У нашыя няпростыя часы гэтак не стае любові, праўда? Здавалася б, людцы добрыя, ну можна ж жыць нармальна, мірна — для чаго ўсе гэтыя войны, канфлікты, рэпрэсіі, гвалт?! Рэальна ж усім будзе лепей жыць у любові, чым у нянавісьці! Дык чаму ж гэтая пазытыўная прагматыка не спрацоўвае? Калі астатнія гэтага не разумеюць — можа... іх змусіць да любові? І пакуль вы абураецеся гэткай ідыёцкай прапановаю, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» распавядае пра самы што ні ёсьць загад любіць!
Удзельнікі праўладнага мітынгу ў Менску. Жнівень, 2020. Фота minsknews.by
Памятаю, яшчэ ў пачатковай школе ў нас па руках хадзілі раздрукоўкі з рознымі сьмешнымі ўрыўкамі-калямбурамі з навучэнскіх твораў. Адзін зь іх засеў у галаве ажно да сёньня, бадай найбольш трывала:
Любіце Родзіну, маць вашу!
Зразумела ж, аўтар гэтага закліку хацеў як лепш, але атрымалася як атрымалася. Замест патрыятычнае ўзьнёсласьці — нейкі грубы й тупы загад, да таго ж прымасьлены крэпкім слаўцом з-пад плоту.
Было там нешта яшчэ, але ўжо не прыгадаю. А вось канкрэтна гэты калямбур праз гады не давала забыць уласна нашая беларуская рэчаіснасьць. Усе гэтыя падкрэсьлена расейскамоўныя «патриотические союзы молодёжи», усхваленьне савецкае мінуўшчыны і замятаньне пры гэтым у цёмны кут нашае сапраўднае нацыянальнае спадчыны аніяк ня ўкладвалася ў маёй юнацкай галаве.
У 15 гадоў перайшоўшы цалкам на беларускую мову — без усялякіх загадаў і разнарадак, я насіў на грудзёх значак з надпісам «Люблю Беларусь!» і аніяк ня мог дапяць: дык а дзе ж тая любоў да роднае краіны ўва ўсёй гэтай дзяржаўнай махіны — з усімі яе саюзамі, парадамі і енкамі з высокіх трыбунаў?
І як наагул можна кагосьці альбо штосьці любіць паводле загаду? А калі ня выканаеш загад — што тады? Гэтая самая Родзіна пакарае цябе за адсутнасьць любові да яе, ці як?
Валера Руселік з плякатам у часе Чарнобыльскага Шляху-2006 (Менск). Фота з асабістага архіву
Ну дык вось. 9 красавіка пабачыла сьвет Дырэктыва № 12 «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы» — дакумэнт, у якім прапісаны не хухры-мухры, а самы што ні ёсьць «сьвяты абавязак кожнага беларуса».
Гэтая паперчына прадугледжвае, што дзяржава яшчэ больш старанна будзе вучыць грамадзянаў, як любіць Родзіну — правільна, а як — няправільна. Займацца гэтай лухтой цяпер абавязаныя ня толькі розныя чыноўнікі і армада штатных ідэолягаў, але нават і кіраўніцтва прыватных кампаніяў — каб «уцягваліся ў прадзяржаўнае інфармацыйна-ідэалагічнае поле»!
То-бок, простымі словамі, цяпер усе — і бюджэтнікі, і прыватнікі, і хто там яшчэ — усе павінны ў адзіным парыве сьпяваць асанну: «О, вялікі наш Правадыр, наш бацька-Фюрэр, ты вядзеш нас у сьветлую будучыню! Пад тваім мудрым кіраўніцтвам дзяржава нашая квітнее і пахне! Жыта буяе, трактары гудуць, нашае мірнае неба ахоўвае мірная расейская ядравая бомба! Слава табе, наш вялікі Правадыр!»
Альбо вы думалі, што «любіце Родзіну, маць вашу!» і дзяржаўнае патрыятычнае выхаваньне грамадзянаў — гэта неяк інакш? Ну, тады пачытайце дакумэнт самастойна й падзялецеся потым уражаньнямі.
Дырэктыва № 12 «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Скрын дакумэнту
Наагул — вельмі практычная дырэктыва атрымалася. Тут табе й набор дасягненьняў Родзіны пералічаны, за якія кожны беларус цяпер абавязаны Родзіну любіць. І «враги народа», па сутнасьці, вызначаныя — гэта тыя, хто Родзіну ня любіць альбо любіць інакш, чым напісана. «Нормальным русским языком» (дакумэнт апублікаваны па-расейску) патлумачана, што «двуязычие» ў нас склалася гістарычна ды ў сілу геаграфіі — якая расеізацыя і агрэсія з усходу, ну што вы!
Расейская імпэрыя, дарэчы, згадваецца як адна з гістарычных формаў беларускай дзяржаўнасьці, а не акупацыя. А Беларуская Народная Рэспубліка — ня згадваецца наагул. «Начало становлению национальной белорусской государственности дала Октябрьская революция. Её результат — провозглашение 1 января 1919 г. ССРБ (впоследствии — БССР)».
Каму чо непанятна?! Любіце Родзіну, маць вашу!
Затрыманьні ўдзельнікаў сьвяткаваньняў Дня Волі. Менск, 2017. Фота PAP/EPA
Хаця, здавалася б, любоў — гэта тое, што ідзе з сэрца, а не з дырэктывы, праўда? Жылі б людзі добра, пачуваліся б гаспадарамі на сваёй зямлі, не баяліся б за сябе і сваіх блізкіх, бачылі б пэрспэктывы на гэтай зямлі — дык і любілі б гэтую зямлю (дакладней — дзяржаву, бо зямлю і краіну і сёньня любяць). Не зьяжджалі б адсюль сотнямі тысяч штогод, а наадварот — і самыя б заставаліся, і замежнікі б сюды імкнуліся з усяго сьвету.
Без усялякіх загадаў і дырэктываў.
Ну і апошняе. Нядаўна зрабіў быў допіс у сябе ў Фэйсбуку: «У мяне няма родины». У камэнтарах адразу мяне пачалі суцяшаць: маўляў, ну што ты, не нагнятай, ты абавязкова вернесься дадому, усё будзе добра! Са скрухаю ад таго, што мяне не зразумелі, я адказваў: «Ну што вы, мяне ня трэба суцяшаць! Ды пляваць, што ў мяне няма родины — у мяне ж ёсьць Радзіма!»
Якую я люблю ўсім сваім сэрцам — без усялякіх загадаў і дырэктываў. Як і сваю маму.
Валера Руселік, Budzma.org