Якім павінен быць сучасны медыйны вобраз Беларусі? Ці здольная літаратура прадбачыць у грамадстве гістарычныя змены? Ці можа свет зноў захапляцца беларусамі, і ці варта да гэтага імкнуцца? Што з беларускай культуры варта захоўваць зараз, каб яно захавалася і праз 100 гадоў? Пра гэта размаўлялі падчас творчай сустрэчы з Сашам Філіпенкам на фестывалі беларускай культуры «MALDZIS-фэст» у Варшаве. Журналіст культурна-асветніцкага парталу «Будзьма беларусамі!» запісаў самыя цікавыя моманты размовы з пісьменнікам.
Саша Філіпенка на MALDZIS-фэст у Музеі сучаснага мастацтва. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Белсат
— Калі казаць пра тое, што я ведаю лепш за ўсё, — пра беларускую літаратуру, асабліва пра літаратуру ў выгнанні, то яна сёння сапраўды вядомая. Калі я бываю на кніжных кірмашах, напрыклад, у Франкфурце ці Лейпцыгу, я бачу, што нашых пісьменнікаў ведаюць, нашу сучасную літаратуру чытаюць і перакладаюць.
У гэтым сэнсе сучасная беларуская літаратура робіць для вобраза Беларусі значна больш, чым, напрыклад, беларуская зборная па футболе ці нешта падобнае. Я адчуваю, што ёсць цікавасць да нас, да таго, што мы пішам.
Хтосьці піша пра тое, што адбываецца ў Беларусі, хтосьці — пра асабісты досвед, і на ўсё гэта ёсць попыт.
Але праблема ў тым, што кожны раз даводзіцца наноў тлумачыць, што Беларусь увогуле існуе. Бывае, што нават журналісты вялікіх еўрапейскіх выданняў кажуць: «Ну, цяпер жа ўсё ўжо нармалізавалася ў Беларусі». І тады ты разумееш, што трэба зноў пачынаць размову з самага пачатку.
На жаль, нічога не змянілася пасля 2020 года, і таму мы павінны працягваць пра гэта гаварыць. У гэтым я таксама бачу сэнс культуры. Кожны сам для сябе вызначае, чым павінна займацца літаратура ці мастацтва, але мне падаецца, што літаратура павінна расказваць пра тое, што адбывалася і што адбываецца цяпер.
— Я лічу, што праблема не ў тым, што замежнікі мала ведаюць пра Беларусь. Гэта наша праблема. Калі мы будзем сумленнымі, то павінны прызнаць: мы таксама не заўсёды добра ведаем сучасную літаратуру Албаніі, тэатр Бельгіі ці музыку іншых краін. Таму гэта не пытанне да Еўропы. Гэта пытанне да нас. Мы павінны расказваць пра сябе, пра сваю культуру, павінны рабіць усё, каб пра яе даведваліся, павінны ўвесь час нагадваць, што ёсць такая краіна.
Мне заўсёды цікава, што самі беларусы, калі прадстаўляюць сваю краіну, часта кажуць: «Мы маленькая краіна ў Еўропе». Але мы не маленькая краіна. Мы такая ж краіна, як Швейцарыя, Нідэрланды ці Бельгія. Мне падаецца, што мы самі яшчэ шмат чаго пра сябе не разумеем і можам значна больш расказаць пра сябе. Гэта пытанне найперш да нас саміх.
Калі казаць пра тое, што сёння Беларусь у загалоўках медыя выглядае як краіна-агрэсар, то мне здаецца, што людзі культуры ўжо займаюцца стварэннем іншага вобразу. Я ўвесь час расказваю еўрапейцам, што яшчэ нядаўна беларусаў успрымалі як народ свабоды, якім усе захапляліся. А пасля пачатку вайны ў адзін момант нам сказалі: «Вы цяпер суагрэсары».
Мы разумеем, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты, што наша сітуацыя вельмі складаная. Таму мы павінны пра гэта гаварыць адкрыта. Нам ёсць што сказаць Еўропе, але ёсць шмат рэчаў, пра якія мы павінны гаварыць і паміж сабой.
