Усе на летнік! Якім быў дачны сезон мінчукоў стагоддзе таму

09.06.2022 Гісторыя

З таго часу, як праз Мінск прайшла чыгунка (1870-я гг.), горад пачаў імкліва расці, а летні сезон наўпрост стаў часткаю бясконцай індустрыяльнай будоўлі. Не дзіва, што ўсе, хто мелі фінансавыя магчымасці, імкнуліся апынуцца ў летні сезон як мага далей ад Мінска. Дзе і як адпачывалі месцічы стагодзе таму, якія накірункі для лецішчаў былі самымі папулярнымі, якімі выгодамі заваблівалі арандатараў дачаўладальнікі, распавядаем ў артыкуле.


mal_0.png

Не перагрузіўшы лічбамі, проста прывядзем некалькі фактаў: калі ў пачатку 1890-х гадоў гарадская ўправа штогод выдавала 226 дазволаў на будаўніцтва і рамонт будынкаў, то ў канцы дзесяцігоддзя — каля 600; а насельніцтва Мінска з 26 760 чалавек у 1860 г. вырасла да 90 912 чалавек у 1897 г., заняўшы 19-е месца ў «топе» гарадоў Расійскай імперыі.

Калі інтэрпаліраваць сённяшнія праблемы сталіцы на ўмовы 100—150-гадовай даўніны, то будзе заўважна, што месцічы губернскага Мінска пакутавалі, асабліва ў часы сезонных адпачынкаў, фактычна з тых жа прычын, што і сённяшнія мінчукі.

Паўсюль узводзіліся прамысловыя аб’екты, пашыраліся і разрасталіся жылыя кварталы, тут і там ставіліся дадатковыя пабудовы, якія абслугоўвалі прадпрыемствы, будоўлі, станцыі, рынкі. На «багатых» вуліцах вяліся працяглыя па часе рамонтныя або будаўнічыя работы. «Парадная частка» губернскай сталіцы, зразумела, выглядала не горш за іншыя гарады краю, а вось праблемы арганізацыі і добраўпарадкавання перыферыйных кварталаў, прадмесцяў заўважна псавалі агульную карціну.

mal_00.PNG

І да таго хаатычны транспартны рух яшчэ больш ускладнялі перамяшчэнні грузавых павозак, што дастаўлялі матэрыялы і тавары. Вольны шпацыр па вуліцах зрабіўся яшчэ больш праблематычным: акром адсутнасці на ўсім працягу тратуараў і якасных маставых, часткі іх аказваліся то перакрытымі кучай дошак, то пахаванымі пад рассыпанымі пяском і друзам, а то і ўвогуле танулі пад вадой пасля чарговай залевы. З-за адсутнасці шчыльнага дарожнага палатна пыл і бруд лёгка ўздымаліся конскімі капытамі і коламі. Да праблемы чысціні гарадскога паветра дадаваліся пахі, адчуванне якіх абвастралася з надыходам спякоты: пра блізкую будоўлю месціча звычайна папярэджваў рэзкі пах смол, мазуту, шкіпінару, фарбы. Не менш праблем прыносілі «выхлапы» ад коней, за якімі не паспявалі прыбіраць нават на галоўных вуліцах. Смуроду дадавалі выграбныя ямы і прыбіральні, якія, праз адсутнасць цэнтралізаванай каналізацыі і вывазу смецця, сустракаліся практычна ў кожным двары.

Упрэчкі ад горада

Не дзіва, што ўсе, хто мелі фінансавыя магчымасці, імкнуліся апынуцца ў летні сезон як мага далей ад Мінска.

Месцічы сярэдняга класу аддавалі перавагу арэндзе цягам усяго сезону. Заможныя мінчане імкнуліся з’ехаць на аддаленыя летнікі. Пераязджалі звычайна ўсёй сям’ёй, з траўня па верасень. Паколькі ў сям’і працаваў звычайна бацька (мужчына), то на некалькі дзён у месяц ён выбіраўся ў Мінск, каб вырашыць там важныя справы. Бягучыя пытанні вырашаліся на месцы, праз прыезджых прыказчыкаў. Менш заможныя мінчукі падбіралі сабе летнік у транспартнай даступнасці. Асабліва папулярнымі ў такіх адпачывальнікаў былі загарадныя дамкі ля чыгуначных станцый — гэта дазваляла штодня ездзіць у Мінск па справах і вяртацца назад.

