Арганізатары «Джазавых вечароў з Банкам БелВЭБ» запрашаюць беларускіх джазавых музыкаў узяць удзел у вялікім джэм-сэйшане. Акцыя адбудзецца ў межах заключнага канцэрта фестывалю на сцэне каля Ратушы ў суботу 24 чэрвеня.
– Джаз – гэта, найперш, імправізацыя. Таму мы жадаем завершыць фестываль вялікім джэмам, у якім сыграюць джазавыя музыкі з розных куткоў Беларусі, – распавядае музычны прадзюсар фестывалю Андрэй Каліна. – Яны разам выканаюць знакамітую п’есу «Караван», адну з эталонных версій якой запісаў у 1944 годзе Джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Эдзі Рознэра. Гэта вытокі і сусветнага, і беларускага джазу.
Заяўкі на ўдзел неабходна адпраўляць да 19 чэрвеня ўключна на адрас [email protected]. Заяўка павінна змяшчаць: 1) імя, прозвішча выканаўцы і назву інструмента; 2) спасылку на відэа- ці аўдыёзапіс з вашым удзелам; 3) кантактны тэлефон.
Новы сезон «Джазавых вечароў з Банкам БелВЭБ» стартаваў 10 чэрвеня з аншлагу. Для гледачоў выступілі 7-гадовая Сафія Курловіч, VIP-jazz Андрэя Славінскага, дуэт Agata, Харысан Янг (ЗША-Нідэрланды), Скот Хэндэрсан (ЗША).
Наступны канцэрт адбудзецца 17 чэрвеня. Хэдлайнерам вечара будзе бас-гітарыст Крысціян Галвез (Чылі) – лепшы джазавы выканаўца Лацінскай Амерыкі 2000 і 2004, намінант American Music Awards 2005. Ён выступіць з трубачом Крысціянам Куцюруфо (Чылі) і бубначом Назарам Рэджэпавым (Туркменістан). Таксама гледачоў чакае сустрэча з канцэртным аркестрам Барыса Мягкова і «Трыа Канстанціна Гарачага».
24 чэрвеня музычную эстафету падхопіць Кліўленд Джонс (ЗША) – спявак, кампазітар, які выконвае сімбіёз госпелу, рытм-энд-блюзу, фанку і традыцыйнага джазу, уладальнік бязмежных вакальных магчымасцяў і тытулу «Адкрыццё году» ад аўтарытэтнага сайта SoulTracks.com. Таксама выступяць: кампазітар, гітарыст, лютніст і спявак Набіль Хэмір (Туніс), вакальны квартэт Minsk Voices, Premier Orchestra.
Пачатак усіх канцэртаў у 20.00. Арганізатарамі мерапрыемства ў гэтым годзе выступаюць Мінгарвыканкам і канцэртнае агенцтва «4А-Івэнт». Генеральны партнёр фестывалю – ААТ «Банк БелВЭБ». Партнёр – таксі «Пятніца».
Глядзіце таксама: