Пакуль што камандна-адміністрацыйны апарат з дапамогай жорсткіх стрымальных мераў на міжбанкаўскім рынку і дзякуючы чарговым пазыкам, атрыманым ад Крамля, стрымлівае эканоміку Беларусі ад апошняга кроку ў прорву. Апошнія дадзеныя Мінфіна даюць зразумець, што група, якая кантралюе сілавыя структуры, здолела пабіць уласны рэкорд па знешніх запазычанасцях. Паводле афіцыйных звестак, яны перавышаюць 18 мільярдаў даляраў, павялічыўшыся на 600 мільёнаў у параўнанні з мінулым месяцам.
Міжбанкаўскі рэгулятар усталяваў дадатковыя спагнанні для банкаў пры выдачы крэдытаў прыватным і юрыдычным асобам. Таму, напрыклад, адсоткі па спажывецкіх крэдытах узраслі адразу ў сярэднім на 15%, і разлічваць на рост спажывання, які б мог стымуляваць эканоміку, амаль што не даводзіцца. Усе гэтыя меры, на думку чыноўнікаў з Нацбанка, мусяць стрымаць дэвальвацыю беларускага рубля. Якая можа толькі падліць смалы ў агонь супрацьстаяння актыўнай часткі грамадства з камандна-адміністрацыйным апаратам.
Але беларускія кампаніі і спажыўцы чакаюць абвалу ў выніку магчымых санкцый з боку заходніх краінаў і скарачэння попыту на прадукцыю прадпрыемстваў на Усходзе.
Адкуль, нягледзячы на ажыўленне сусветнага рынку вуглевадародаў, прыходзяць таксама не вельмі добрыя навіны. На думку вядомага расійскага эксперта, колішняга кіраўніка адной з найбуйнейшых гандлёвых сетак у РФ Дзмітрыя Патапенкі, «працэс банкруцтва прыватных і карпаратыўных структур яшчэ не ўвайшоў у пікавую зону. На маю думку, мы пакуль знаходзімся па сярэдзіне да шляху гэтай хвалі . А пік прыпадзе на час пасля Новага года. ...Калі спатрэбіцца вярнуць адразу ўсе крэдыты, то не менш за 55% грамадзян будуць не ў стане гэта зрабіць».
У сваю чаргу, Міжнародны валютны фонд пагоршыў прагнозы для эканомікі Расіі на гэты і наступны гады. На думку эканамістаў, у 2020 годзе ВУП РФ знізіцца на 4%, а ў 2021 годзе вырасце на 2,5%.
Імаверна, што пасля пагаршэння ўнутранай эканамічнай сітуацыі ў Расіі і няпэўных перспектываў у сусветным гандлі беларускім прадпрыемствам і кампаніям будзе цяжка разлічваць на павелічэнне спажывання іх прадукцыі ў РФ. І доўгачаканая «разгрузка складаў», прыток валюты на рахункі і ў банкаўскую сферу могуць так і не адбыцца.
Большасць міжнародных фінансавых структураў з вялікай доляй скептыцызму ставіцца да аднаўлення былой эканамічнай актыўнасці ў першай палове 2021 г.
Нягледзячы на тое, што на фоне навінаў аб вакцыне супраць каранавіруса на біржах пачаўся рост цэнаў на нафту, а індэксы ў ЗША пасля выбараў дэманструюць добрыя вынікі, застаецца шмат негатыўных акалічнасцяў для эканамічнай сітуацыі ў свеце.
Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, куды ўваходзіць 47 сусветных эканамічных лідараў, звяртае ўвагу, што прагрэс глабальнай эканомікі па вяртанні да дакрызіснага ўзроўню будзе нераўнамерным у розных краінах. Тэмпы аднаўлення будуць больш імклівымі ў азіяцкіх краінах, якія лепш справіліся з каранавірусам.
Эксперты падкрэсліваюць, што ВУП ЗША і еўразоны можа выйсці на дакрызісны ўзровень толькі пад канец 2021. Такім чынам, беларускай эканоміцы хіба не варта чакаць рэзкага росту попыту і цэнаў на нафтапрадукты і іншай сыравіны, якія з’яўляюцца асноўнымі элементамі экспарту на Захад.
Курс беларускага рубля наўпрост залежыць ад цэнаў на нафту. Наколькі хутка нацыянальная валюта рэагуе на негатыўныя навіны з нафтавых рынкаў, мы маглі пераканацца ў сакавіку 2020 г., калі рубель усяго за дзень страціў амаль 5% сваёй вартасці.
Варта ўлічваць і фактар няпэўнага становішча з магчымымі санкцыямі, сацыяльна-палітычны крызіс, які нікуды не падзенецца ў 2021 годзе. Таму беларусам неабходна вельмі ўважліва сачыць за эканамічнай і палітычнай абстаноўкай.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org