Папулярнасць дачнага адпачынку расла з года на год. У арэндны бізнес уключылася велізарная колькасць уладальнікаў загараднай нерухомасці. Пад дачы сталі здаваць нават дамы на самым памежжы горада і ў прадмесцях, якія знаходзіліся паблізу ад горада.

mal_1_Halubouka_Dobryja_Mysli.PNG
Дзве аб’явы даволі яскрава ілюструюць працэсы і пашырэння самога Мінска, і актыўнасці тагачаснага рынку нерухомасці. Добрыя Мыслі, былое ціхае прадмесце, пад 1886 г., калі падавалася аб’ява, пераўтварылася, фактычна, у сэрца мінскага адрэзка Лібава-Роменскай чыгуначнай лініі. Пастаральныя Міхалянка і Галубоўка, якія яшчэ адносна нядаўна месціліся на самым ускрайку гарадской мяжы, дзякуючы блізкасці ўсё той жа чыгункі апынуліся, па тэксту аб’явы 1915 г., ужо ў складзе горада. На фрагменце плана-рэканструкцыі 1903 г. Міхалянка лакалізуеца ў левым верхнім куце, Добрыя Мыслі — у левым ніжнім куце.

«Дачны рынак» на старонках мінскай губернскай прэсы

Ужо ў першых нумарах газеты «Минский листок» (выходзіла з 1886 па 1902 гг.) дачаўладальнікі пачалі актыўна размяшчаць аб’явы аб арэндзе. Рынак дачных прапаноў не згас і пазней, калі свае рэкламныя тэксты ўладальнікі дач пачалі размяшчаць у газеце «Минский голос» (выдавалася з 1906 па 1918 гг.). Досыць хутка, так ці інакш, у «дачны рынак» уцягнуліся фактычна ўсе мінскія землеўласнікі і ўладальнікі нерухомасці, ад гучных прозвішчаў (Ваньковічы, Гейдукевічы) да дробных уласнікаў.

Сённяшняму мінчуку цяжка ўявіць, што стагоддзе таму літаральна ў трох сучасных транспартных прыпынках ад цэнтра мясцовасць ужо лічылася дачнай. Адзін з такіх прыкладаў — старажытны маёнтак Кальварышкі (сёння — тэрыторыя забаўляльнага парка Dreamland), які ў 1886 г. лічыўся дачай у шэсць пакояў. На пачатку ХХ ст. Кальварышкі зліліся з суседняй вёскай Весялоўка (першапачатковая назва — Басіялаўка), якая, у сваю чаргу, падчас будаўніцтва «БелЭкспа» была знесена.

mal_2_Kalwaryszki.PNG
Кальварышкі на міжваенных мапах і ў рэкламнай аб’яве. Унізе калажа — збор бульбы ў Кальварышках (малюнак Часлава Манюшкі, 1848).

У маёнтку Сляпянка (дакладней — Малая Сляпянка — былое ўладанне галіны Ваньковічаў, адкуль паходзіў мастак Валенці Ваньковіч) барон Корф прапаноўваў на ўвесь летні сезон 1886 г. кватэру ў асобным доме. Гэта 10 пакояў, дзве кухні, лядоўня, стайні, хлеў. З забавак — купанне ў рацэ, месца пад водныя працэдуры было добраўпарадкавана, збудавана цэлая купальня. Пры жаданні кватэру можна падзяліць для пражывання дзвюх сем’яў, кожная з якіх будзе мець асобную кухню.

mal_3_Sliapianka.PNG
Сляпянка Корфа — гэта былая Малая Сляпянка галіны Ваньковічаў, як яе пабачыў Часлаў Манюшка ў 1848 г. У верхнім левым куце — план сядзібы з плана горада 1910 г.

Як паказвае тэкст аб’явы 1915 г., землі будучага мікрараёна «Усход» і ЖК «Маяк» Мінска (а на той час — вёскі Вялікая Слепня) прываблівалі мінчукоў на адпачынак сваімі халмістымі і воднымі краявідамі, вольнымі абшарамі і квітнеючымі палямі нават ва ўмовах «Вялікай вайны» (Першай сусветнай).

mal_4_Slepnia.PNG
На здымках 1950-х — 1960-х гг. Вялікая Слепня выглядала прыблізна так сама, як пра яе пісалі ў рэкламнай аб’яве. Нават напрыканцы 1980-х гг. дастаткова было перайсці на процілеглы ад мікрараёна незабудаваны бок праспекта, каб атрымалася «вандроўка ў часе».

