«Бедствы егіпецкія» горада Мінска: экстрэмальнае надвор’е

31.08.2022 Гісторыя

Тое, што Мінск — горад экстрэмальнага надвор’я, дзе фіксуюцца проста шалёныя ля такіх шыротаў тэмпературы і анамальныя кліматычныя паказчыкі — і сёлета і за апошнія 30 гадоў, змог запэўніцца кожны жыхар сталіцы. Аднак насуперак жаданню аднесці гэтыя экстрымумы адно да праяваў штучных фактараў уздзеяння на клімат, — глабальнага пацяплення, напрыклад, — мы расчаруем, давёўшы: нетыповыя скокі тэмпературнай ізабары і ападкавыя анамаліі зафіксаваныя і ў першай палове ХХ ст., нават у «экафрэндлі» ХІХ стагоддзі (не кажучы пра феадальныя часы).


mal_0_zviazda_11-maj-1928.jpg
Газета «Звязда» 11 мая 1928 г. апісвае і ілюструе жахі стыхіі: сарваныя дахі, разбураныя будынкі, парваныя тэлефонныя правады, паваленыя дрэвы

Невялічкі экскурс у мясцовую кліматалогію

Першыя звесткі пра надвор’е і клімат Беларусі падаюць мясцовыя летапісы і хронікі, таксама розныя сведчанні сустракаюцца ў дзяржаўных і манастырскіх дакументах. З тагачасных паведамленняў вынікае, што ў IX–XII стст. на нашых землях ішло пацяпленне клімату, а ў XIV–XVII стст. — яго пахаладанне. Гэтыя назіранні адпавядаюць сучасным ацэнкам кліматычных зменаў у мінулым: пасля 1200 г. клімат на Еўрапейскім кантыненце стаў у цэлым пагаршацца. Гэта было выклікана замаруджваннем хуткасці цёплага цячэння Гальфстрым, якое агінае мацярык з паўночнага захаду, з Атлантыкі.

mal_1_ziemlatrus_1107 M345.jpg
Землятрус 1104 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу (XV ст.)

XIII і XIV стагоддзі лічацца ў кліматалогіі часам, калі на Еўрапейскім кантыненце адбыўся пераход да так званага «малога ледавіковага перыяду», які працягваўся да XIX стагоддзя. Буры, невыносныя летнія засухі, суровыя зімовыя маразы, працяглыя дажджы, неўраджаі сталі ў гэтыя часы пастаяннымі з’явамі, за якімі ішлі голад і хваробы. Кліматычныя змены выклікалі небывалую сейсмічную актыўнасць, адчувальную нават у шыротах ад Кіева да Ноўгарада. Толькі за адно XIV ст. і толькі па летапісах зафіксавана больш за 100 экстрэмальных прыродных з’яў, якія выклікалі 30 галодных гадоў. У XV ст. працягвалі заставацца марозныя снежныя зімы, якія вясной змяняліся буйнымі паводкамі.

mal_2_zasucha 1092 M280.jpg
 Засуха 1092 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу (XV ст.)

У XVI ст. пачалася другая фаза «малога ледавіковага перыяду», якая характарызавалася часовым пацяпленнем. Павышэнне сярэднегадовай тэмпературы ў Еўропе, магчыма, было выклікана ўзрастаннем сонечнай актыўнасці — у некаторых мясцовасцях пачалі фіксаваць нетыповую атмасферную з’яву — паўночнае ззянне. Пацяпленне прывяло за сабой новую бяду. «Прышла саранча на Лядскую землю и на Литовскую, около Берестия и около Менска, и Свержна, и Коидонова, Ивенца и около Вилни видели летаючых, и поели жыто, и ярыну, и траву», — занатаваў летапісец у спіску Рачыньскага пад 1534 годам. Але прыблізна з 1560 г. зноў пачалося пахаладанне, што неўзабаве выклікала неўраджаі і новы голад.

mal_3_sarancza_1096 M295.jpg
 Нашэсце саранчы ў 1096 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу (XV ст.)

