Нас заўсёды пераконвалі, што трэба плаціць падаткі, бо дзякуючы ім у нас добрыя дарогі, на вуліцах чыста, дзяцей вучаць у бясплатных школах, міліцыя абараняе людзей, бедныя атрымліваюць дапамогу і гэтак далей, і гэтак далей. Так, дзяржава сапраўды існуе толькі дзякуючы нам! І толькі дзякуючы нам прэзідэнт, мэр ці які дзяржначальнік атрымлівае заробак і мае дах над галавой, а не наадварот.
Мы плацім падаткі не толькі праз славутыя 13% падаходнага. Гэта і 34% у фонд сацыяльнай абароны, і падатак на дабаўленую вартасць (да 20%), і акцызы, і зямельны падатак (нават калі жывяце ў кватэры), і транспартны, і шмат чаго іншага. Толькі праз такія выплаты мы аддаём дзяржаве каля 50% грошай, якія зарабілі.
Але куды ідуць гэтыя грошы? Стала цалкам відавочна, што яны не ідуць на забеспячэнне паўнавартасных медыцынскіх паслуг. ЖКГ закупляе фарбы, каб замазваць "3%" на асфальце. Установы адукацыі, школы і ўніверсітэты ператварыліся ў карныя апараты, структуры фальсіфікацый, рэпрэсій ды ціску на навучэнцаў і іх бацькоў. Міліцыя ператварылася з органа абароны ад пагрозы ў яе крыніцу. За кожны дзень пратэстаў сілавыя службоўцы атрымліваюць прэмію, якая перавышае адзін ці некалькі месячных заробкаў шараговага беларуса (не кажучы пра магчымасць кампенсаваць сваю маральную імпатэнцыю і комплексы праз самасцвярджэнне гвалтам нават над дзецьмі і старымі). І ўсё гэта за нашыя грошы.
Менавіта таму сёння лагічна ўзніклі размовы не толькі пра забастоўкі, але і пра пратэст эканамічнага кшталту. Важна разумець, што грошы бяруцца не з паветра ці ад нейкіх міфічных кантрактаў у Афрыцы і Азіі. Грошы даём мы. Больш за 80% агульнага бюджэту дзяржавы прыходзіць з нашых падаткаў. Важна разумець і тое, што любое наша дзеянне, звязанае з грашыма, фінансуе дзяржаўныя органы. А таму эканамічны пратэст накіраваны на максімальную мінімізацыю такіх "эканамічных рухаў" кожнага з нас.
Што гэта можа быць? Некаторыя прапануюць па магчымасці звесці плацяжы за паслугі і прадукцыю ў прыватнікаў да разлікаў наяўнымі грашыма ў абыход касы, але я ўсё ж паспрабую прывесці спіс менавіта легальных крокаў, якія не пярэчаць заканадаўству.
- Выйсці з прафсаюза, калі ён не незалежны.
- Па магчымасці адмовіцца ці мінімізаваць выдаткі на прадукты і паслугі, якія не з'яўляюцца неабходнымі.
- Адкласці на перыяд эканамічнага пратэсту буйныя пакупкі і продажы кшталту тэхнікі, транспарту, нерухомасці і іншага.
- Адмовіцца ад ужывання ды пакупкі алкаголю і цыгарэт (а гэты крок яшчэ і карысны для здароўя ды сямейнага бюджэту).
- Адкласці ўсе магчымыя грашовыя пераводы з-за мяжы.
- Зняць грошы з банкаўскіх рахункаў.
- Мінімізаваць выкарыстанне грамадскага і аўтатранспарту.
- Адтэрмінаваць аплату камунальных паслуг.
Гэта толькі некаторыя крокі, якія кожны можа зрабіць ужо сёння і цалкам легальна. Як бачыце, гэта можа быць не проста частка эканамічнага пратэсту, але і па некаторых пунктах і антыкансьюмерысцкай стратэгіяй па зніжэнні пустога спажывання, што паляпшае а) экалогію, б) здароўе, в) сітуацыю з сямейным бюджэтам. А на зэканомленыя грошы ва ўжо свабоднай краіне вы набудзеце нешта вартае ці забяспечыце добрую адукацыю дзецям :)
Кірыл Стаселька, budzma.org