Аліна Бялова на budzma.org піша пра экалагічны стыль паводзінаў, які карысны не толькі для чалавека, але і ягонага гаманца.
Мяне крыху бянтэжыць «асобны збор смецця». Людзі стараюцца, расфасоўваюць асобна пластык, асобна — шкло, асобна — харчовае і побытавае смецце. Раскідваюць яго ў розныя кантэйнеры. Але потым прыязджае адна смеццезбіральная машына, закідвае ў сябе ўсе гэтыя кантэйнеры і з моцным «хрусь» спрэсоўвае нашыя высілкі ў агульную масу. Пасля такога задумаешся: як жыць экалагічна?
Да таго ж усе модныя забабоны, як правіла, патрабуюць выдаткаў. Калі адмовішся ад мяса — трэба спажываць больш дарагую рыбу, садавіну, гародніну і арэхі. Прадукты ў крамах «здаровага харчавання» зазвычай даражэйшыя за стандартны супермаркет. Але экалагічны стыль паводзінаў, наадварот, дапамагае не выдаткоўваць, а ашчаджаць грошы.
Як гэта зрабіць у штодзённым жыцці?
Кажуць, што сапраўдны галандзец — гэта не той, хто лье ваду з крана, а той, хто набярэ яе ў тазік, памые там посуд з мыйным сродкам, а потым возьме калькулятар ды падлічыць, колькі грошай ён сэканоміў за кошт таго, што ў яго не лілася вада. І гэта жыхар краіны, якая, фактычна, стаіць на выспах — то бок з вадою ў іх праблемаў быць не павінна.
А яшчэ ў шматлікіх амерыканскіх фільмах, нават у фільмах пра «dolce vita», «салодкае жыццё», мы бачым на кухнях дзве ракавіны і проста горы нямытага посуду ў іх. Чаму? Гэта ў іх экалагічны стыль жыцця: адна ракавіна напаўняецца вадою, і ў ёй мыецца посуд, другая — для спалосквання.
Па эканомнасці расходу вады такі метад мыцця посуду набліжаецца да пасудамыйнай машыны — праўда, без усялякага расходу электрычнасці. Таму, калі маеце мажлівасць, усталюйце ў сябе дзве мыйкі. Гэта незвычайна, але вы ўразіце гасцей тым, што «як у Амерыцы». І да таго ж зберажаце ваду.
Пастаўце на краны адмысловыя распыляльнікі (аэратары), дзякуючы якім вы будзеце спажываць вады ў некалькі разоў меней. Такім чынам вы сэканоміце ваду як галандзец. Што, безумоўна, адаб’ецца на грашах, якія вам даводзіцца плаціць нашай пражэрлівай жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Добрая звычка — выключаць ваду ў час чысткі зубоў ці галення. Пакуль вы возіце рукамі па сківіцы, за хвіліну выліваецца 5–10 літраў вады (дарэчы, і сюды варта паставіць аэратар). Наконт «мужчынскага варыянту» — можна ўвогуле перайсці на «сухое галенне» электрабрытвай. Балазе, цяпер гэтыя прылады аўтаномныя — не патрабуюць шнуроў і могуць трымаць зарад акумулятара цягам месяца, калі не больш.
Так, акумулятарную брытву потым давядзецца ўтылізаваць. Але, па-першае, вы ўжо ашчадзілі на ёй шмат вады. Па-другое, сам прыбор каштуе столькі, колькі каштуе блок з чатырох лёзаў для, напрыклад, Gilette Fusion, а служыць электрабрытва значна даўжэй. Чэшская брытва SENSOR, набытая за 33 рублі з разліку «калі не спадабаецца, дык і выкінуць не шкада», бездакорна працуе ўжо тры гады, ламацца не збіраецца, і акупілася толькі на тых жа Giletаўскіх лёзах разоў пяць.
Асобная рэч — ванна. Яна, безумоўна, патрэбная — для рэлаксу, для расслаблення. Але яна не прызначаная для таго, каб у ёй мыцца! Мыцца трэба пад душам: падлічана, што на адно прыманне ванны выліваецца 150 літраў вады і болей, а на адно мыццё пад душам — каля 50. Таму лепш рэгулярна прымаць душ, а ванна — гэта для душы.
Увогуле, калі вы ўсёй сям’ёй з’язджаеце, напрыклад, на лецішча на пару дзён — запішыце паказнікі лічыльнікаў вады. А па прыездзе іх спраўдзіце. Калі нешта «набегла» — праверце сантэхніку, пры патрэбе адрамантуйце яе. Нібыта відавочна, але тым не менш: нават кроплі вады — гэта сотні літраў цягам месяца.
Напэўна, ужо нікога не здзівіш электраашчаджальнымі лампачкамі (а гэта да 50% эканоміі электрычнасці). Яны прадаюцца паўсюль, і іх кошт ужо не вельмі адрозніваецца ад звычайных лямпаў накалу. Адзінае што іх трэба было выкідаць не ў звычайныя сметніцы, а ў спецыялізаваныя.
Аднак прагрэс не стаіць на месцы — цяпер у крамах з’явіліся святлодыёдныя лямпы, якія не толькі ашчаджаюць электрычнасць. Яны не ўтрымліваюць шкодных ртутных рэчываў і амаль не б’юцца. Адна такая ў мяне раскалолася — адляцела колба. У звычайнай лямпачцы і нават у лямпачцы «старога» ашчаднага пакалення гэта была б трагедыя. Аднак не для святлодыёднай: проста паставілі колбу на месца — і ўсё. Яна гарыць як гарэла.