Аўтар «Баркулабаўскага летапісу» пад 1585 г. занатаваў: «перуны и грады великия, сухость, морозы маль не через все лето были у Литве. (...) А лете великий жар был: жито, яри, трава, такъже ярины огородныя все погорело у Литве, а звлаща около Менска, около Вилни. Люди убогия з хлеба (...) на Русь и на Украину понаходило».

У 1601 і ў 1602 гг., як адзначае той жа летапіс, найбольш пацярпелі ад замаразкаў і града Менск, Полацк, Віцебск, Орша, Мсціслаў, Магілёў, Рагачоў і некаторыя іншыя мясціны — людзі адтуль ізноў пачалі шукаць паратунку на ўкраінскіх землях, але, як драматычна апісвае летапісец, шмат хто з іх, ад дзетак да старых, памерлі ў дарозе з розных прычынаў. Так пачалася для нашых краёў трэцяя — самая халодная — фаза «малога ледавіковага перыяду», якая працягвалася з 1600-х па 1810-я гады. Змены надвор’я за гэты час даволі добра вывучаны, бо ў асобных краінах пачалі праводзіцца рэгулярныя назіранні за кліматам.

mal_4_Barkulab_letapis.jpg
Фрагмент Баркулабаўскага летапісу, складзенага на пачатку XVII ст. на Аршаншчыне

Увогуле найбольшы росквіт навукі і культуры ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у тым ліку геаграфіі і кліматалогіі, прыпадае на XV–XVII стст., калі праз перайманне заходнееўрапейскага досведу і пераасэнсаванне антычнай традыцыі складаліся і свае навуковыя працы. У XVIII ст. пачалі друкавацца айчынныя школьныя падручнікі: «Сучасная геаграфія» (1786, 1794), «Агульная геаграфія» (1773). У навучальных установах абавязкова вывучалася прыродазнаўства, асабліва фізіка-геаграфічны і метэаралагічны матэрыял. Пры школах, вучылішчах, каледжах і гімназіях адкрываліся метэаралагічныя станцыі і вяліся часопісы назіранняў за зменамі надвор’я. Першыя навуковыя даследаванні надвор’я і клімату нашага краю адносяцца да XVIII ст.

mal_5_Jan Sniadecki.jpg
Ян Снядэцкі (1756–1830), астраном, матэматык, філосаф, педагог, прафесар і рэктар Віленскага ўніверсітэта, склаў адзін з найлепшых для свайго часу падручнікаў па астраноміі, прычым у працу ўвайшло некалькі раздзелаў, прысвечаных атмасферным з’явам і кліматычным асаблівасцям краіны

Фармаванне дзяржаўнай сеткі метэаралагічных станцый пачалося ў пачатку XIX ст. — раней, чым у некаторых краінах Еўропы. Першыя метэаралагічныя станцыі былі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), пазней — у Брэсце (1834), Бабруйску, Свіслачы (1836), Мінску (1849), Гродне (1839), Горках (1834), Быхаве (1881), Чачэрску (1885), Пружанах (1886), Мазыры (1889), Калінкавічах, Баранавічах, Гомелі (1891), Лепелі (1893), Мар’інай горцы, Барысаве (1894) і ў іншых месцах — яны заклалі аснову сучаснай метэаралагічнай сеткі Беларусі.

mal_6_meteastancyja.jpg
Мінская геафізічная абсерваторыя (сёння — Гідраметэаралагічная абсерваторыя), пабудавана на схіле ўзгорка, які займалі Сляпянскія могілкі, у 1934 г. Здымак з кнігі: Архитектура и градостроительство советской Белоруссии / под ред. Ю. А. Егорова и А. П. Воинова. — Минск, 1957

Для Мінска сістэматычныя фіксацыя кліматычных паказальнікаў пачалася з 1891 г. Хаця праз перыяды ваенных і рэвалюцыйных ліхалеццяў у статыстычных даных ёсць значныя пропускі, аднак нават гэты масіў інфармацыі дае цікавыя звесткі і параўнанні. Мяркуйце самі.

