Дзень памяці Максіма Багдановіча

22.05.2012 Афіша

95 гадоў прайшло з таго часу, як адыйшоў у вечнасць самы малады класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Лёс не быў асабліва спагадлівым да паэта: страціўшы ў пяцігадовым узросце маці, ён быў звезены з Беларусі, здолеў прыехаць пазней на Бацькаўшчыну толькі два разы, і нават апошні свой прытулак знайшоў не ў роднай зямлі, а ў далёкай Ялце, куды паехаў з Мінска па настойлівай просьбе сяброў, каб паправіць здароўе. Але па іроніі лёсу так здарылася, што ў апошні шлях Максіма Багдановіча не праводзілі ні сябры, ні родныя: ён быў занадта далікатным для таго, каб лішні раз абуджаць да сябе ўвагу, хоць і разумеў, што на гэты раз, невылечная хвароба, сухоты, возьме сваё. Нябёсы забралі паэта да сябе ў ноч з 24 на 25 мая 1917, калі яму было ўсяго 25 з паловай гадоў.

Для беларусаў XXI стагоддзя Максім Багдановіч з’яўляецца адным з найяскравых прыкладаў бескарыслівага, самаахвярнага, адданага служэння Бацькаўшчыне. Ужо на працягу не аднаго дзесяцігоддзя стала традыцыяй для ўсіх, неабыякавых да творчасці паэта і яго лёсу, збірацца на чарговыя ўгодкі яго адыходу ў вечнасць ля помніка класіку ў Мінску, а таксама праводзіць літаратурна-музычныя імпрэзы.
25 мая 2012 года Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае прыняць удзел у наступных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня памяці Максіма Багдановіча.

Праграма:

12.00 – ускладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, у скверы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь)

14.00 – памінальная служба ў Саборы святых Пятра і Паўла (г.Мінск, вул. Няміга, 4)

17.00 – вечарына “Пад зоркай Максіма”. Удзел прымаюць беларускія пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтваў: Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Анатоль Бутэвіч, Таццяна Сівец, Людміла Хейдарава, Галіна Дзягілева, Ларыса Сімаковіч, Мікола Трус, Ціхан Чарнякевіч, Арцём Курань, Алеся Сівохіна.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча,
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а