“Дзедзiч” запрашае ў “Дом еўрапейскіх сустрэч” у Залессі

“Дом еўрапейскіх сустрэч” дабудаваны і чакае гасцей. Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзiч” ужо правяло ў сваім загарадным катэджы адукацыйны “Летнік асабістай эфектыўнасці”  і зараз запрашае іншыя арганізацыі да сябе ў Залессе.

“Дзедзiч” запрашае ў “Дом еўрапейскіх сустрэч” у Залессі

У жніўні тут сабраліся 30 абітурыентаў і студэнтаў 1-2 курсу з Брэсцкай вобласці. Арганізатары запрасілі сюды трэнераў і дасведчаных спецыялістаў у розных сферах, каб тыя падзяліліся сваімі прафесійнымі сакрэтамі і дапамаглі ўдзельнікам Летніка хутчэй прызвычаіцца да “дарослага”  жыцця, навучылі правільна выкарыстоўваць асабістыя рэсурсы і ставіць мэты.

Удзельнікі жылі ў доме, што 40 кіламетраў ад Брэста, і вучыліся майстэрству самапрэзентацыі, тайм-мэнэджменту, хатняй бухгалтэрыі, арганізацыі бюджэтнага вольнага часу і іншым карысным і цікавым рэчам.

Весела і карысна правялі цэлы тыдзень за горадам, у вёсцы Залессе, — распавядае адна з удзельніц трэнінгу. — Дзе дні былі напоўнены ранішняй зарадкай, гульнямі, жывой музыкай, культурнымі праграмамі і бясконцымі размовамі з цікавымі людзьмі. Кожны дзень праводзіліся трэнінгі з пэўнай тэмай, дзе было шмат карыснай інфармацыі і практычных заданняў”.

Арганізатары ўпэўніліся, што ў “Доме еўрапейскіх сустрэч” вельмі зручна праводзіць такія трэнінгі, адукацыйныя або нефармальныя мерапрыемствы працягласцю некалькі дзён. Для гэтага тут ёсць усе ўмовы: спальныя месцы, кухня, душавыя і ванныя пакоі, прысядзібная тэрыторыя для актыўнасці на свежым паветры. А непадалёк знаходзяцца цікаўныя славутасці, куды пры жаданні можна з’ездзіць на экскурсію.

АРР “Дзедзiч” будзе рады прыняць у гасцях сяброўскія праекты і дапамагчы правесці ў сваім “Доме еўрапейскіх сустрэч” разнастайныя мерапрыемствы іншых НДА. Прыязджайце, шчыра запрашаем!

+375297242116

dzedzich@gmail.com