У Пхеньяне сёлета святкаванне дня народзінаў Кім Ір Сэна адбылося ў надзвычай сціплым фармаце. Былі адмененыя многія масавыя мерапрыемствы, якія традыцыйна адбываюцца 15 красавіка. Прычына простая — каранавірус.
Фота – Ed Jones / AFP
Дзень Сонца — а менавіта так называецца гэты дзень у ідэалагічным каляндары Паўночнай Карэі, адно з цэнтральных святаў у краіне. У гэты дзень праходзяць вайсковыя парады, масавыя шэсці, арганізаваныя шматтысячныя ўскладанні кветак да помнікаў Кім Ір Сэну і Кім Чэн Іру — дзядулі і бацькі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Сам жа Кім Чэн Ын, дарэчы, учора таксама адсутнічаў на тых нешматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў Пхеньяне. На адсутнасць згадак пра ягоны ўдзел ва ўчорашніх святкаваннях у паўночнакарэйскай прэсе звярнулі ўвагу многія СМІ па ўсім свеце.
Для правільнага разумення значнасці «Дня Сонца»: Паколькі Кім Ір Сэн з’яўляецца не толькі стваральнікам КНДР, але таксама і стваральнікам корпуса «ідэяў Чучхе» — даволі экстравагантнай сумесі заходняга марксізму з тутэйшым нацыяналізмам, ён і пасля смерці застаеца галоўнай фігурай у палітычным пантэоне. У краіне з 1997 года летазлічэнне вядзецца з году нараджэння Кім Ір Сэна. Адпаведна зараз на паўночнакарэйскім каляндары 109 год чучхэ.
Раней 15 красавіка адзначалі маштабнымі вайсковымі парадамі
Па ўсім відаць, улады краіны разумеюць усю небяспеку каранавіруснай інфекцыі, раз адважыліся на такі рашучы крок. Варта адзначыць, што Паўночная Карэя знаходзіцца ў рэжыме жорсткай самаізаляцыі яшчэ з канца студзеня.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!