Паводле беларускіх традыцый святы, якія мы сёння лічым аднадзённымі, часта адзначаліся па тры дні: Вялікдзень, Троіца. Свядома ці несвядома мы і цяпер узнаўляем гэту мадэль. Напрыклад, святкаванне Дня беларускай вайсковай славы ў Варшаве сёлета расцягнулася ад 8 да 10 верасня. Пра тое, як фармуецца сучасны нацыянальны беларускі святочны каляндар, піша фалькларыстка Алена Ляшкевіч.
Святкаванне Дня вайсковай славы ў Варшаве 9 верасня 2023 г.
Традыцыйная траістая мадэль святкавання
У этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі я часта чула «на другі дзень Вялікадня», «на трэці дзень Троіцы»: пасля гэтых святаў, якія адзначаюць у нядзелю, наступным паўнавартасным працоўным днём была толькі серада. Да цяперашняга часу ў некаторых вёсках стараюцца ў панядзелак і аўторак усё ж не працаваць у поўную сілу ці прынамсі не распачынаць новых спраў, толькі дарабляць старыя. Паводле беларускіх традыцый святы, якія мы сёння лічым аднадзённымі, часта адзначаліся па тры дні: Вялікдзень, Троіца, а часам іншыя.
Вяселле маглі гуляць цэлы тыдзень, але менш чым за тры дні было ніяк не паспець выканаць усе рытуалы. У дзень перад цырымоніяй вянчання ладзілі дзявочы вечар (развітанне маладой з незамужнімі сяброўкамі, і, шырэй, з дзявоцтвам), пяклі каравай. Уласна ў дзень вяселля малады забіраў маладую, вёз вянчацца, а потым у сваю бацькоўскую хату. Вясельнікі маглі гуляць і цэлую ноч, але маладых урачыста клалі спаць, каб назаўтра рытуальна абудзіць. Госці, якія разышліся па хатах, збіраліся дагульваць.
Лічба тры ў беларускай і шмат у якіх іншых культурах свету магічная. Тры разы паўтараюць і блаславенне, і праклён. Каб падзейнічала. Тры разы герой выконвае розныя чыннасці ў казках, пакуль даб’ецца жаданага выніку.
«Лічба «тры» акрэслівае завершанасць паслядоўнасці, якая мае пачатак, сярэдзіну і канец, яна часцей за ўсё фігуруе ў прадпісаннях тройчы здзяйсняць магічнае дзеянне (абыход, абворванне, абкурванне, чытанне замоў і г. д.)», — пішуць Ірына Клімковіч і Людміла Дучыц у энцыклапедыі «Міфалогія беларусаў».
Дзень беларускай вайсковай славы 2023
Свядома ці несвядома, мы і цяпер узнаўляем гэту траістую мадэль, і ў прыватным, і ў грамадскім жыцці. Прапануючы камусьці штосьці, што нам здаецца карысным, мы не ўспрымаем першую адмову, пасля другой да нас «даходзіць», але каб пераканацца, пытаем яшчэ трэцім разам. Як у казцы. А, напрыклад, святкаванне Дня беларускай вайсковай славы ў Варшаве сёлета расцягнулася ад восьмага да дзясятага верасня — на тры дні.
Лідар гурта Znich Алесь Таболіч вядзе канцэрт у Варшаве 8 верасня 2023 г.
Восьмага верасня ладзіла канцэрт прастора «Робім разам» (так перайменавалі памяшканне Беларускага моладзевага хабу. Пра спрэчную сітуацыю са зменай кіраўніцтва мы пісалі тут і тут. Найбольш наведвальнікаў прыйшло падчас канцэрта гурта Znich. Але агулам людзей як для беларускага канцэрта ў Варшаве было небагата. Прыхільнікі новага кіраўніка прасторы на плошчы Канстытуцыі Сяргея Бульбы лічаць, што патэнцыйныя наведвальнікі баяцца трапіць у «чорны спіс», бо ранейшы кіраўнік Алесь Лапко прыраўняў прастору да часова акупаванай тэрыторыі, а наведванне мерапрыемстваў там — да паездкі ў акупаваны Крым. Прыхільнікі Алеся Лапко, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што хадзіць на імпрэзы, арганізаваныя новым кіраўніцтвам, проста непрыемна і немаральна.
Наведвальнікі канцэрта 8 верасня 2023 г. у Варшаве
Дзявятага верасня святкаванне Дня вайсковай славы ладзіла арганізацыя РУХ і шматлікія беларускія арганізацыі Варшавы, у тым ліку старая каманда Беларускага моладзевага хабу, Музей вольнай Беларусі, які нядаўна адзначыў год дзейнасці, і іншыя (пра некаторыя мы пісалі тут). Святкаванне складалася з лекцый, шэсця і канцэрта.
Святкаванне Дня вайсковай славы ў Варшаве 9 верасня 2023 г.
Разам з бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнікі трымалі сцягі Украіны, Літвы, Польшчы, і бела-блакітна-белы сцяг расійскай апазіцыі. Людзей было паболей, чым восьмага верасня, але не так шмат, як можна было б чакаць. Можа быць, святочная дата яшчэ не заняла належнае ёй месца ў свядомасці беларусаў.
Святкаванне працягнулася дзясятага верасня ў Беларускім доме.
Зянон Пазняк на святкаванні Дня вайсковай славы ў Варшаве 9 верасня 2023 г.
Нацыянальны святочны каляндар беларусаў
У беларусаў паступова складаецца нацыянальны святочны каляндар. Акрамя рэлігійных праваслаўных і каталіцкіх святаў туды ўваходзяць даты, істотныя для нашай гісторыі. Ужо сёння дыяспара ў Варшаве адзначае Дзень Волі, ладзіць «Чарнобыльскі шлях», шэсці ў гадавіну выбараў 2020 г., на Дзяды. Дзень вайсковай славы добра ўпісваецца ў гэты шэраг. Спадзяюся, у новай Беларусі ўсе гэтыя даты стануць нацыянальнымі святамі.
Гурт Lity Taler выступае на святкаванні Дня вайсковай славы ў Варшаве 9 верасня 2023 г.
Што цікава, толькі два з гэтых пяці дзён адпавядаюць найбольш распаўсюджанаму сучаснаму разуменню свята: яны сапраўды вясёлыя. Восьмага жніўня, 26 красавіка, і першага (альбо, каму больш падабаецца, другога) лістапада — хутчэй дні памяці і смутку.
Дарэчы, Дзяды на пачатку лістапада таксама можна святкаваць тры дні: першага, другога, і яшчэ ў першую суботу месяца для праваслаўных. Акрамя таго, маем Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка. І Дзень народзінаў нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага другога лютага.
Здаецца, беларуская ідэнтычнасць жывіцца памяццю (паглядзіце, колькі гістарычных перадач выходзіць у незалежных медыях), і ўспаміны гэтыя збольшага невясёлыя.
Меркаванні аўтаркі могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі
Алена Ляшкевіч для budzma. org, фота аўтаркі