У Мінску прайшоў «Дзень Расіі». Рулька свіная 3.5 руб., люля кебаб — 5. Попкорн, піва халоднае. Трыкалоры, сярпы з малатамі. Дзядзечкі ў белых кашульках, дзяўчаткі ў кепачках. «А я ясные дні оставляю себе...» з танцамі ды «Офіцэры, россіяне...» з ліхтарыкамі на мабільніках.
Не ведаю, колькі там прыйшло на гэты шабаш. Але скажу па сакрэце: нават калі б Пуцін ужо цалкам фармальна далучыў Беларусь, а пасля зладзіў «Дзень Расіі», на яго ўсё адно прыйшлі б натоўпы.
Нават калі б Мінск раскаталі танкамі з літарай Z на бартах, а пасля зладзілі «Дзень Расіі» — на яго ўсё адно прыйшлі б.
Нават калі б Мінск зраўнялі з зямлёй ядзерным ударам, а пасля зладзілі «Дзень Расіі» — расійскае ТБ усё адно паказала б галаграмы цётачак, якія плачуць пад групу «Черные береты».
Думаеце, у акупаваным, цьфу-цьфу-цьфу, Кіеве, ніхто не пайшоў бы на «Дзень Расіі»? У горадзе на пару мільёнаў — знайшліся б. Паглядзіце на бабулек з Херсона, якія «ждалі-ждалі і дождалісь». Яны ёсць. Паўсюль.
Гэта не пра прыроду мінчукоў. Не пра прыроду беларусаў. Гэта — пра прыроду людзей. Пад любой акупацыяй любыя людзі паводзяць сябе больш-менш аднолькава. Нейкі адсотак супраціўляецца. Нейкі — ненавідзіць акупантаў моўчкі. Рэшта — жыве і купляе свіную рульку за 3.5 руб.
Пыльная ракушка, з якой не бачна зорак
Большасць людзей схільныя да адмаўлення аб’ектыўнай рэальнасці. Дакладней — да выбару таго варыянту рэальнасці, які ёсць найбольш зручным і камфортным у прапанаваных умовах. Калі не можаш ці не хочаш уплываць на рэальнасць — выберы на палічцы тую, якая па кішэні.
Бяда кіраўніцтва Расіі ў тым, што ўсе гэтыя мантры пра «адзінства», «ратныя подзвігі» і «землі» — гэта таксама адмаўленне рэальнасці. Гэта ўтульная ракушка з дзядулінага серванту, у якую можна схавацца. Там не бачна тэхналогіяў і зорак. Там пыльна, суха і гучаць мелодыі старых савецкіх фільмаў.
Усе імперыі свету — брытанская, французская, амерыканская, нават кітайская — перараслі тэму збірання/вяртання земляў. «Ратныя подзвігі» даўно сталі інструментам, прычым не самым папулярным, але далёка не самамэтай. Ніякае «адзінства», апроч прагматычнай супрацы, не патрэбнае. Бо навошта яно? «Мы — розныя. Мы — дамаўляемся» — прынцып, па якім жыве прагрэсіўны свет.
Выглядае, што Расія загулялася ў гістарычную рэканструкцыю і, урэшце, надурыла саму сябе. Раней эліты дурылі людзей, а пасля сталі закладнікамі гэтых натоўпаў, якім патрэбныя «землі», «подзвігі» і «адзінства». Землі, на якіх не будзе каму жыць. Подзвігі, якія не дапускаюць выжыўшых. Адзінства, сцэментаванае страхамі і адмаўленнем іншасці.
«Русафобія» — нежаданне жыць у свеце ілюзіяў
Калі Расія дэкларуе татальную вайну з «нацызмам» і «калектыўным Захадам», гэта варта чытаць як вайну з рэальнасцю. Вайну за права жыць у ілюзіі. За права не развітвацца са сваімі дзіцячымі страхамі: не ўваходзіць у пакой з выключаным святлом, то бок, у ХХІ стагоддзе. За права падоўжыць сваё дзяцінства яшчэ на пару сот год, а таксама — забараніць суседзям-аднагодкам ісці ў школу. Хай усе застаюцца ў садку. Тут жа весела, не?
Фота Марыам Нікурадзэ/OC Media
Пару год таму з сябрам мы думалі напісаць артыкул пра два глабальныя шляхі для чалавецтва. Умоўна «амерыканскі» (свабода) і «кітайскі» (таталітарызм). «Кітайскі» разглядаўся ў кантэксце саюзу Пекін-Масква, то бок — тэхналогіі і людзі + сыравіна і тэрыторыі. Магчыма, стратэгічна яно так і будзе, але тактычна флагманам усіх заганных чалавечых практыкаў на вачах стае акурат Расія.
Увесь комплекс таго, што называецца «русафобіяй» — гэта аб’ектыўнае нежаданне жыць у свеце ілюзіяў, бясконцага вяртання ў мінулае, падману і самападману. Менавіта Расія ўзяла на сябе такую ролю: так знутры выглядае іх ракушка, куды яны хочуць засунуць увесь свет. Расійцаў не любяць акурат за гэта, а не за балалайку ці Пушкіна. Балалайцы з Пушкіным, у пэўным сэнсе, проста не пашчасціла.
Таму «Дзень канца Расіі» стане сапраўдным міжнародным святам. Днём, калі будучыня зноў стане магчымай. Умоўныя аматары рулькі за 3.5 руб. і «ратных подзвігаў» фізічна наўрадці выведуцца. Але яны ўжо не будуць вызначаць мэйнстрыму. Галоўнае, што не будуць замінаць іншым рухацца наперад — ляцець да зор.
Алесь Кіркевіч, budzma.org