XI кінафестываль «Паўночнае ззянне» завяршыўся і абвясціў пераможцу Беларускага конкурсу. У межах кінападзеі паказалі 30 фільмаў з краін Балтыі, Скандынавіі, Беларусі і Украіны.
Нагадаем, Беларускі конкурс быў сфармаваны праграмным дырэктарам кінафестывалю на аснове вынікаў Open Call, на які было пададзена 40 кінапраектаў. Усе фільмы Беларускага конкурсу аб’ядноўвае тое, што гэта спроба беларускіх кінематаграфістак і кінематаграфістаў праз кіно пераасэнсоўваць рэчаіснасць і шукаць надзею.
9 беларускіх стужак ацэньвала міжнароднае журы, у складзе якога былі мастацкая кіраўніца кінафестывалю «Mente Locale», кінаэкспертка і кансультантка Леэна Пасанен, рэжысёрка і сцэнарыстка Мара Тамковіч.
Відэа, на якім журы аб’яўляе пераможцу:
Галоўны прыз журы сышоў сатырычнаму хорару пра тое, як улады Беларусі прынялі закон, што дазваляе судзіць памерлых беларусаў — «Суд мёртвых» рэжысёра Андрэя Кашперскага. У галоўнай ролі суддзі знялася зорка Купалаўскага тэатру і народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. Сваё вырашэнне журы патлумачыла наступным чынам:
«Фільм-пераможца паказаў гледачам складаную і захапляльную гісторыю, падмацаваную ўражлівым майстэрствам, цэласнаю канцэпцыяй і нечаканым спалучэннем жанраў. Галоўная ўзнагарода беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння — 2025» дастаецца фільму «Суд мёртвых» Андрэя Кашперскага за здольнасць стварыць палітычную сатыру, якая незаўважна трансфармуецца ў фільм жахаў і вяртаецца назад».
Аўтары «Суда мёртвых» разлічваюць, што бягучая кароткаметражная версія стане трамплінам для рэалізацыі поўнаметражнага фільма на аснове гэтай гісторыі. Зараз яны ў актыўных пошуках фінансавання будучага кінапраекта.
Спецыяльную згадку журы атрымала кароткаметражная анімацыйная гісторыя «Перадачка» рэжысёркі Веры Шыш, у якой перадачка ажывае і сама ідзе ў турму да беларускага палітвязня. Журы патлумачыла такі выбар:
«Гэта маленькі шэдэўр з цэласным наратывам, вытанчанаю тэхнікай і ўражлівым мастацкім падыходам. Найбольш важна, што гэтая стужка нагадвае нам пра рэальнасць, якой не павінна быць. Рэальнасць, у якой ты ізаляваны і пазбаўлены голасу».
Нягледзячы на афіцыйнае заканчэнне кінапаказаў offline і online кінафестываль «Паўночнае ззянне» не плануе сыходзіць з радараў, арганізатаркі і арганізатары гавораць, што наперадзе глядачак і гледачоў могуць яшчэ чакаць сюрпрызы. Каб не прапусціць навіны кінафестывалю, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Telegram, FB. Падтрымаць каманду кінафэсту можна па спасылцы.