Летнія экстрымумы

Па статыстыцы самы спякотны месяц — гэта жнівень. Напрыклад, 8 жніўня 2015 г. зафіксавана максімальная тэмпература ў сталіцы за ўвесь час метэаралагічных назіранняў: плюс 35,8 градуса.

mal_7_meteapliacouka_1947.jpg
 Метэапляцоўка ля Мінскай абсерваторыі, 24 чэрвеня 1947 г. (крыніца: belgidromet.by)

Большасць ліпеньскіх максімумаў устаноўлена за апошнія 30 гадоў, хоць самым спякотным у Мінску выдаўся гэты месяц у 1936 годзе: 24, 25 і 26 ліпеня зафіксаваны тры рэкорды запар. Тады слупок тэрмометра паднімаўся да +32,2, +34 і +33,8 градусаў адпаведна. А 29 ліпеня 1936 года ў сталіцы быў устаноўлены рэкорд: плюс 35°С.

У чэрвені слупок тэрмометра можа падымацца да адзнакі +29... +30 °С. Самымі багатымі на спякотныя дні выдаліся 1917, 1999 і 2016 гады. На кожны прыпалі адразу па тры тэмпературныя рэкорды, прычым па некалькі дзён запар: у 1917 годзе гэта 20 і 21 чэрвеня (+31,8 і +32 градусы цяпла адпаведна), у 1999-м — 8 і 9 чэрвеня (+30,2°С і +31,6°С ), а ў 2016 годзе — 25 і 26 чэрвеня (+31,5 °С і +31,2 °С).

Спякотнае згублівае лета здарался і 100 гадоў таму: так, 15 жніўня 1911 года газета «Минский голос» паведамляла, што праз небывалую спякоту «вакол Мінска моцна пацярпелі пасевы. На агародах знікла гародніна. Агароднікі гарадскіх ускраін спрабавалі штучна паліваць агароды, але без асаблівага поспеху. 31 ліпеня ў 2 гадзіны дня тэрмометр паказваў 43° цяпла на сонцы па Рэамюры» (гэта адпавядае +53,8 па Цэльсію!). Зафіксаваны і абсалютны летні мінімум: 12 чэрвеня 1899 года ён склаў 0°С.

mal_8_Haradski_sad.png
 Губернатарскі (Гарадскі) сад (сённяшні Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага). Паштоўка пачатка ХХ ст.

Агулам трэба адзначыць, што летняя спёка для губернскага і ўвогуле міжваеннага Мінска адчувалася нашмат лягчэй, чым сёння — шлях паветраным масам не перакрывала ні шчыльная забудова, ні высокія гмахі, гарадскія вуліцы не патыхалі гарачым асфальтам, наўкол было шмат зеляніны — паркаў і асабліва фруктовых садоў. Аднак і тады мінчукі імкнуліся збегчы з «прапечанага» Мінска падалей — на летнікі і дачы (пра гэта мы пісалі раней).

Марозныя максімумы

Сярэдняя тэмпература ў Беларусі за ўвесь зімовы перыяд (кліматычная норма, якая вызначаецца за 30-гадовы перыяд), складае каля −4°С. Пачынаючы з 1989 г. яна толькі павялічваецца: з 20 самых цёплых зім за гісторыю метэаназіранняў (з 1881 г.) 12 прыйшлося на перыяд з 1989 г. па 2017 г. Так што будзьце ўпэўненымі — цёплыя зімы былі і раней, а не толькі ў апошнія 20 гадоў.

mal_9_zviazda_27-luty-1929.jpg
 Зацемка з газеты «Звязда» ад 27 лютага 1929 года. Суворыя зімы былі сапраўднай бядой і для горада, і для гаспадаркі — звышнізкія тэмпературы фіксуюцца ад 1920-х да канца 1950-х гг. Апошні раз у ХХ ст. наймацнейшы мароз быў зафіксаваны ў 1978 годзе — мінус 30,5°С акурат 31 снежня!

