Алесь Тодараў расказвае на budzma.org аб тым, што такое станоўчыя эмоцыі, чаму яны важныя для нашага жыцця і дзе іх шукаць.
Часам так здараецца, што жыццё пачынае падавацца беспрасветным. Усё ў ім бачыцца адно ў чорных фарбах, ніякага пазітыву. Гэта першы сігнал аб тым, што вам бракуе станоўчых эмоцый.
Давайце для пачатку разбяромся з тым, а што ж такое ўласна гэтыя эмоцыі?
Эмоцыі — гэта кароткачасовыя суб’ектыўныя рэакцыі чалавека на навакольны свет. Найбольш вядомыя: радасць, гнеў, сорам. Пачуцці — гэта ўстойлівае эмацыйнае стаўленне да іншых людзей або з’яваў. Пачуцці наўпрост звязаныя з нашай свядомасцю, таму яны могуць развівацца і ўдасканальвацца.
Эмоцыі бываюць узбуджальнымі — гэта значыць, якія падвышаюць жыццядзейнасць чалавека, і прыгнятальнымі — якія падаўляюць ягоныя жыццёвыя працэсы.
Крыніца: oilsessential.ru
Станоўчыя эмоцыі заахвочваюць чалавека да дзеяння, найперш яны ўзнікаюць пры задаволенасці. Пачніце шукаць простыя радасці жыцця, і ў мозгу пачнецца стымуляцыя, якая прывядзе да выдзялення ў арганізм вялікіх доз эндарфінаў, гармонаў задавальнення. А значыць і станоўчых эмоцый, якія ўзбуджаюць і павышаюць вашу жыццядзейнасць, спараджаюць харошы настрой і дапамагаюць будаваць пазітыўную карціну свету.
Для чалавека натуральна шукаць радасць — гэта адзін з падставовых інстынктаў самазахавання.
Як бачым, эмоцыі, а калі яны яшчэ і станоўчыя — гэта вельмі добра, бо менавіта яны робяць нас людзьмі. Але часам праява пачуццяў замінае нам думаць разумна і прыводзіць да памылак. Трэба ўмець праяўляць і выражаць іх у правільны час і ў правільным месцы. Каб усё было дарэчным, аб чым мы ўжо раней гаварылі.
Вельмі важна навучыцца выказваць свае эмоцыі і не баяцца гэтага. Неверагодна, але для многіх гэты тэзіс можа стаць адкрыццём — што не толькі можна, але яшчэ і трэба выказваць свае эмоцыі. Бо традыцыйна ў нашай, беларускай культуры тое было не асабліва прынята.
Калі мы душым свае пачуцці, недагаворваем нешта, закрываемся ад навакольных, мы рана ці позна пачынаем сябе менш паважаць. Ставім у прыярытэт не тое, што адчуваем мы менавіта тут і цяпер, а тое, што падумаюць пра гэта іншыя. Згадаць вядомае ўсім беларускае «а што скажуць людзі» тут будзе вельмі дарэчы. Такія паводзіны ў выніку прыводзяць не толькі да заніжэння самаацэнкі, але нават да развіцця захворванняў.
Крыніца:psyfiles.ru
Напрыклад, існуць даследаванні, якія пацвярджаюць прамую сувязь паміж адмаўленнем ад эмоцый і павышэннем рызыкі смяротнасці.
Пачаць працаваць са сваімі эмоцыямі можна рознымі спосабамі. Вось некаторыя з іх, самыя простыя з якіх можна пачаць ужо заўтра, не чакаючы панядзелка.
Першае, аб чым варта падумаць — гэта перапынкі ў працы. Пераключацца з працоўных праблем лепш за ўсё дапамагаюць фізічныя практыкаванні, шпацыры і хобі.
Можна паспрабаваць заняцца спортам. Успомніце сваё адчуванне пасля трэнажорнай залы ці прабежкі ў парку. Цела ў тонусе, вы напоўненыя энергіяй, а галоўнае — пазітывам.
Не лішняй будзе адмова ад стымулятараў. Залежнасць ад кавы ці салодкага — насамрэч даволі сур’ёзная праблема. Напрыклад, кафеін павышае ўзровень карцізола вышэй за натуральны. Увесь час падвышаючы яго да ненатуральна высокага ўзроўню з дапамогай кавы, мы перагружаем нервовую сістэму, робімся без дай прычыны трывожнымі.
Гарантавана дапаможа і чытанне кніг. Цяпер ёсць вялікая колькасць кніг на самую розную тэматыку. Выбірайце тыя, якія адкрыюць для вас нешта новае і дадуць штуршок у развіцці вашага ўнутранага свету. Кнігі, хай сабе і не надта значна, але ўсё ж спрыяюць змене поглядаў на многія рэчы. А як вядома, нават дробязі могуць памяняць усё жыццё кардынальным чынам.
Паспрабуйце адчуць сябе сапраўдным творцам. Не ў сэнсе богам, а ў сэнсе таго, што не саромейцеся нешта ствараць. Малюйце, спявайце, танчыце і ўвасабляйце ўсе свае ідэі ў рэальнасць. Творчасць дапамагае не губляць натхнення і шукаць нешта новае, кожны дзень развівацца.
Слухайце кожны дзень музыку. Сумная музыка дапамагае перамяніць настрой і сітуацыю, а які-небудзь рок прымусіць вас рухацца. Музыка адна з галоўных крыніц барацьбы з самотай і дэпрэсіяй, бо гэта творчасць у самым чыстым выглядзе.
Часцей збірайцеся з сябрамі, паспрабуйце стаць душой кампаніі. Навошта вам чакаць той пятніцы або выходных, каб убачыцца з блізкімі людзьмі? Сябры дапамагаюць не адчуваць сябе самотнымі. Ідзіце на любое глупства, пусціцеся «ва ўсе цяжкія» і надайце свайму жыццю тых фарбаў, аб якіх вы марылі, але баяліся ажыццявіць.
Усё гэта гарантавана дапаможа вам зарадзіцца новай энергіяй і атрымаць порцыю станоўчых эмоцый, якія застануцца з вамі працяглы час.
Таксама існуе некалькі простых спосабаў, якія дазволяць падтрымліваць эмацыйны баланс у тонусе. Яны працуюць як паасобку, так і ў комплексе.
Актыўнасць цягам дня
Крыніца:acrb.tomsk.ru
Гэта самы просты спосаб пазбавіцца ад негатыўных думак і прымусіць кроў хутчэй цыркуляваць па арганізме. Калі цэлы дзень ляжаць/сядзець і нічога не рабіць, то ваша сітуацыя ніяк усё адно не вырашыцца. Таму прымушайце сябе рухацца, нават калі вам гэта не вельмі хочацца рабіць.
Рэгулярнае пітво
Каб стабілізаваць эмацыйны фон, трэба пачаць рэгулярна піць ваду. Самы мінімум — пара літраў на дзень. Гэта карысная звычка, якая ўплывае на разумовыя здольнасці чалавека. Ды і арганізм ваш таксама потым аддзячыць.
Здаровае харчаванне
Крыніца: pxhere.com
Чалавек павінен сачыць за тым, што і ў якой колькасці ляжыць у яго талерцы. Правільна падабраныя прадукты дапамогуць зарадзіцца энергіяй як фізічна, так і эмацыйна. Таксама варта пазбягаць пераядання, якое вядзе да псіхалагічнага дыскамфорту. А ён хай і не так заўважны, як лішняя вага, але ўяўляе небяспеку для ментальнага здароўя.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org