Чалавек, гадавіну дня народзінаў якога ўзгадваем сёння, пражыў доўгае і бурлівае жыццё. Эдвард нарадзіўся ў сям’і барона ў Віцебскай губерні ў 1851 годзе. Заснаваў першыя правыя палітычныя партыі Беларусі, быў прызначаны Папам Рымскім арцыбіскупам Магілёўскім — духоўным кіраўніком усіх каталікоў нашай старонкі. Апроч таго, Эдвард паспеў адчуць на сваёй скуры кляймо «палітвязня». Чым жа яшчэ адметная гэтая гістарычная асоба?
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. З кнігі: Дзяржаўная Дума першага скліканьня. Партрэты, кароткія біяграфіі і характарыстыкі дэпутатаў
Ад малака матулі
Пры нараджэнні 14 снежня 1851 года хлопчык атрымаў амаль казачнае імя — Эдвард Міхаэль Ёган Марыя барон фон дэр Роп. І калі па лініі бацькі ён з’яўляўся нашчадкам даволі вядомага шляхетнага роду фон дэр Роп з тэрыторыі сучаснай Латвіі, дык па кудзелі (ці як кажуць сёння — па маці) Эдвард быў з роду Плятэр.
Ягоная маці Ізабэля была дачкой віцэ-губернатара Вільні Міхала Плятэра. Менавіта ў яго доме ў Ліксне (цяпер вёска ў Даўгаўпілскім краі Латвіі) расла маленькая Эмілія, якой было наканавана трапіць у пантэон беларускіх герояў. І ў той самай Ліксне пабачыў свет хлопчык Эдвард фон Роп, праз 17 гадоў пасля смерці знакамітай сваячкі.
Калі зазірнем яшчэ на адно пакаленне назад, даведаемся, што прадзед Эдварда фон Ропа — Казімір Канстантын Плятэр — застаўся ў гісторыі як апошні падканцлер Вялікага Княства Літоўскага.
Як бачым, было з каго браць прыклад, і гісторыя Эдварда сталася таму доказам.
Смерць нявесты Кар’ера фон Ропа аднак магла пайсці па зусім невядомым нам кірунку. Пасля сканчэння ўніверсітэта ў Пецярбургу ў 1875 годзе і працы юрыстам у Міністэрстве земляробства ў тым жа горадзе ён змяняе свае жыццёвыя планы, нечакана і кардынальна.
На мяжы 1870-х і 1880-х гадоў ягоная нявеста трагічна загінула ў Венецыі. Ад таго моманту Эдвард вырашае прысвяціць жыццё Богу.
У 1883 годзе Эдвард фон Роп паступіў у каталіцкую семінарыю ў Коўне. І 2 жніўня 1886 года 34-гадовы Эдвард быў высвечаны ў ксяндзы Магілёўскай архідыяцэзіі.
Рэпрэсіі
Эдвард фон Роп спазнаў на сабе жахі дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны. Двойчы, пры розных рэжымах, ён станавіўся ахвярай незаконных дзеянняў тых, хто называў сябе «ўладай».
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. Аўтограф
Першы раз — у кастрычніку 1907 года, калі загадам міністра ўнутраных спраў імперыі быў адхілены ад кіравання Віленскай дыяцэзіяй. Эдвард каля 10 гадоў жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі.
24 красавіка 1919 года арцыбіскуп Эдвард фон Роп быў арыштаваны камуністамі Петраградскай ЧК. Пасля Віленскага наступу польскага войска яго схапілі ў якасці закладніка і абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. 5 содняў арцыбіскуп знаходзіўся ў ізалятары Петраградскай Усерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і злоўжываннем уладай.
25 траўня 1919 года вернікі і духавенства (якія адважныя людзі!) арганізавалі мітынг перад касцёлам св. Кацярыны і шматтысячны марш пратэсту да Петраградскай ЧК. Была таксама створаная петыцыя.
