На Віцебшчыне 19 чэрвеня адбыўся шэраг мерапрыемстваў з нагоды святкавання 85-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
У гонар пісьменніка ў Віцебскім літаратурным музеі адкрылася выстава “Шляхам Васіля Быкава”. На ёй прадстаўленыя фотаздымкі пісьменніка, яго кнігі, а таксама карціны з Быкаўскіх пленэраў, зладжаных Саюзам беларускіх мастакоў.
Адзначыць 85-годдзе з дня нараджэння Быкава сабраліся і сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Памятныя мерапрыемствы прайшлі ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну – на малой радзіме пісьменніка – і ладзіліся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” У мерапрыемствах узялі ўдзел старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, пісьменнік Уладзімер Арлоў, паэт Рыгор Барадулін, сястра Васіля Быкава Валянціна.
У Бычках прайшла цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі”. Прэмія прымеркаваная да дня нараджэння Быкава і ўручаецца грамадскай арганізацыяй «Рух “За свабоду”». У гэтым годзе лаўрэатам прэміі стаў мастак Алесь Пушкін.
Адзначыў гэтую святочную дату і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Арганізатарам мерапрыемства з удзелам сябраў арганізацыі стаў Ушацкі аддзел культуры. Для ўдзельнікаў свята прайшла экскурсія “Літаратурная Ушаччына”. Яна ўлучыла наведванне вёскі Пуцілкавічы, дзе знаходзіцца хата-музей Петруся Броўкі, вёскі Старына – радзімы паэткі Еўдакіі Лось – і вёскі Бычкі, дзе знаходзіцца бацькоўская сядзіба Васіля Быкава. Пры канцы ва Уушацкім доме культуры прайшла літаратурная вечарына.
Тэгі: Бычкі, Віцебшчына