— Для мяне вельмі істотна заўсёды казаць пра тое, што ёсць. Мне вельмі істотна рабіць такую рэканструкцыю і пісаць не пра тое, што нам прыемна ці непрыемна слухаць, не пра тое, што мы хацелі б пачуць, а пра тое, як, мне падаецца, выглядае рэальнасць.
Калі я пісаў «Былога сына», я пачаў яго яшчэ ў 2012 годзе. Тады шмат беларусаў, якія жылі ў Беларусі, казалі мне, што гэта немагчыма, што гэта ўжо не пра Беларусь, што гэта погляд чалавека, які нічога не разумее пра Беларусь. Напрыклад, у рамане ёсць момант, калі дзеці гуляюць у двары ў разгон дэманстрацыі: яны дзеляцца на амапаўцаў і на пратэстоўцаў. Мне казалі, што гэтага ніколі не будзе ў Беларусі, што я спрабую распавесці нейкую чорную старонку пра краіну. Але я пісаў пра гэта яшчэ ў 2012 годзе. Для мяне было зразумела, што гэта будзе ў краіне.
Менавіта таму мне падаецца вельмі істотным і вельмі важным распавядаць пра тое, што ёсць, а не думаць пра тое, якая ў нас будзе рэпутацыя. Спачатку трэба паставіць дыягназ, сказаць, што ў нас ёсць такая праблема. Напрыклад, сёння ў нас ёсць праблема ў тым, што беларусы таксама ўдзельнічаюць у гэтай вайне, таксама ўдзельнічаюць у ёй са зброяй. А далей ужо трэба размаўляць з грамадствам, распавядаць пра гэта, думаць, што з гэтым рабіць.
Мне заўсёды цікава, калі я пішу, паразмаўляць з чытачом, які праз дзесяць, дваццаць ці трыццаць гадоў захоча адказаць на пытанне: як яны жылі ў дваццатым годзе? Як яны жылі і заўважылі ці не заўважылі вайну? Як яны рэагавалі на тое, што ў краіне адбываліся катаванні? Што яны рабілі, калі з’ехалі? Вось гэта мне цікава.
Я не хацеў яшчэ раз пісаць пра 2020 год, таму што ўсё, што адбывалася тады, я шмат у чым напісаў раней. Я не адчуваў у сабе патрэбы яшчэ раз пісаць пра гэтыя падзеі, таму што ўжо многае было напісана. Для сябе я ўжо адказаў на многія пытанні, на якія хацеў адказаць.
Мне ўвогуле цікавыя пытанні памяці, пытанні таго, як мы прымаем рашэнні, як мы робім тыя ці іншыя выбары ў жыцці. Пра гэта я і хачу пісаць. І мне здаецца, што ўрэшце ўсё, пра што я пішу, — пра любоў.
Саша Філіпенка. Архіўнае фота
— Сёння я нават бачу большую праблему не ў тым, каб будаваць масты паміж Беларуссю і Еўропай. Мне здаецца, што важней цяпер наладзіць размову паміж самімі беларусамі. Я бачу, што беларусы, якія засталіся ў краіне, і беларусы, якія з’ехалі, усё горш разумеюць адно аднаго. І гэта для мяне больш сур’ёзная праблема.
Калі мяне пытаюцца пра тое, што я нібыта прадстаўляю Беларусь ці з’яўляюся яе амбасадарам, у мяне ўзнікае пытанне: амбасадарам якой Беларусі я магу быць цяпер? Ці сапраўды я магу прадстаўляць людзей, якія сёння жывуць унутры краіны? Ці сапраўды іх жыццё такое ж, як наша? Таму мяне больш хвалюе паразуменне паміж беларусамі, чым паміж беларусамі і еўрапейцамі. Бо мы ўжо еўрапейцы.
Мне таксама здаецца, што мы не павінны жыць з думкай, што мусім камусьці нешта даказваць. Мы не горшыя ні за каго. Мы ўвесь час хочам, каб пра нас добра падумалі еўрапейцы, але ў мяне шмат пытанняў і да саміх еўрапейцаў. У многім мы значна больш еўрапейцы, чым яны. Мы не павінны нікому нічога даказваць.
