Калі запытацца ў простага беларуса, які нічога не ведае пра айчыннае кінамастацтва і нават не любіць глядзець кіно, аб тым, што зараз здымаюць на дзяржстудыі «Беларусьфільм», ён вам стоадсоткава адкажа — нешта пра вайну. І, як не дзіва, трапіць у кропку.
За апошнія восемдзесят год адзіная кінафабрыка краіны неразрыўна зраслася са сваей профільнай спецыялізацыяй — эксплуатацыяй тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Ды так шчыльна, што яе называюць у народзе не інакш, як «Партызанфільм». У гэтай мянушцы ёсць свая логіка, бо менавіта на такое кіно наша дзяржава, як і раней, працягвае выдаткоўваць грошы.
Працэс кінавытворчасці рупліва ідзе, і паўплываць на яго не здольныя ні санкцыі, ні палітычны крызіс. Вось і нядаўна на «Беларусьфільме» знялі чарговую ваеншчыну — дзесяцісерыйны міні-серыял «Пламя пад попелам» пра сапёраў з розных эпох. Актыўна вайну асвойваюць і штатныя дакументалісты са студыі «Летапіс». Асабліва апошнім часам, калі Вялікую Айчынную пачалі выкарыстоўваць з новай сілай у прапагандысцкіх мэтах, для канфрантацыі з краінамі Захаду на глебе гістарычнай памяці.
Цікава, што толькі «беларусьфільмаўскай» мультыплікацыі доўгі час атрымоўвалася пазбягаць гэтай агітацыйнай павіннасці. За пяцьдзясят адзін год існавання на дзяржстудыі ўласнага анімацыйнага напрамку выйшла літаральна чатыры мультфільмы, прысвечаныя нацыянальнай трагедыі першай паловы 1940-х гадоў: «Лыжка для салдата» (2015) і «263 ночы» (2021) Ірыны Тарасавай, «Баявая машына» (2017) Наталлі Касцючэнкі, «Цацка» (2020) Рыты Шаграй.
Як бачна, з’явіліся яны на працягу апошніх сямі год. Але відавочнага адказу, чаму вайна аказалася незапатрабаванай у айчыннай анімацыі, няма, тут можна толькі паспрабаваць паразважаць.
Магчыма, гэта звязана з тым, што беларуская ўлада ніколі сур’ёзна не ставілася да мультыплікацыі. Культурнае чынавецтва як у савецкія часы, так і зараз прытрымліваецца кансерватыўнага падыходу да таго, што маляваныя гісторыі — выключна забава для дзяцей і дашкольнікаў. Падлеткам і дарослым яны будуць проста нецікавыя. Гэта лёгка заўважыць, калі прааналізаваць працы, зробленыя на дзяржстудыі за апошні час. Сярод іх шмат экранізаваных фальклорных казак, зборнікі мультфільмаў пра Несцерку і Рыбку па імені Нельга, дзяўчынку Жэню, беларускія прымаўкі, алфавіт, паходжанне гербаў гарадоў. У іх усіх ёсць пэўная выхаваўчая і адукацыйная місія — пазнаёміць дзяцей з нацыянальнай культурай ці паказаць, як трэба сябе паводзіць у грамадстве. Ідэалагічная нагрузка пра перамогу ў Вялікай Айчыннай у гэты спіс доўга не ўваходзіла, бо па школьнай праграме яе вывучэнне аднесена на больш старэйшыя класы, якім, па меркаванні Мінкульта, ужо зусім не да анімацыі.
Яшчэ адна прычына заключаецца ў тым, што айчынных аніматараў тэма вайны ніколі асабліва не цікавіла. Падчас эпохі «галоснасці» другой паловы 1980-х гадоў і адразу пасля развалу СССР мультыплікатары вельмі актыўна спрабавалі эксперыментаваць з формай, экранізуючы сюжэты, якія ў савецкія часы былі забаронены. Больш нарматыўная і ідэалагізаваная тэма вайны заставалася па-за ўвагай, пакуль яе не ўзяла ў абарот дзяржава.
Падобнае меркаванне падзяляе даследчыца кіно, выкладчыца і кандыдатка мастацтвазнаўства Наталля Агафонава.
