Этнасвята “У госці да радзімічаў” пройдзе ў Чавускім раёне

Этнасвята “У госці да радзімічаў”, заснаванае на падзеях і стылістыцы Х-ХІІ стагоддзяў, пройдзе 15 жніўня ў Чавускім раёне. Мерапрыемства ў другі раз збярэ ў аграгарадку Радамля аматараў беларускай гісторыі, паведаміла метадыст Чавускага раённага цэнтра культуры і вольнага часу Алеся Далецкая.

Фота з сайта mogilev.by
На пляцоўцы каля старадаўняга гарадзішча радзімічаў гасцей і турыстаў чакае тэатралізаванае прадстаўленне са старажытным абрадам рытуальнага вогнішча. Для акцёраў па спецыяльных эскізах рэканструявалі касцюмы Х-ХІІ стагоддзяў. “На мерапрыемстве будзе прадэманстраваны ўнікальны абрад “Турыца” : сем дзяўчат з віскам і крыкам уцякаюць ад хлопца, пераапранутага быком. Пасля забойства звера мужчыны з племя радзімічаў выбіралі сабе жонак”, – распавяла Алеся Далецкая.

Акрамя таго, усе жадаючыя змогуць наведаць атракцыёны, адпаведныя тэматыцы святы. Асаблівую ўвагу нададуць музычнаму суправаджэнню. На свяце выступяць этнакалективы з Хоцімска і Краснаполля, дудары з Магілёва і Мінска. Госці мерапрыемства змогуць атрымаць асалоду ад мелодый ліры і цымбалаў.

Падчас свята разгорнецца стылізаваны кірмаш, дзе будуць прадавацца вырабы майстроў і рамеснікаў вобласці, розная сувенірная прадукцыя, а таксама пройдуць майстар-класы. Адным з галоўных эпізодаў кірмашу стане кулінарнае свята. Стравы мясцовай кухні прадставяць жыхары Радомлі.

 

Марыя Ластачкіна, БелТА

 

Тэгі: