Яскравая і вялікая перамога над усходняй навалай, атрыманая на сваёй зямлі ў абарончай вайне. На пэўны час бітва, што адбылася на рацэ Крапіўне 8 верасня 1514, спыніла маскоўскае прасоўванне на Захад. На пачатку 1990-х гэтая дата яўна прэтэндавала на статус дзяржаўнага свята, напэўна, так бы і сталася, калі б не абставіны. Тым не менш Дзень беларускай вайсковай славы, якім лічылі яго яшчэ заснавальнікі БНР, застаецца такім і без дазволаў цяперашніх уладаў.
Аршанская бітва была эпізодам серыі войнаў, якія развязалі маскоўскія князі супраць заходніх суседзяў — Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Каралеўства Польскага. Але якім эпізодам! Вядомыя дзясяткі панегірыкаў, лятучых лісткоў, карцін ды гравюр, зробленых неадкладна пасля бітвы ў гонар аршанскага трыюмфу. Нечуваны розгалас для сярэднявечнай бітвы, якіх тады, зразумела, хапала на ўсім кантыненце.
Саюзным войскам ВКЛ і Каралеўства Польскага камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі, войскам Вялікага Княства Маскоўскага — ваявода Іван Чаляднін.
Агулам ваенная сітуацыя ўскладнялася перамовамі Васіля ІІІ з імператарам Святой Рымскай Імперыі Максіміліянам І аб стварэнні кааліцыі. Гэта магло фатальна паўплываць і на хаду вайны, і ўвогуле на лёс ВКЛ і Польскага каралеўства.
Летам 1514 года маскавіты ў чарговы раз аблажылі Смаленск, гэтым разам горад здаўся. 1 жніўня Васіль ІІІ урачыста заехаў у Смаленск, дзе прызначыў намеснікам князя Васіля Шуйскага. Маскоўскія войскі рухаюцца далей — адзін за адным занятыя нашыя гарады Крычаў, Мсціслаў і Дуброўна.
Падрыхтоўка да бітвы
Кароль Жыгімонт І Стары збірае толькі 35 000 войска, а маскоўскае налічвае каля 80 000 чалавек. Але, як зазначаюць гісторыкі, войска ВКЛ пераўзыходзіла маскавітаў па якасці ўзбраення і падрыхтоўкі. Сілы ВКЛ і Каралеўства Польскага ўключалі 16 000 літоўскай і 14 000 польскай кавалерыі, 3 000 польскай наёмнай пяхоты і 2 500 наёмнікаў з розных краін Еўропы. Меліся гарматы. Маскоўскае войска цалкам складалася з коннага апалчэння і не мела артылерыі.
Маскавіты сталі лагерам паміж Оршай і Дуброўнам на рацэ Крапіўне. Гетман Канстанцін Астрожскі адцягнуў увагу ворага, пераправіўшы невялікую колькасць кавалерыі на вачах маскоўскага дазору. Асноўная частка войска пераправілася праз раку вышэй па раце па двух пантонных мастах у ноч на 8 верасня. Чаляднін ведаў пра пераправу, але вырашыў не перашкаджаць ёй, каб даць канчатковы генеральный бой. Сігізмунд фон Герберштэйн, дыпламат Рымскай імперыі, прыпісвае Івану Чалядніну наступныя словы: «Пачакаем да таго часу, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, без сумневу, мы без асаблівага намагання зможам альбо скамячыць гэтае войска, альбо акружыць яго і гнаць, як быдла, аж да самай Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застанецца, — заняць усю Літву».