На працягу трох дзён было сабрана каля 30 тысяч подпісаў! І гэта не сённяшнія інтэрнэтныя клікі, а людзі, якія падпісвалі дакумент, усведамляючы магчымыя наступствы.
Папулярнасць ацыбіскупа фон Ропа, умяшанне вернікаў і святароў, Святога Пасаду і іншых краін, верагодна, выратавалі яго ад расстрэлу. На пачатку ліпеня Эдварда этапавалі ў Маскву — у Лубянскую турму, потым у Бутырку, а 10 ліпеня выслалі пад хатні арышт у Тыфліс (сённяшні Тбілісі).
У выніку перамоваў паміж прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа з удзелам нунцыя ў Варшаве Ахілеса Раці (які пазней стане Папам Рымскім Піем XI), 17 лістапада фон Роп быў вызвалены, а 21 лістапада 1919 года быў перададзены польскаму боку ў нашых Мікашэвічах у абмен на згоду Польшчы на праезд праз яе тэрыторыю з Берліна зняволенага дзеяча Камуністычнага Інтэрнацыяналу Карла Радэка. Тагачасны абмен палітвязнямі.
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. Вытрымка з «Львоўскай газэты» аб юбілеі. 1927 год
Эдвард фон Роп адкрыта называў рэчы сваімі імёнамі, і датычна камуністаў і іх рэжыму ўжываў словазлучэнне «пасланцы д’ябла».
Служэнне біскупа
9 чэрвеня 1902 года ксёндз Эдвард фон Роп стаў біскупам. Ва ўрачыстай цырымоніі бралі ўдзел таксама блізкія беларускаму касцёлу асобы: у хуткім часе арцыбіскуп Магілёўскі Ежы Юзэф Шэмбэк, а таксама дапаможны біскуп той жа дыяцэзіі Караль Антоні Недзялкоўскі.
Папа Леў ХІІІ прызначыў Эдварда на незвычайнае месца служэння — біскупам у малдаўскі Тэрэспаль. Праўда неўзабаве Пантыфікам становіцца Пій Х, і ў наступным 1903 годзе біскупа Эдварда пераводзяць на радзіму. Біскупам Вільні ён служыў наступныя 14 гадоў. Ажно да моманту, калі 25 ліпеня 1917 года Эдвард фон Роп не быў прызначаны новым Папам Бэнедыктам XV на сваю найвялікшую пасаду — арцыбіскупа Магілёўскага.
Дзякуючы хуткай рэакцыі біскупа пасля Указа аб верацярпімасці 30 траўня 1905 года шматлікія праваслаўныя, галоўным чынам былыя ўніяты, перайшлі ў каталіцтва, а на ўроках рэлігіі ў школах уводзілася родная мова вучняў.
Палітык
Біскуп Эдвард фон Роп стаў стваральнікам па-сутнасці першай беларускай правай, кансерватыўнай, хрысціянскай партыі ў 1906 годзе. Яна мела назву «Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі». А стваралася яна з мэтай абароны каталіцкага (беларускага, літоўскага і польскага) насельніцтва Паўночна-Заходняга Краю, а таксама за аўтаномію і абарону інтарэсаў Краю.
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. З кнігі: Чальцы Дзяржаўнай думы = Нашы дэпутаты
Фон Роп быў сярод дэпутатаў І Дзяржаўнай Думы імперыі.
Цікава зазірнуць у Статут партыі, ён гучыць надзвычай сучасна і праз амаль 120 гадоў. Прывядзем некалькі цытат:
«Канстытуцыйна-каталіцкая партыя будзе намагацца: Свабоды стварэньня зьвязаў і арганізацыі сходаў, з адначаснай абаронай ад усялякага гвалту; права на забастоўкі з абаронай асабістай вольнасьці і абавязковым арбітражным разглядам прычын забастоўкі праз суды, супольна абраныя рабочымі і працадаўцамі.
Абароны працуючых жанчынаў ад эксплюатацыі, празьмернай працы і ўсялякай амаральнасьці.
