на маёй роднай мове? Не было ніякай палітычнай заангажаванасці.

Я паходжу з досыць звычайнай беларускай сям’і, бацькі не мінчукі, але прыехалі вучыцца ў Мінск ва універсітэтах, паспяхова забыліся на беларускую мову, знаходзячыся ў студэнцкім расійскамоўным асяроддзі.

Я вяртаю іх да натуральнай мовы. Мая сям’я не паўплывала на маю беларускасць. Хутчэй наадварот: мой пераход на беларускую мову паўплываў на іх. Яны сталі больш цікавіцца нашай культурай, літаратурай. Пераход на мову быў вельмі асэнсаваны. Дзесьці з восьмага класу я планавала, што як скончу школу, то змяню нешта ў жыцці. Гэта не было зроблена пад уплывам імгненных сустрэч ці ўражанняў. Цяжка прыйсці і сказаць: з сённяшняга дня я размаўляю па-беларуску. Найпрасцей дастасаваць гэта да зменаў у жыцці.

Бацькі пазітыўна адрэагавалі на мой пераход на беларускую мову, у іх не было якогасьці перадузятага стаўлення да яе.

Побач са мной быў толькі адзін чалавек, які размаўляў па-беларуску. Гэта вельмі блізкі сябр. А астанія і сёння застаюцца расійскамоўнымі. Праз беларускую мову нашыя стасункі не пагоршыліся.

Цяпер я лічу сябе беларускай больш асэнсавана, чым раней. Быць беларускай азначае жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, мець беларускі светапогляд, цікавіцца беларускай культурай, літаратурай, паважаць суседзяў, але ў той жа час адрозніваць сябе ад іх па ўсіх прыкметах.

Дыяна, студэнтка

Максім: “Паўплываў беларускі рок”

— Я нарадзіўся ў расійскамоўнай сям’і. Ніякай беларускасці, атаясамлення сябе з Беларуссю, апроч слова на дзённіку, я не меў. Першае сутыкненне з іншым поглядам на гэта, больш актыўным, адбылося ў дзевятым класе, калі сябра, які захапляўся рокам, даў мне паслухаць N.R.M. А потым, праз трэці сектар трапіўшы на летнік, я пазнаёміўся з выключна беларускамоўным чалавекам, Алесем з Обухава,  і ў мяне ўсё змянілася. Я зразумеў, што беларуская мова – гэта не толькі прадмет у школе, для мяне накшталт замежнай. Але цалкам перайсці на яе ў мяне атрымалася пасля двух гадоў навучання ў Чэхіі, калі пазнаёміўся з іншай культурай. Я пабачыў, што можна вучыцца і размаўляць выключна на сваёй мове, а расійскую вывучаць як замежную.

Сям’я не паўплывала на маю беларускасць ніяк. Маці не ставіцца да беларускай мовы з вялікай прыязнасцю. Тату яна падабаецца больш, але і ён мне даказвае па-расійску. Усе мае сваякі жывуць у Мінску, і калі мы дзесьці збіраемся разам, то ўсе, апроч мяне, ад падлеткаў і да дзевяностагадовай бабулі, размаўляюць па-расійску.

Для мяне ўвасабленнем любой культуры ёсць мова. Да таго, хто размаўляе па-расійску, дзе б ён ні знаходзіўся, я стаўлюся як да расійца, нягледзячы на тое, што ён скажа пра сваё месца жыхарства. Гэта ў мяне першае ўражанне. Беларус павінны размаўляць па-беларуску.

Максім, студэнт

Аб праекце “Як я стаў беларусам”