Без параду і шэсцяў: У КНДР сціпла адзначылі адно з галоўных святаў

У Пхеньяне сёлета святкаванне дня народзінаў Кім Ір Сэна адбылося ў надзвычай сціплым фармаце. Былі адмененыя многія масавыя мерапрыемствы, якія традыцыйна адбываюцца 15 красавіка. Прычына простая — каранавірус.

920x920.jpg

Фота – Ed Jones / AFP

Дзень Сонца — а менавіта так называецца гэты дзень у ідэалагічным каляндары Паўночнай Карэі, адно з цэнтральных святаў у краіне. У гэты дзень праходзяць вайсковыя парады, масавыя шэсці, арганізаваныя шматтысячныя ўскладанні кветак да помнікаў Кім Ір Сэну і Кім Чэн Іру — дзядулі і бацькі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Сам жа Кім Чэн Ын, дарэчы, учора таксама адсутнічаў на тых нешматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў Пхеньяне. На адсутнасць згадак пра ягоны ўдзел ва ўчорашніх святкаваннях у паўночнакарэйскай прэсе звярнулі ўвагу многія СМІ па ўсім свеце.

Для правільнага разумення значнасці «Дня Сонца»: Паколькі Кім Ір Сэн з’яўляецца не толькі стваральнікам КНДР, але таксама і стваральнікам корпуса «ідэяў Чучхе» — даволі экстравагантнай сумесі заходняга марксізму з тутэйшым нацыяналізмам, ён і пасля смерці застаеца галоўнай фігурай у палітычным пантэоне. У краіне з 1997 года летазлічэнне вядзецца з году нараджэння Кім Ір Сэна. Адпаведна зараз на паўночнакарэйскім каляндары 109 год чучхэ.

17991744_1321327977903171_5886329423916406663_o.jpg

Раней 15 красавіка адзначалі маштабнымі вайсковымі парадамі

Па ўсім відаць, улады краіны разумеюць усю небяспеку каранавіруснай інфекцыі, раз адважыліся на такі рашучы крок. Варта адзначыць, што Паўночная Карэя знаходзіцца ў рэжыме жорсткай самаізаляцыі яшчэ з канца студзеня.



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!