«Еду ў Магадан» – кніга палітзняволенага Ігара Аліневіча, у якой ён распавядае пра бесчалавечную турэмную сістэму ў Беларусі. Нядаўна чэшскі тэатр 3+KK зрабіў аднайменную пастаноўку, натхніўшыся творам Аліневіча. Budzma.org паразмаўляла з аўтарамі спекталя Адамам Штайнбаўэрам і Лібарам Брзабагатым, а таксама акторам Маркам Крысціянам Хохманам пра тое, чаму гісторыя беларускага палітвязня прыцягнула іх увагу і чаго чакаць ад пастаноўкі.
Марк Крысціян Хохман на рэпетыцыі спектакля
Budzma: Раскажыце крыху пра тое, якім быў ваш творчы шлях?
Адам: Я рэжысёр-фрылансер. У асноўным я працую з недраматургічнымі творамі, такімі як дзённікі, раманы. Таксама я раблю перформансы, у асноўным працую са святлом і гукам.
У 2019 годзе я стаў ініцыятарам новага тэатра, які пазней стаў называцца 3+KK. Цяпер я з’яўляюся яго арт-дырэктарам, але хутка планую сысці і далей працаваць як фрылансер.
Марк: Мяне клічуць Марк. Я акцёр-фрылансер з Прагі. Я натхнёны незалежным тэатрам.
Лібар: Я драматург і сузаснавальнік тэатра 3+KK. Мы прыдумалі яго, бо хацелі ўзнімаць палітычныя і сацыяльныя праблемы, што вельмі не проста ў цяперашні час. Мы ўзяліся за пастаноўку «Еду ў Магадан», каб расказаць пра лёс палітычных зняволеных у Беларусі.
Адам: Лібар знайшоў дзённікі Ігара Аліневіча яшчэ ў 2014 годзе і хацеў напісаць п'есу. А потым адбыліся падзеі 2020 года, масавыя пратэсты ў Беларусі, і мы вырашылі, што надышоў час паставіць гэты спектакль.
Budzma: Як вы знайшлі кнігу «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча і чаму яна прыцягнула вашу ўвагу?
Лібар: Гэта я знайшоў гэтую кнігу, яна была надрукаваная анархісцскай федэрацыяй у Чэхіі. Калі я яе прачытаў, я зразумеў, што гэта выдатны матэрыял для тэатра.
Адам: Лібар прачытаў «Еду ў Магадан», потым паказаў гэтыя дзённікі Ігара мне. Я быў шакаваны.
У Чэхіі быў змрочны час камунізму, з рэпрэсіямі і палітычнымі зняволенымі. Я чытаў дзённікі палітычных вязняў таго часу. А потым я прачытаў кнігу Ігара Аліневіча і не мог паверыць, што гэта адбываецца ў сучасным свеце. І тады мы вырашылі, што трэба ставіць гэтую пастаноўку.
Адамам Штайнбаўэрам
Budzma: Што вы ведаеце пра сітуацыю ў Беларусі?
Адам: Чэхія культурна блізкая да Беларусі, таму, калі пасля выбараў пачалася хваля пратэстаў, мы сачылі за сітуацыяй, бачылі фатаграфіі людзей, збітых міліцыяй. Мы нават думалі выкарыстоўваць гэтыя гісторыі ў сваёй пастаноўцы, але потым вырашылі, што гэта мусіць быць гісторыя Ігара. І для нас яна асабліва важная, бо Ігара арыштавалі другі раз ужо і зараз прысудзілі 20 гадоў калоніі.
І, вядома, мы ненавідзім Лукашэнку, які зладзіў увесь гэты тэрор.
Лібар: Апошнія гадоў 7 я быў у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Так што магу сказаць, што гэтая гісторыя вельмі асабістая для мяне. Як быццам, усё што адбываецца ў гэтай краіне, адбываецца са мной. Я сустракаў людзей з Беларусі, з кімсьці добра пасябравалі.
Адам: Згодзен, гэта вельмі асабістая гісторыя.
Budzma: Як ішла праца над пастаноўкай? Як вы адаптавалі кнігу?