Я жыву ў Швейцарыі і часта думаю, што Беларусь магла б стаць своеасаблівай «Швейцарыяй 2.0». У нас вельмі адукаванае грамадства, моцныя людзі, вялікі патэнцыял, у тым ліку ў ІТ. Мне падаецца, што ў нас вельмі адказнае грамадства: калі існуюць правілы, многія беларусы гатовыя іх выконваць. Мы павінны самі ставіцца да сябе з павагай. Мы занадта доўга жылі з адчуваннем, што мы «малодшыя браты» — спачатку для Расіі, цяпер нібыта для Еўропы. Але гэта не так. Мы такія ж еўрапейцы, як і ўсе астатнія.
Мне здаецца, што цяпер нам перш за ўсё трэба ўвесь час адстойваць сваю незалежнасць. Свет часта разглядае Беларусь як частку чыёйсьці зоны ўплыву, але мы павінны настойваць: мы незалежная краіна, мы не дадатак ні да Расіі, ні да Украіны, і пра нас трэба гаварыць асобна. Мы самі павінны вырашаць свой лёс. І менавіта пра гэта сёння таксама павінна гаварыць беларуская культура.
— Мне цяжка загадзя сказаць, пра што будзе мая новая кніга. Не таму, што гэта нейкі сакрэт, а таму, што вельмі часта пачынаеш пісаць адну кнігу, а потым разумееш, што спыніўся і пачаў ужо зусім іншую. Таму сёння я магу сказаць адно, а заўтра прачнуцца і зразумець, што буду пісаць нешта іншае.
Калі казаць пра тое, пра што мне цікава пісаць, то ў мяне велізарная колькасць ідэй. І гэта не толькі гісторыі пра сучаснасць. Мне вельмі падабаецца працаваць з дакументамі. Я шмат працую ў архівах. У мяне ўжо ёсць дзве кнігі, пабудаваныя на дакументах і архіўнай працы. І цяпер мне таксама цікавая такая форма, дзе ёсць поліфанія, дзе спалучаюцца сучаснасць і архівы.
Саша Філіпенка. Архіўнае фота
Мне цікавыя пытанні памяці. Мне цікава даследаваць тое, як людзі прымаюць рашэнні, як яны робяць тыя ці іншыя жыццёвыя выбары. Вось пра гэта ўсё мне хочацца пісаць.
І ўсё тое, што адбылося ў 2020 годзе, мне здавалася, я ўжо напісаў раней. Я не адчуваў у сабе патрэбы яшчэ раз пісаць пра гэта, таму што для мяне ўжо шмат што было сказана, і на многія пытанні, якія мяне самога хвалявалі, я ўжо адказаў.
Я хацеў бы напісаць пра вельмі многае. І, вядома, я б напісаў пра каханне. Мне здаецца, што ўсе пытанні — пра каханне. Усё, што я пішу, пра каханне.
— Захоўваць трэба ўсё, што робяць беларусы, а не толькі нейкія асобныя артэфакты ці выключныя рэчы. Мы можам захоўваць тое, што адбываецца ў нашым кіно. Мы можам захоўваць тое, што адбываецца ў беларускім тэатры. Вось мы зараз сядзім у Варшаве, і тут, напрыклад, працуе вельмі класны Мікіта Ільінчык, ён працуе і на іншых польскіх пляцоўках. Мы павінны захоўваць і наш беларускі тэатр тут.
Мне падаецца, што шмат пра што мы сёння проста не ведаем, таму што наш погляд на тое, што адбываецца за мяжой, усё роўна абмежаваны. І я ўпэўнены, што цяпер шмат беларускіх пісьменнікаў працуюць унутры краіны, але мы не можам гэта зараз прачытаць. Мы не можам зразумець, над чым яны працуюць. І я ўпэўнены, што будзе хваля цудоўных раманаў, пра якія мы прачытаем толькі тады, калі ў нас проста з’явіцца такая магчымасць.
Напрыклад, я разумею, што зараз у Мінску сядзіць пісьменнік, які нешта піша. Мы ўсе гэтага пісьменніка ведаем, любім і можам толькі пажадаць, каб ён падарыў нам новы круты раман. Таму мне падаецца, што захоўваць трэба ўсё, што ствараюць беларусы.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org