Зімы з 2014 па 2017 год былі цяплейшыя за звычайныя, з сярэдняй тэмпературай на 1°—2°С вышэй за норму, гэта значыць каля −2°С, і ў першую чаргу за кошт цёплага снежня, сярэдняя тэмпература якога на 2°—3°С вышэй за норму. Працягласць перыядаў з экстрэмальна нізкімі тэмпературамі (-25°С і ніжэй) таксама скарачаецца. Самай цёплай зімой у Беларусі лічыцца зіма 1989/1990 г. — тады сярэдняя тэмпература за тры месяцы склала ўсяго мінус 0,1°С. (так, 21 лютага 1990 г. у Брэсце стаяў абсалютны максімум зімовага перыяду — плюс 17,2°С). Гэтая ж зіма была самай цёплай і ў Мінску: сярэдняя тэмпература за сезон вагалася каля 0°С, а 25 лютага 1990 г. зафіксаваны максімум зімовай тэмпературы — плюс 13,6°С. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра для Мінска зафіксаваны ў 1940 годзе — мінус 39,1°С (абсалютным рэкардсменам у той зімовы сезон стаў Талачын — тут зафіксавалі абсалютны мінімум для Беларусі — мінус 42,2°С).

mal_10_lavergne 1840.jpg
Бартэльмі Лавэрнь (Barthelemy Lauvergne). Відарыс Мінска з боку Барысаўскага тракту на Смаленск. 1840 г.

«З прычыны працяглых маразоў вада ў шматлікіх студнях і сажалках у наваколлях Мінска вымерзла. Жыхары збіраюць снег і топяць яго на ваду. Рыба ў сажалках таксама змерзла. Такая з’ява ў нас вельмі рэдкая. Усе з нецярпеннем чакаюць надыходу вясны», — пісала газета «Минский листок» у 1889 годзе. Нярэдка можна было прачытаць у губернскай газеце нататку і пра знаходку здранцвелага цела на адным з трактаў на Мінск — «смерць надыйшла з прычыны марозу» — так, зімой 1901 г. сцюжа забрала жыцці 18 жыхароў Мінска і Мінскага павета.

Анамальныя ападкі: снег, град, ледзяны дождж

Снежнае покрыва ў большасці раёнаў краіны пачынае фармавацца звычайна ў першай палове лістапада, на паўднёвым захадзе — некалькі пазней. Максімальнае снежнае покрыва ў межах нормы лічыцца ў прамежку 15–35 см, аднак у 1996 г. у Мінску быў зафіксаваны рэкорд — 60 см. Так шмат снегу за адны метэасуткі выпадала ў гісторыі назіранняў надвор’я ў сталіцы ўсяго аднойчы: у снежні 1893 года на сталіцу абрынуўся шторм, які прынёс ажно 41 мм ападкаў!

mal_11_snieh na Kamunistycznaj_1950x.jpg
 Прыборка снегу на вуліцы Камуністычнай, 1958–1965 гг. (крыніца: pastvu.com)

Апошняе дзесяцігоддзе ўсё адчувальней робяцца ўздзеянні далёкіх цыклонаў: так, цыклон «Хаўер», які абрынуўся на сталіцу ў сакавіку 2013 г., прынёс «усяго» 17,5 мм ападкаў, а вось цыклон «Даніэла» дадаў ужо 25 мм, і да таго ж — прынёс з сабою ледзяны дождж.

mal_12_zviazda_26-luty-1929.jpg
Снежныя зімы былі складанай праблемай для горада: у 1929 годзе, як бачна з зацемкі ў газеце «Звязда» ад 26 лютага, напрыканцы зімы моцная завея спыніла рух транспарту ў Серабранцы і Старажоўцы, пазаносіла тракты і чыгуначныя рэйкі, папсавала тэлефонныя правады

У Беларусі град бывае ў перыяд з красавіка па кастрычнік, часцей за ўсё ў маі і чэрвені. Ён праходзіць звычайна вузкімі палосамі шырынёй 300–500 м, даўжынёй 2–3 км (бываюць выпадкі, калі шырыня сягае 2–3 км, даўжыня — 15 км). Працягласць градападу — ад некалькіх хвілін да паўгадзіны, часцей за ўсё 6–7 хвілін. У сярэднім штогод на адзін пункт тэрыторыі прыпадае 1–2 выпадкі граду, а ў асобныя гады — да 5–7 разоў. Аднак для 1907 года ў Мінску быў зафіксаваны свой рэкорд — град ішоў 7 дзён.