Адам: Перш за ўсё мы знайшлі акцёра – Марка. Мы знаёмыя з ім шмат гадоў. І тады мы ўтрох прыступілі да працы над пʼесай. Я хацеў, каб Марк таксама быў уцягнуты ў працэс. Мы збіраліся разам, чыталі дзённікі Ігара, абмяркоўвалі іх. Гэта была калектыўная праца. Мы размаўлялі з чалавекам, які працаваў у турме, каб лепш зразумець гэтую сістэму. Пасля мы сталі думаць пра форму, бо тэксты Ігара вельмі цяжкія. І мы знайшлі гісторыю з LAPR – гэта ролевая гульня. Ігар захапляўся ролевымі гульнямі, і мы вырашылі дадаць у пастаноўку гэты элемент, прыдумаць фантазійны свет.
Марк: Я, вядома, не з Беларусі, я ніколі не перажываў тое, што перажываюць зараз людзі ў турме. Я разумею, што я не магу быць Ігарам нават на адну сотую працэнта. Таму мы шукалі форму, каб перадаць гэтую барацьбу праз фантазійны свет.
Марк Крысціян Хохман на рэпетыцыі спектакля
Budzma: Вам блізкія анархісцкія ідэі?
Адам: Я не анархіст, мае погляды моцна адрозніваюцца. Тым не менш, я адчуваў, што магу зразумець Ігара. Гэта было б вельмі груба з нашага боку, абысці гэтыя тэмы і не ўключыць у спектакль, інакш гэта была б гісторыя не пра гэтага чалавека.
Лібар: Мне блізкія ідэі анархізму, таму для мяне гэтая пастаноўка асабліва важная. І таму гэтыя тэмы закрануты ў спектаклі: для Ігара анархізм - частка яго светапогляду, і гэта адна з прычын, чаму ён змагацца.
У Чэхіі да анархістаў ставяцца як да радыкалаў, якія жадаюць разбураць усё вакол. Хаця, анархізм зусім не пра гэта, а пра імкненне да лепшага свету. Мяне здзівіла, што ў Беларусі адносіны зусім іншыя. Людзі падтрымліваюць і прымаюць зняволеных анархістаў, змагаюцца плячом да пляча.
Budzma: Вы ўжо паказвалі спектакль у Чэхіі. Як яго ўспрынялі гледачы?
Адам: Мы крыху хваляваліся перад прэмʼерай, у пастаноўцы шмат гумару, прычым чорнага. Многія чакалі, што спектакль будзе змрочным і дэпрэсіўным. Але гледачы былі здзіўлены, усё ж у ім знайшлося месца іроніі і гумару.
Па-другое, нам важна было расказаць чэшскім гледачам пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, пра людзей, якія патрапілі пад рэпрэсіі дыктатарскага рэжыму.
Лібара Брзабагаты
Budzma: А калі ў цэлым, людзі ў Чэхіі цікавяцца сітуацыяй у Беларусі?
Адам: У Чэхіі грамадства падзелена: у нас шмат радыкальных нацыяналістаў, нават фашыстаў. Таксама ёсць група людзей, якія знаходзяцца пад уплывам расейскай прапаганды. І гэта немаленькая група, каля 30% насельніцтва. У нас нават былі выступы супраць падтрымкі Украіны. А мінулы прэзідэнт Чэхіі падтрымліваў Пуціна.
Лібар: Я ўвогуле думаю, што ён агент Крамля. Тым не менш, у 2020 годзе многія Чэхі выказвалі салідарнасць з Беларуссю.
Budzma: Ці ведае Ігар аб пастаноўцы?
Адам: Так, ён у курсе. Яго сябры прыйдуць паглядзець пʼесу. Я думаю, яго кранула тое, што мы робім гэтую пастаноўку. Мне падаецца для яго гэта важна.
Яго дзённік – частка гісторыі, якая адбываецца ў Беларусі.
Для нас вельмі важна не толькі паказаць гэтую пастаноўку, але і прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў, аказаць ім падтрымку.
Марк Крысціян Хохман на рэпетыцыі спектакля
Марта Радушкевіч, budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Слова з-за кратаў». Вольныя Купалаўцы стануць галасамі беларускіх палітвязняў