Гетман Канстанцін Астрожскі разгарнуў сваю армію ў дзве лініі. Спераду ён размясціў два кавалерыйскія палкі — ВКЛ і каронны, якім камандаваў Войцех Сампаліньскі. У другой лініі месціліся яшчэ два конныя палкі пад камандаваннем Юрыя Радзівіла і Януша Свярчкоўскага. Паміж імі стаялі атрады пяхоты з агнястрэльнай зброяй. Маскоўскае войска, на чале якога стаялі ваявода Іван Чаляднін і князь Міхаіл Булгакаў-Голіца, было пабудавана ў тры лініі. Фармальным кіраўніком быў прызначаны Чаляднін, але на справе кожны маскоўскі ваявода быў сам па сабе, каардынацыя паміж флангамі ў маскавітаў амаль адсутнічала.
Пастка для маскоўскага войска
Ранкам 8 верасня 1514 года Булгакаў-Голіца аддаў загад аб пачатку наступлення. Маскавіты спрабавалі абысці літвінаў з флангаў, якія былі ўкамплектаваныя польскімі і літоўскімі лёгкімі гусарамі. Апошнія здолелі адбіцца і пры падтрымцы польскай цяжкай кавалерыі перайшлі ў контратаку. Маскоўская атака захлынулася.
Літоўская і польская конніцы атакавалі перанапружаны цэнтр ліній маскоўскага войска, спрабуючы іх раскалоць. У вырашальны момант кавалерыя ВКЛ запланавана пайшла ў адступленне, маскавіты з крыкам «Літва ўцякае» перайшлі ў павальны наступ усімі кавалерыйскімі рэзервамі. Пасля таго, як літоўская кавалерыя раптам раз’ехалася ў розныя бакі, конніца Чалядніна апынулася ў пастцы — яна трапіла пад шчыльны агонь літоўскай артылерыі, што была схаваная перад бітвай і прыкрытая шэрагамі пяхоты. Польская і літоўская кавалерыя пачала абкружаць ворага, сярод маскавітаў пачаліся паніка і беспарадкавыя ўцёкі. Ахопленыя страхам, яны танулі ў балоцістых водах Крапіўны ў такой колькасці, як сведчаць храністы, што тая выйшла з берагоў. Войска Вялікага Княства Літоўскага пераследавала ворага амаль 60 кіламетраў.
Як пісаў вядомы расійскі гісторык Карамзін у сваёй «Истории государства Российского»: «Літвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над маскавітамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Воршай і Дуброўнай...»
Страты маскоўскага войска
У гэтай бітве маскоўскае войска зазнала страшэнныя страты. Паводле звестак польскіх хронік, у бітве з боку Масквы загінула сама мала 30 тысяч чалавек. Перамога выклікала шок у Маскве не толькі разгромам двух карпусоў арміі, але яшчэ і тым, што ў палон патрапіў практычна ўвесь камандны склад на чале з Іванам Чалядніным і Міхаілам Булгакавым-Голіцай. Мноства ваяроў, у тым ліку 380 дваран і дзяцей баярскіх. Такога ў гісторыі Маскоўскага княства яшчэ не было.
Значэнне Аршанскай бітвы
Гісторыкі зазначаюць, што перамога пад Оршай усё ж, хоць і буйная, але тактычная. Яна спыніла прасоўванне маскавітаў на пэўны час, але не спыніла вайну. Смаленск Астрожскаму таксама не ўдалося адбіць — пакуль войска прасоўвалася да горада, у Смаленск падцягнуліся дадатковыя сілы Масквы.
Але палітычныя наступствы бітвы пад Оршай цяжка пераацаніць. Германскі імператар Максіміліян I быў настолькі ўражаны размахам перамогі, што паставіў кропку ў перамовах наконт саюзу з Масквой і распачаў мірныя перамовы з каралём Жыгімонтам у Вене. Кааліцыі Масквы з магутнай сілай на Захадзе паўстаць не атрымалася.
У снежні 1514 года гетман Канстанцін Астрожскі з трыумфам увайшоў у Вільню. У гонар яго перамогі былі ўзведзены дзве праваслаўныя царквы: царква Святой Тройцы і царква святога Мікалая. 3 снежня кароль Жыгімонт даў у гонар гетмана ўрачысты прыём. Астрожскага пры двары сталі зваць «Сцыпіёнам Руськім», параўноўваючы яго са Сцыпіёнам Афрыканскім, што калісьці выратаваў Рым ад Карфагену.