Амаль як у Лондане: мінскія туманы

Туманы ў Беларусі — не рэдкасць, клімат краіны лічыцца дастаткова вільготным. За год бывае 35–100 сутак з туманамі. На ўвесь год у суме працягласць туману складае ад 140 да 4000 гадзін. На халодны перыяд года прыпадае 60–80% усіх выпадкаў з’яўлення туманоў.

mal_13_tuman.jpg
Туман у горадзе (крыніца: pastvu.com)

Колькасць туманных дзён павялічваецца з павышэннем вышыні мясцовасці — таму ў 1964 г. Навагрудак стаў рэкардсменам па туманах — 140 дзён на год! А вось максімальная колькасць дзён з туманам за год для Мінска — 102 дні адзначана ў 1960 г. Сярэдняя бесперапынная працягласць туману ў халодны час — каля 10 гадзін, аднак у асаблівых выпадках яны могуць працягвацца некалькі сутак: так, у Мінску ў студзені 1971 г. туманнае надвор’е цягнулася ажно 79 гадзін.

Гром з Перуном: мінскія навальніцы

Гэта можа падацца дзіўным, але навальніца — не такая ўжо рэдкая атмасферная з’ява: напрыклад, маланкі — найбольш частыя яе праявы, яны б’юць у розных кутках свету кожныя 2 секунды! Стагоддзі таму маланкі былі вельмі небяспечнай нябеснай з’явай — яны білі ў драўляныя пабудовы, забівалі жывёлу і людзей. Акрамя таго, на ХІХ ст. і пачатак ХХ ст. прыходзіць пік назіранняў г. зв. «шаравых маланак», фізічная прырода якіх і па сёння цалкам не разгаданая. Не толькі вясковыя людзі, але і мінчукі запальвалі ў сваіх дамах грамнічныя свечкі і ўзносілі малітвы то да Бога, то да Перуна — смерць ад навальніцы часта выходзіла на другое месца сярод усіх няшчасных выпадкаў (толькі за 1901 г. навальніцай забіла 60 насельнікаў Мінскай губерні).

«У маёнтку Банцараўшчына Мінскага павета 27 ліпеня а 10 гадзіне вечара падчас навальніцы былі забітыя громам у сваёй хаце каваль Лейба Кагановіч і яго цяжарная жонка Раіса. Пасля няшчаснай сям’і засталося 5 душ дзяцей, з якіх старэйшаму 8 гадоў. Па ініцыятыве ўладальніка маёнтка памешчыка Галавача была зроблена грашовая падпіска на карысць пакінутых сірот», — паведамляла ў 1890 г. газета «Минский листок».

mal_14_Ball_lightning_1886.jpg
Шаравая маланка, якая патрапіла ў пакой. Малюнак з брытанскага часопіса, 1886 г. (крыніца: wikipedia.org)

Надта небяспечным выдаўся 1903 год: за два тыдні траўня маланка забіла дваіх; у горадзе ад яе цярпелі як гараджане, так і іх уласнасць. 6 ліпеня 1903 года маланка патрапіла ў некалькі менскіх хат, пра што піша той жа «Минский листок» — «па Нова-Маскоўскай вуліцы маланка патрапіла ў кватэру Вульфа Кісяля, і тут, выгінаючыся па столі, паламала насценны гадзіннік, перакуліла лямпу, якая стаяла на стале, ударыла ў сцяну, прабіла аконную раму, зачапіла схаваную ў куце дзяўчынку-падлетка, а затым праз адчыненыя дзверы зіготкай стужкай вырвалася на вуліцу. У іншым месцы маланка праз дымавую трубу пракралася ў адрамантаваны дом Тапельсана на той жа вуліцы, дзе выбіла некалькі цаглін і, павярнуўшыся вакол, стукнула ў печ, адкуль паказаўся сноп полымя. На гэтай жа вуліцы маланка забіла казу», — па апісанні здарэнне падобна на праяву той самай «шаравой маланкі».