«На мой погляд, адказ даволі банальны. Уся анімацыя робіцца па замове Мінкульта, тэматыку лотаў на конкурсах па вытворчасці фільмаў і анімацыі вызначае ведамства. Старэйшае пакаленне беларускіх аніматараў заўсёды пазіцыянавала свае фільмы як аўтарскае мастацтва. Дакладней, размова ідзе пра тутэйшых «класікаў»: Ігара Воўчака, Уладзіміра Пяткевіча, Ірыну Кадзюкову, Таццяну Кубліцкую. Заўважце, што іх тэматыка Другой сусветнай ці ВАВ не цікавіць. Яны проста знаходзяць свой інтарэс і потым прыстасоўваюць сцэнарную заяўку пад тэму чарговага конкурсу ад Мінкульта. Да іх і стаўленне кіруючай вертыкалі больш лагоднае. Маўляў, робяць фестывальнае кіно. Тым больш усе яны, ці амаль усе, выведзены па-за штат «Беларусьфільма», афіцыйна там не працуюць. Аўтары ж згаданых фільмаў па тэматыцы ВАВ — іншая, больш маладая генерацыя, гатовая да, так бы мовіць, рынкавых падыходаў. Яны больш гнуткія, ў тым ліку і на тэматычны індыкатар», — кажа Наталля.
Рэжысёр-аніматар і былы тэлевядоўца Міхаіл Тумеля лічыць, што беларускай анімацыі спатрэбіўся час, каб зразумець, як з дапамогай выяўленчых сродкаў можна распавесці пра балючыя для грамадства моманты гісторыі.
«Я спецыяльна пацікавіўся пытаннем, звярнуўшыся да цудоўнага расійскага даследчыка кіно Георгія Барадзіна, які амаль усё ведае пра «Саюзмультфільм» і часткова савецкую анімацыю таго перыяду. У яго было вельмі цікавае выступленне з рэтраспектывай у 2015 годзе пад лозунгам «Мабілізацыя», дзе ён паказваў савецкую і постсавецкую анімацыю, прысвечаную ВАВ. І мяне якраз здзівіла, што ў гэтых спісах Беларусь увогуле ніяк не прадстаўлена. Там ёсць расійскія, украінскія, армянскія працы, а вось «Беларусьфільма» няма. Паколькі я прыйшоў на студыю ў канцы сямідзясятых яшчэ школьнікам, большасць працэсаў адбывалася на маіх вачах, таму падаецца, што адсутнасць тэмы вайны была звязана з маладосцю анімацыйнага напрамку. Ён утварыўся параўнальна позна, у 1972 годзе, і спачатку асвойваў класічныя сюжэты для дзяцей, метафарычныя і прытчавыя гісторыі. Магчыма, што на той момант не было сацзаказу на мультфільмы пра вайну, таму што тэма была балючая для краіны. Трэба было прайсці пэўны шлях станаўлення, як вось дзяцінства праходзіць, падлеткавы ўзрост, азірнуцца па баках, каб у выніку зразумець, што сродкамі анімацыі пра трагедыю таксама можна распавядаць гледачам. Мяркую, што беларуская анімацыя толькі зараз пачынае ў гэты бок неяк паварочваць свой погляд».
Прытчы і ўспаміны сведкаў
Давайце высветлім, як зроблены і пра што распавядаюць беларускія мультфільмы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай.
Нягледзячы на знешнюю разнастайнасць і непадобнасць, ва ўсіх твораў маецца шмат агульных рысаў: выразны антываенны мэсыдж, адлюстраванне ваеннага дзяцінства ці дзіцяці на вайне, гістарычная сувязь вынікаў перамогі з лёсам ужо незалежнай беларускай дзяржавы.
Асабліва заўважна гэта ў мультфільме «Лыжка для жаўнера» Ірыны Тарасавай, зробленага ў 2015 годзе па матывах апавядання Янкі Маўра «Драўляная лыжка». Праца прымеркаваная якраз да 70-гадовага юбілею перамогі ў вайне.