Выпраўленьня ўсіх крыўдаў, нанесеных у нашым краі Касьцёлу, і ў тым ліку аднаўленьня ліквідаваных дыяцэзій, вяртаньня забраных альбо зачыненых касьцёлаў — а там, дзе гэта немагчыма, поўнай кампэнсацыі за нанесеныя крыўды.
Жыхару кожнай мясцовасьці павінна быць нададзеная магчымасьць атрыманьня пачатковай і сярэдняй адукацыі на ўласнай мове, наколькі гэта пасьпяхова можна зрабіць у мясцовых умовах.
Паколькі кіраваньне дзяржавай мусіць быць у руках прадстаўнічага органа, то вышэйшая выканаўчая ўлада, а менавіта міністры, павінны быць адказнымі перад гэтым прадстаўнічым органам, а ніжэйшая выканаўчая ўлада — перад звычайнымі судамі.
Мясцовае самакіраваньне павінна мець у сваім распараджэньні асьвету, ахову здароўя, паліцыю, дарогі, інспэкцыю фабрычнай і сельскагаспадарчай працы, аграрныя справы — адным словам, усё кіраваньне; за выключэньнем арміі, флоту, агульнадзяржаўных шляхоў, пошты і тэлеграфа».
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. Архіўны здымак
Біскуп Эдвард фон Роп згадваецца поруч з князем Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, баронам Казімірам Шафнагелем, ксяндзамі Вінцэнтам Гадлеўскім і Аляксандрам Астрамовічам сярод заснавальнікаў першай правай менавіта беларускай партыі — «Хрысьціянскай злучнасьці» ў 1915 годзе, — як адзначае дасьледчык Максім Гацак.
Беларушчына
Эдвард фон Роп сваім цыркулярам дазволіў, каб малітвы, катэхізіс, святую гісторыю і гісторыю Касцёла выкладалі дзецям, якія размаўляюць па-беларуску, на беларускай мове.
«Беларуская мова павінна на самой справе, а не толькі на словах атрымаць прызнанне. Яна мае права на існаванне і развіццё, а таму павінна вывучацца нароўні з велікарасейскай мовай у народных школах.
Беларуская літаратура не павінна мець перашкодаў для свайго разьвіцьця, як расейскімі, так і лацінскімі літарамі. Не жадаючы быць палянізатарам беларускага народу (гэта не павінна быць задачай рэлігіі), пры тлумачэньні дзецям ісьцін веры трэба выкарыстоўваць мову, на якой яны гавораць у сваёй хаце, г. зн. — беларускую.
Духавенству трэба прыняць удзел у стварэньні агульнай, па магчымасьці ўсім зразумелай літаратурнай беларускай мовы», — пісаў Эдвард фон Роп у 1905 годзе.
Спадчына
У якасці біскупа і арцыбіскупа, Эдвард фон Роп браў удзел у пасвячэнні (кансэкрацыі) новых біскупаў. Сярод іх быў у 1904 годзе Апалінарый Унукоўскі. Што цікава, біскуп Унукоўскі «апярэдзіў» самога фон Ропа на пасадзе магілёўскага арцыбіскупа: ён атрымаў катэдру ў 1908 годзе і заставаўся на ёй да хуткай смерці ў наступным 1909 годзе.
Таксама сярод адметных «нашчадкаў» фон Ропа варта назваць Казіміра Букрабу, біскупа пінскага, які быў пасвечаны ў 1932 годзе.
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. Вытрымка з «Львоўскай газеты» аб пахаванні. 1939 год
Памёр Эдвард фон Роп 25 ліпеня 1939 года за месяц да пачатку Другой сусветнай вайны ў Познані, дзе і быў пахаваны ў сутарэннях катэдры. 21 лютага 1983 года яго парэшткі былі перанесены бліжэй да Беларусі, у катэдру ў Беластоку.
Арцыбіскуп Эдвард фон Роп. Вытрымка з «Львоўскай газеты» аб смерці. 1939 год
Павал Хадзінскі, budzma. org