Хаця з цягам часу сістэмныя процімаланкавыя захады падвысілі бяспеку горада, на жаль, цалкам абараніцца ад неспрыяльных уздзеянняў прыроды не атрымоўваецца: амаль кожны год у навінах фіксуюцца трагічныя выпадкі з тымі, хто падчас стыхіі грэбаваў уласнай бяспекай...

«Ты куды мяне клічаш, завея?»: вятры і ўраганы

Ураганы — гэта трапічныя цыклоны, якія ўтвараюцца над акіянам у выніку ўзаемадзеяння халодных атмасферных мас з цёплымі і вільготнымі. Пры ўраганах хуткасць ветру дасягае паказчыкаў больш за 30 м/с — для Беларусі такія даныя (пакуль) не зафіксаваныя. «Слабейшыя» буры сіноптыкі адносяць да штармоў. Таму часам азначэнні «ураган», «шторм», «шквальны вецер» блытаюць у навінах. Часцей за ўсё так званыя ўраганы ў Беларусі сустракаюцца ў перыяд з траўня па верасень. Але менавіта ў чэрвені—жніўні па краіне праходзяць найбольш актыўныя франты, і любое дажджавое воблака можа прынесці, да прыкладу, моцныя ліўні, шквал, навальніцы.

mal_15_Савецкая Беларусь 1928 - 106.jpg
«Савецкая Беларусь» у № 106 за 1928 г. маляўніча апісвае шквальны вецер або моцную буру (што вынікае з характарыстыкі пашкоджанняў). Праз 40 гадоў рэспубліка адчуе нашмат болей адчувальныя ветры, а ўжо ў ХХІ ст. штармавыя буры наблізяцца да сапраўдных ураганавых паказчыкаў.

Максімальная колькасць і хуткасць разбуральных вятроў у XX ст. прыпадала на канец 1960-х гг. (максімальная хуткасць ветру — 40 м/с зафіксавана ў Докшыцах у 1967 і 1969 гг.); дарэчы, на гэтыя ж гады прыпадае і найбольшая паўтаральнасць моцнага граду. У ХХІ ст. ураганныя вятры робяцца ўсё больш заўважнай з’явай, а метэаролагі перыядычна фіксуюць нават тарнада (раней такая з’ява была рэдкай — усяго 1 выпадак за 2 гады; у апошні час атмасферныя віхуры дыяметрам і вышынёй да 1000 метраў з’яўляюцца 1–2 разы на год). Так, у 2007 г. краіна пацярпела ад слабеючага ўрагану «Кірыл», які пакінуў без электрычнасці дамы ў 1890 населеных пунктах. А ў 2005 г. ўраган «Катрына» пашкодзіў правады ў Мінску і многіх іншых гарадах. Цыклон «Хаўер» у сакавіку 2013 г. фактычна паралізаваў транспарт у сталіцы і па ўсёй краіне.

mal_16_minsk_airport_2016.jpg
У ліпені 2016 г. быў зафіксаваны моцны вецер у 25 м/с у раёне Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» — там адбылося нават сутыкненне самалётаў на паласе (крыніца: by24.org)

Для Мінска сярэднегадавая хуткасць ветру складае ўсяго 2,7 м/с (і тут трэба разумець максімальны парыў ветра), але ў 1955 г. была зафіксавана максімальнае значэнне парыву — 28 м/с.

На сёння прагназаванне надвор’я стала больш дасканалым, але і больш складаным працэсам — сярэднегадавыя тэмпературы і паказчыкі ападкаў за апошнія 20–30 гадоў прыкметна змяніліся, за апошнія 100–150 гадоў выявіўся і стаў больш заўважным антрапагенны фактар (спачатку вугальныя топкі, а потым і атамныя станцыі паціху «падагрэлі» лакальныя паветраныя масы, зрабіўшы свой непрыкметны і неспрыяльны ўплыў на кліматычныя паказчыкі), але прырода так і засталася непадуладнай чалавеку — мы па-ранейшаму з цяжкасцю супрацьстаім разбуральным вятрам, снегавым заносам і маштабным навальніцам. У кожным падобным выпадку эканоміка і гаспадарка сталіцы нясуць найбольшыя страты.

Змітро Пілецкі, budzma.org