Не так проста быць добрым у злым свеце. Збіраць камяні ў часы, калі прынята іх раскідваць. Аднак менавіта гэтыя часы — нашыя, а іншых можа і не быць, калі сёння не клапаціцца пра заўтра. Сойка разам з экалагічнай арганізацыяй «Эк*д*м» сабралі шпаргалку пра тое, як эканоміць грошы, спрычыняючыся да глабальных экалагічных працэсаў. Збярэм камяні ў шматразовыя пакеты!
Адмаўляемся ад fast fashion
Статыстыка
Штогод у свеце вырабляюць больш за 100 мільярдаў адзінак адзення, а перапрацоўваюць толькі 1%.
Вытворчасць адзежы адказвае за 20% сусветнага ўжывання вады і 8% утварэння парніковых газаў.
Мас-маркет свядома раскручвае гонку за модай, вырабляючы агромныя колькасці адзення, частку якога выкінуць ці спаляць, ніводнага разу не надзеўшы.
Новае адзенне — гэта ДОРАГА.
Што рабіць?
Закупляцца ў сэкандах і на барахолках (накшталт Куфара). Крамы ўжыванага адзення ўжо даўно не пра беднасць, а пра эканомнасць і экалагічнасць.
Апранацца ў беларускіх дызайнераў. Унікальнае, якаснае адзенне каштуе даражэй, але будзе ўпрыгожаннем вашага гардэробу, а не шараговым нізкаякасным фаст-фэшнам (пасля якога — шопінгавая пякотка).
Не набываем, а абменьваемся
Карыстаемся аплікацыяй Отдам Даром (або аналагам, які ёсць у вашым горадзе/мястэчку). Такія сэрвісы дазваляюць хутка раздаваць рэчы, якія вам не патрэбныя, і хутка атрымліваць тое, што спатрэбілася. Гэта ўстойлівы і разумны падыход, які таксама забяспечвае бясконцыя гадзіны забаў — можна праглядаць рэчы іншых людзей, дзе бывае шмат нечаканага.
Арганізуем буккросінг у сваім пад’ездзе ці ў вёсцы. Замест таго, каб кніга збірала пыл у вас дома, можна даць яе пачытаць іншым людзям, а заадно ўзяць сабе ўзамен нешта цікавае. У пад’ездзе гэта можа быць прыкручаная палічка з апісаннем і першай кніжкай для абмену, якую пакладзеце вы. А ў вёсцы буккросінг можна арганізаваць, напрыклад, у сельскім доме культуры, заручыўшыся падтрымкай яго працаўнікоў. Заданне з зорачкай — арганізаваць бясплатны суседскі пункт абмену рэчамі, таксама, напрыклад, у скрыні ў пад’ездзе.
Абменьваемся ежай з суседзямі. Уявіце, вы з’язджаеце ў адпачынак і пакідаеце псавацца цэлую лядоўню ежы або адпраўляеце ў сметнік яшчэ добрыя прадукты. Аддавайце тое, што не паспяваеце спажыць. У некаторых краінах і гарадах ёсць сайты і аплікацыі, якія дазваляюць пашырыць геаграфію і мажлівасці абмену, бываюць і адмысловыя грамадскія лядоўні, дзе можна пакінуць харчы з пазнакай даты прыгатавання. Можна аддаваць ежу валанцёрам, якія гатуюць з яе дабрачынныя абеды. Пашукайце, ці ёсць такое паблізу вас.
Вырошчваем ежу
Нават Капітан Відавочнасць палянуецца тлумачыць, чаму вырашчаная ўласнымі рукамі гародніна і садавіна — гэта ECO ў кубе. Калі ж у вас няма магчымасці агароднічаць на ўласных градках, пачніце з зеляніны на падваконні або на балконе. Make рассада ў баначцы з-пад смятаны great again! Калі ж інстынкт агародніка пачне не ўлазіць у квадратныя метры вашага жытла, можна заняцца азеляненнем свайго горада ці мястэчка. Але памятайце, тут ёсць пэўныя правілы і неабходна атрымаць дазволы.
Перадаем прывітанне чыноўнікам
Трымаем тэлефон напагатове. Звычка фатаграфаваць экапраблемы (і не толькі), каб потым рабіць звароты на 115.бел, можна істотна змяняць наваколле. Шматгадовая дзірка ў асфальце? Сфоткалі — адправілі. Высякаюць дрэвы? Сфатаграфавалі, напісалі. Не прыбіраюць за сваім сабакам? Вы ўжо зразумелі, што рабіць. Можна дасылаць запыты нават калі недзе, на ваш погляд, не хапае дрэваў і іншай расліннасці.
Ствараць петыцыі на экалагічныя тэмы на Petitions.by. Калі нейкае пытанне ўзрушыла вас настолькі, што вы гатовыя збіраць подпісы, каб дамагчыся праўды, гэты пункт для вас. Скласці петыцыю насамрэч вельмі проста, а юрысты і юрысткі каманды зазвычай гатовыя вам дапамагчы. Калі ж вам некамфортна дасылаць петыцыю адміністрацыі ад свайго імя, вы можаце звярнуцца ў Зялёны тэлефон — валанцёры зробяць гэта за вас.