Таксама ўжо нікога не здзівіш новымі выключальнікамі і сістэмамі кшталту «разумнага дома». Вядома, вельмі добрая звычка — выключаць святло, калі выходзіш з пакоя. Але што рабіць, калі такой звычкі няма? Дапаможа выключальнік з датчыкам руху: каб ён выключаў святло, калі ў пакоі пэўны час ніхто не рухаецца. Сістэма добрая і дастаткова недарагая. Праўда, яна патрабуе рэгуліроўкі — асабліва тым, у каго ёсць хатнія гадаванцы. Уладальнікі катоў ведаюць, як тыя гойсаюць уначы — як коні.
Падчас выбару тэхнікі, безумоўна, варта глядзець на ступень яе энергаэфектыўнасці. Самая ашчаджальная пазначаная знакамі А++, А+, А. Яна даражэйшая за тую, што мае абазначэнне В, C, D, а тым болей E, F, G, але ж лядоўню ці пральную машыну вы не на адзін год набываеце? Добрая тэхніка праслужыць даўжэй і электрычнасць сэканоміць.
Зрэшты, галоўная эканомія робіцца ўласнымі рукамі. У пральнай машыне мыць вопратку можна і ў цёплай вадзе. Большасць бруду і так лёгка адмыецца, а значная частка энергіі выдаткоўваецца менавіта на падаграванне. Да ўвагі: награванне вады ў пральнай машыне да 60 градусаў запатрабуе ў чатыры разы болей энергіі, чым давядзенне яе да 30 градусаў. Дый рэсурс машыны пры награванні да «больш чым патрэбнага» выпрацоўваецца больш.
Таксама пра гэта шмат казалася — выкідайце ў спецыялізаваныя кантэйнеры! Але гэтыя кантэйнеры ёсць не паўсюль, і толькі зацяты экаман папрэцца ў асаблівае месца, дзе, як ён ведае, ёсць адпаведны кантэйнер, каб экалагічна выкінуць пару скарыстаных батарэек.
Але нішто не перашкаджае паставіць дома пластыкавы кубачак з-пад той жа смятаны і складаваць батарэйкі туды, пакуль ёмістасць не запоўніцца, а потым аднесці іх у адмысловы кантэйнер «оптам». Да таго ж сачыце за экалагічнымі акцыямі. Напрыклад, у снежні мінскае таксі «Пятніца» праводзіла акцыю «Таксі на батарэйках»: за адну адпрацаваную батарэйку бясплатна даваўся кіламетр праезду. Праўда, таксі брала толькі адну батарэйку за паездку, але маем спадзеў, што ініцыятар акцыі — экарух «Мэта 99» — працягне падобныя фішкі.
Увогуле, старая і зламаная тэхніка, асабліва мабільныя тэлефоны, — гэта вялікая праблема, бо ў ёй усяго да кучы: гэта і пластык, і шкодныя батарэйкі, і метал, і шкло, і гума. Абсалютна неэкалагічны прадукт! Таму першае, што можна параіць, — не набывайце новы тэлефон, пакуль не «даб’яце» стары. Другое — па мажлівасці рамантуйце такую тэхніку, а не выкідвайце. А калі ўжо прыйшоў час выкінуць, паглядзіце, як гэта зрабіць з максімальнай выгадай. Напрыклад, шмат крамаў цяпер прапануюць паслугу «trade-in», збіраючы старыя дэвайсы (нават непрацоўныя) і даючы скідку іх кошту на новыя.
Увогуле, калі ў вас ёсць стары смартфон, дайце волю фантазіі. Яго можна выкарыстоўваць як:
- стылёвы настольны гадзіннік і будзільнік;
- камеру відэаназірання;
- пераносны жорсткі дыск кампʼютара;
- 3G-мадэм, «кропку доступу» да інтэрнэту;
- кухарскую кнігу з рэцэптамі, «чыталку».
Не забывайцеся на іншыя функцыі тэлефона акрамя званкоў!
Ёсць вельмі файны анекдот пра тое, што жанчына, якая ад часоў СССР мыла цэлафанавыя пакеты, перажыла часы іх агульнай даступнасці і бясплатнасці і дажыла да моманту, калі гэта стала ў экатрэндзе.
Як сэканоміць на пакетах? Проста не набываць іх. Цяпер ізноў у трэндзе авоські і экасумкі, якія выглядаюць стылёва і модна. Хадзіце ў краму са сваёй сумкай, а калі ўжо ўзялі пакет (ці вам яго ўсучылі, загарнуўшы, скажам, каробку з ботамі) — выкарыстоўвайце яго як мага даўжэй. Балазе, урэшце крамы адмаўляюцца ад бясплатных пакетаў. Вядома, ён каштуе капейкі, але капейчына да капейчыны — гэта грошы. І калі вы 10 разоў сходзіце ў краму са сваім пакетам, то 10 разоў не набудзеце новы па 15 капеек за штуку. А паўтара рубля — гэта ўжо кубачак кавы альбо шакаладка. Прыемна, праўда?
Так што не набывайце аднаразовых пакетаў. Авоська зноў уваходзіць у моду!
А што ж рабіць з асобным зборам смецця? Даволі хутка, па планах урада, у гэтым плане нам будзе лягчэй. Плануецца, што паступова мы будзем вяртацца да шкляной тары, а ля крамаў усталююць «тараматы», якія будуць вяртаць грошы за тыя ж бутэлечкі і шкляначкі. Ці дажывём мы да гэтага? Паглядзім.
Аліна Бялова, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!