Этна-трыо «Тройца». Уся праўда

28.04.2010 Музыка

Заспець усіх трох музыкаў калектыву адначасова ў адным месцы няпроста. Тым не менш у нас атрымалася правесці разам амаль гадзіну, абмяняцца пытаннямі ў разуменні таго, што адказы на многія з іх можам не пачуць ніколі…

У гутарцы ўдзельнічалі Іван Кірчук (І.К.), Юрый Паўлоўскі (Ю.П.) і Юрый Дзмітрыеў (Ю.Дз.)

– Наколькі істотны быў у апошнія гады ўплыў народнай музыкі на беларускую папулярную музыку, уключна так званую «папсу»?

І.К.: Калі такі ўплыў і быў, дык вельмі, мне здаецца, нязначны. На ўзроўні ўкрапінаў, не больш. Каб меркаваць пра агульны стан, трэба мець перад вачыма пэўную колькасць калектываў, якія працуюць у гэтым напрамку, выкарыстоўваюць народныя інструменты, фрагменты народнай музыкі. На мой погляд, практычна нічога не мяняецца. Нам ужо дзесяць гадоў, да нас народную музыку шырока папулярызаваў «Палац». Пасля «Песняроў» ён быў, напэўна, першым, хто на гэта звярнуў увагу, і на пэўны момант гэта спрацавала, дало ўсплёск. З нетраў студыі «Палац» выйшлі «Крыві», «Юр’я», асобныя выканаўцы (як Зміцер Вайцюшкевіч). Але ж у цэлым ва ўсёй Беларусі мы не знойдзем ні 50, ні тым больш 100 этнычных каманд, якія б працавалі ў розных напрамках гэтай музыкі. Гэтая ніша не занятая перш за ўсё таму, што такая музыка не запатрабаваная, не карыстаецца попытам. Няма фестываляў, няма радыё з этна-музыкай, часопісаў, хоць бы такіх, якія выдаюцца побач, у Польшчы, і якія нам дасылаюць. Там шмат інфармацыі пра калектывы, інструменты, рэцэнзіі на дыскі, канцэрты. Тэкст цалкам.