Аўтары распавядаюць гісторыю параненага маладога вайскоўца. Хлапец, лежачы ў палявым шпіталі, піша ліст да матулі, што яго кулі не бяруць, а галоўная праблема — згублены сталовы прыбор. Жанчына вырашае даслаць сыну лыжку, прывязаўшы яе да ліста. І хоць адпраўленне такой пасылкі на фронт забаронена правіламі, кожны чалавек — паштальён, ваенны цэнзар, сувязны — крануты абставінамі, прымае рашэнне яго парушыць, толькі каб ліст дайшоў да свайго адрасата. У канцы мультфільма мы бачым жывога жаўнера, які ідзе ўжо па сучасным сталічным праспекце (на заднім плане бачны абрысы Нацыянальнай бібліятэкі) падчас святочнага салюта і падымае на рукі дзіцёнка, які трымае яго лыжку.
Так рэжысёрка падкрэслівае ўзаемасувязь пакаленняў і каштоўнасцей, звязаных з вайной.
Больш рэалістычнай па форме і змесце апынулася праца «Баявая машына», якую аніматарка Наталля Касцючэнка зрабіла ў 2017 годзе. Яна распавядае пра каханне мінскага кіроўцы аўтобуса і настаўніцы, якіх разлучае распачатая вайна. Мужчына становіцца танкістам і з баямі праходзіць праз увесь горад, каб зноў сустрэцца са сваёй каханай.
Аўтары распавядалі, што ў сцэнар пакладзены адаптаваны да экрана рэальны выпадак з жыцця, што адбілася і на афармленні мультфільма. Ён імітуе колер сепіі са старых фотаальбомаў, а мноства аб’ектаў, як машыны і гарадскія будынкі, былі адсканаваныя і перамаляваны з рэальных фотаздымкаў. Канец мультфільма вельмі падобны на працу Тарасавай — пасталелыя героі едуць у машыне па сталіцы сумесна з унукам, маленькім хлопчыкам. За вакном віднеюцца краявіды: Дом урада, Чырвоны касцёл, Акадэмія навук і нават Палац Рэспублікі.
Дэбютная праца сцэнарысткі Рыты Шаграй мультфільм «Цацка», выдадзены ў 2020 годзе, наўпрост не звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, але ў пэўны момант адсылае да яе. Аўтарка абрала жанр драматычнай казачнай прытчы, каб распавесці пра пакуты трох дзетак, на горад якіх раптоўна нападае вайна ў выглядзе змрочнага прывіду з белым тварам, з лапікавых крылаў якога распаўзаюцца насякомападобныя верталёты і танкі.
Страціўшы бацькоў, малыя вандруюць па знішчаным горадзе, пакуль іх не наганяе вайна. Дакрануўшыся да дзіцячай цацкі, на якую трапіла слязінка хлапчука, прывід у страшных муках ператвараецца ў чорную варонку, з якой на экране вырываюцца фотаздымкі рэальных дзяцей з даваеннага часу. Іх аўтарка ўзяла з фондаў Дзяржынскага архіва кінафотафонадакументаў, каб правесці шлях ад анімацыйнай фантазіі да рэальных гістарычных падзей.
Прарыўным для беларускай анімацыі атрымаўся апошні на дадзены момант мультфільм аніматаркі Ірыны Тарасавай — «263 начы», зроблены ў капрадукцыі Беларусі, Расіі і Ізраіля. Твор зроблены ў жанры анімадок, які візуалізуе ўспаміны рэальных жыхароў Мінскага гета, якім удалося выжыць, схаваўшыся падчас расстрэлаў у падземным сховішчы ад нацысцкіх карнікаў. Асаблівасцю таксама стала спалучэнне гульнявога кіно і анімацыі з перакладкай.
Унікальнасць твору надае і даволі рэдкая для айчыннага кінамастацтва тэма халакосту. Яна рэдка ўзнікала ў савецкія часы, бо лічылася, што забіваюць не яўрэяў, а выключна савецкіх грамадзян. Цяпер сітуацыя не вельмі моцна змянілася. Але ў «263 начы» аўтары робяць акцэнт менавіта на поглядзе на вайну з боку яўрэйскіх гарадскіх жыхароў, арыентуючыся на больш дарослую аўдыторыю, якая павінна ведаць гісторыю сваіх горада і краіны.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org