***
Бітва пад Оршай прыцягвала ўвагу беларускіх гісторыкаў, адраджэнцаў яшчэ першай хвалі. Так, у першай гісторыі Беларусі, што выйшла ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты ў 1910 годзе пра бітву пад Оршай Вацлаў Ластоўскі піша наступнае:
«Вечны мір трываў усяго толькі пяць гадоў. У 1513 годзе ізноў пачалася вайна. Васіль узяў Смаленск. Пасля вайны спаткаліся на берагах рэк Днепра і Крапіўны, недалёка ад Оршы. Вялікі Гэтман князь Констанцін Острожскі выйграў дзве бітвы. Острожскі камандаваў усяго толькі 35 тысячамі чалавек, а маскоўскага войска было 80 тысяч чалавек і, нягледзячы на гэта, перамог. 30 тысяч трупаў заслалі ўсё поле паміж Оршай і Дорогобужам. Вялікі Гэтман Констанцін Острожскі, шчыры староннік православія, на памяць выйгранай бітвы пабудаваў царкву ў Вільні».
У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Усевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.М. Ігнатоўскага меў чатыры выдання ў 20-я гады ХХ ст. (1-е выд. — 1919г.; 2-е і 3-е выд. — 1921г. і 4-е выд. — 1926 г.). Але потым усе творы Ігнатоўскага былі забаронены і знаходзіліся альбо ў спецсховішчах, або былі знішчаны. І толькі ў 1991 годзе выйшло пятае выданне яго славутай працы.
М.В. Доўнар-Запольскі сваю працу «Гісторыя Беларусі» надрукаваць у БССР не здолеў, бо ў 1926 годзе друкаваць яе забаранілі, і рукапіс надоўга трапіў у спецфонд партархіва БССР. Як раз у пачатку 1926 года разгарнулася крытыка ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму і таму друкаваць кнігу Доўнар-Запольскаму забаранілі, нягледзячы на тое, што яна была напісаная на рускай мове. У часы чарговага беларускага адраджэння рукапіс пераклалі на беларускую мову і выдалі ў 1994 годзе.
У раздзеле «Пачатак барацьбы з Масквой» знакаміты беларускі гісторык згадвае мімаходзь і Аршанскую бітву, і дае ёй такую адзнаку: «Літве не ўдалося ўзяць Смаленск. Дзіўнае паражэнне, якое масквічы пацярпелі пад Оршай ад князя Астрожскага, зрабілі іх больш падатлівымі...» «...паміж Масквой і Літвой было заключана перамір’е, якое не парушалася ўжо на ўсім працягу кіравання Жыгімонта І Старога і ў пачатку княжэння яго сына». Паводле Доўнар-Запольскага, перамога пад Воршай часова спыніла маскоўскую экспансію на ўсход.
У 30-я гады ХХ ст., калі працы нашых гісторыкаў былі забароненыя, а самі яны рэпрэсаваныя, згадкі пра Аршанскую бітву надоўга сышлі з беларускіх падручнікаў і навуковых выданняў.
Першым вярнуў беларусам іх слаўную перамогу Уладзімір Караткевіч, які змясціў у сваёй папулярнай кнізе «Зямля пад белымі крыламі» старажытную гравюру 1597 года з выявай Аршанскай бітвы. Потым быў Міхась Ткачоў, які надрукаваў у сваёй працы «Замки Белоруссии» летапісную рускую мініяцюру, прысвечаную бітве пад Оршай.
У незалежнай Беларусі 90-х гадоў Аршанская бітва адразу заняла адпаведнае месца ў хроніцы асноўных гістарычных падзей сярэднявечнай гісторыі беларусаў.
Глядзіце па тэме:
Budzma.org