«Гэта Зяленскі», — чую ад паляка-кіроўцы адносна гісторыі пра дроны, якія атакавалі Польшчу на мінулым тыдні. Той самай думкі трымаюцца і палякі-бацькі на дзіцячай пляцоўцы. І гэта кажуць цалкам адэкватныя нармальныя людзі. Гучыць настолькі пераканаўча, што і сам думаеш: мо’ і праўда, Зяленскі?..
Алесь Кіркевіч
Гэта пры тым, што кіраўніцтва Польшчы дакладна агучыла сваю пазіцыю. І — збірае войскі, каб ахоўваць мяжу з Беларуссю, а не з Украінай (што ўжо гучала б як страшны сон...). Не кажучы пра тое, што гісторыя з дронамі цалкам упісваецца ў агрэсіўную палітыку Расіі, у наратывы расійскай прапаганды, урэшце — у іхную сутнасць.
Што чую ў адказ? «Расіі гэта не выгадна». Як быццам усё іншае, што рабіў і робіць Пуцін, Расіі — выгадна...
Наогул, сённяшняя палітыка Масквы — гэта не пра выгаду, але пра «магу». Магу нешта рабіць — раблю. І нават калі не магу, то раблю выгляд, што магу. Каб іншыя так падумалі. І спужаліся.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka
Адкуль жа тады антыўкраінскія настроі ў пэўнай часткі польскага грамадства? Адкуль — антыпольскія настроі ва ўкраінцаў (толькі не кажыце, што гэтага няма)? Адкуль недавер часткі літоўцаў да беларусаў ды — недавер беларусаў у адказ? Урэшце, узаемны недавер між Еўропай і ЗША?
Вось тут акурат не цяжка здагадацца, каму выгадна: Расіі.
Відавочна, што Масква баіцца не асобных краінаў, але — блокаў і саюзаў. Таму ёй жыццёва важна знішчаць саюзы, нішчыць давер паміж сваімі апанентамі. Новая (насамрэч, вельмі старая) тактыка: грызіце адно аднаго!
Прычым, нагоды для гэтага выдумляць асабліва не трэба. Калі людзі жывуць побач ці супрацоўнічаюць — нагода пасварыцца ёсць заўжды, праўда ж? Умоўны паляк ніколі ў жыцці не бачыў бурата з аўтаматам, кадыраўца або — спецназ КНДР. Гэта ўсё далёка: у выпусках навінаў ці Інстаграме.
Але — на свае вочы бачыў украінца. Які, напрыклад, нахаміў яму ў «Жабцы», чые дзеці лаюцца матам на дзіцячай пляцоўцы, які дрэнна паклаў плітку ў санвузле або — прыехаў за гуманітарнай дапамогай на аўто, лепшым чым у самога паляка. Вось і нагода пасварыцца. Бураты — далёка. Украінцы — тут, побач.
Удзельнік мітынга ў майцы з надпісам «Стоп украінізацыі Польшчы». Фота: wyborcza.pl
Лішне казаць, што Расія ніколі не ўпусціць магчымасці запусціць пальцы ў гістарычныя раны. Менавіта раны, а не траўмы. А такіх ранаў між народамі, якія стагоддзямі жывуць побач, не можа не быць. Застаецца — толькі знайсці і акцэнтаваць увагу — «падагрэць» тэму. Каб адныя думалі, што Польшча «плануе вяртанне Львова», а іншыя — што дроны па Польшчы запускаюць з «крыіўкі УПА»...
У гэтай інфармацыйнай (насамрэч — дэзынфармацыйнай) вайне Расія — майстар спорту, калі не чэмпіён свету. Гэта выкарыстанне сілы і вагі праціўніка, каб той сам упаў. Ці — наваляў зусім не таму, каму трэба. А Пуцін пастаіць убаку, паўсміхаецца. Пажадана, каб яго наогул ніхто не ўзгадаў. Ён ні пры чым.
Вынік — хаос. А пасля — апатыя. Маўляў, хай будзе як будзе. Каб ніхто не разбіраўся, хто вінаваты, хто хлусіць, хто куды скіроўваў дроны, навошта, для чаго... Абое-рабое. Што Пуцін, што Зяленскі, усе аднолькавыя. «Гэта не наша справа». Вось тут і пачынаецца трагедыя. Тут з’яўляюцца бураты з аўтаматамі і спецназ КНДР.
Да чаго гэты тэкст? Для таго, каб быць абачлівымі. Не толькі ў дзеяннях, але і ў словах, бо дзеянні растуць са словаў. Старая яўрэйская мудрасць: «Калі ёсць магчымасць не сварыцца з чалавекам — лепш не сварыцца».
Разумееце сэнс?
Нагода, каб пасварыцца ёсць заўжды ці — амаль заўжды. Уласна, чаму б і не. Але, падумайце лішні раз — для чаго? Хто стане бенефецыярам ад той сваркі?
Алесь Кіркевіч, Budzma.org