Паэт і бард Эдуард Акулін выступіў з канцэртнай праграмай “Не магу жыць без крыл…” у Заслаўі 12 траўня.
Кажа Эдуард Акулін: “Апошні раз у горадзе-музеі Заслаўе я выступаў 12 гадоў таму. Тут, у сценах гістарычна-краязнаўчага музея, ладзілася прэзентацыя маёй кнігі вершаў “Крыло анёла”. Вельмі прыемна, што і праз столькі гадоў знайшліся людзі, якія запомнілі мой паэтычны дэбют у старажытным месцы. Сёлетні выступ адбыўся ў сценах найлепшай навучальнай установы гораду – заслаўскай гімназіі. Паслухаць мае песні і вершы сабраліся вучні 7–11 класаў, якія цікавяцца сучаснай беларускай літаратурай. Цудоўна, што ў гімназіі шмат паэтычных талентаў, нават выпускаецца літаратурны альманах “Тутэйшыя”. У такой зацікаўленай аўдыторыі дзвюхгадзінная сустрэча прамільгнула як адзін міг… А прызы ад кампаніі “Будзьма” паспрыялі больш цеснаму ўзаемапаразуменню…”
Канцэрт адбыўся пры падтрымцы агульнанацыянальнай культурніцкай акцыі “Будзьма беларусамі!”