Задоўга да таго, як Цнянка ператварылася ў Цнянскае вадасховішча, адну з інтэнсіўных рэкрэацыйных лакацый для мінчукоў, у далёкім 1886 г. Агаф’я Блок здавала ў маёнтку Цна некалькі дач. Дачныя домікі, усяго ў 5 вёрстах ад горада (каля 6 км), пры ўмове заключэння доўгатэрміновай арэнды, можна было нават перабудаваць пад уласныя патрэбы: падзяліць ці аб’яднаць пакоі, дадаць альтанкі ці лавачкі, памяняць мэблю. Кожнаму арандатару надаваўся і гародзік. У стайні заўсёды меўся экіпаж, гатовы адвезці пастаяльцаў у Мінск і назад. Аб часе дамаўляліся загадзя. З рэкрэацыйных аб’ектаў — блізкі лес, фруктовы сад і добраўпарадкаваная купальня на рацэ.

А вось пад гэтай «ананімнай» аб’явай аб продажы або перадачы ў арэнду «вялікага барскага дома» з 40 дзесяцінамі (на хвіліначку, гэта крыху менш за 40 га!), дзе на 1911 год меўся уласны тэлефон (шалёная раскоша па тым часе!) — хаваецца адзін з уладальнікаў маёнтка Цна-Ёдкава. Да славутага шляхетнага роду Ёдкаў (Наркевічаў-Ёдкаў) гербу «Ліс» належаў і наш слынны суайчыннік — Якуб Наркевіч-Ёдка, фізік і метэаролаг, адзін з вынаходнікаў радыё ў 1891 г. Лес, парк, сады, парнікі, сенажаці, пашні, 3 дамы і адмысловыя гаспадарчыя пабудовы — пералічэнне ўражвае багаццем уладальнікаў і маштабнасцю гаспадаркі сядзібы.

mal_5_Cna.PNG
Цна і Цнянка ўжо 100–150 гадоў таму з’яўляліся файнымі месцамі адпачынку. Міжваенная карта фіксуе дарожна-зямельную сітуацыю, блізкую да часоў апошніх прыватных аб’яў.

Кірунак у бок сённяшніх Ждановічаў, шумлівай і кіплівай гандлёва-прамысловай зоны, яшчэ нядаўна лічыўся выключна санаторным — за савецкім часам наваколле займалі дамы адпачынку і дачныя таварыствы. Паўтары ж стагоддзя таму гэты шлях для мінчука быў адмысловым кірункам у бок летніка. Так, дачаўладальнік Галавач прапаноўваў адпачыць у маёнтку Банцараўшчына. Усяго ў 11 км ад тагачаснага горада можна было атрымаць асалоду ад унікальнай прыроды. Як заўпэўніваў арэндадаўца, прыезджых чакаюць гарыстая і лясная мясцовасць, рака Свіслач.

mal_6_Bancarauszczyna.PNG
Сёння забытая і спляжаная бяздумным дарожным будаўніцтвам Банцараўшчына яшчэ паўтары тысячы гадоў таму сваімі відарысамі ды прыродай так спадабалася нашым продкам, што яны ўзвялі тут маштабнае гарадзішча, якое з лёгкай рукі даследчыкаў дало назву цэлай археалагічнай культуры — банцараўскай. Невялічкую, але маляўнічую вёсачку Банцараўшчыну, аскепак былой «рэкрэацыйнай зоны», можна ўбачыць на палатне мастака Валынца М. І. (1970). У калажы выкарастаны таксама фрагмент савецкай мапы 1927 г.

Але можна было зняць дачу і падалей. Напрыклад, на чыгуначнай станцыі Уша, што паміж Радашковічамі і Маладзечнам. Летнік — хатка на чатыры пакоі з кухняй і ўсімі выгодамі. Галоўная перавага — блізкасць станцыі, 100 м напрасткі або 200 м па зручным тракце, а да Мінска ўсяго дзве гадзіны на цягніку.

Кошты і попыт

Што тычыцца кошту арэнды дачы, усё залежала ад жадання ўладальнікаў зарабіць, інтэр’еру, размяшчэння і іншых фактараў. Часам арэнда была супастаўная з камфортным жыллём у сталіцы, але і сэрвіс адпаведны: цэлая мэбляваная сядзіба на некалькі пакояў (нават на розных паверхах), з паркам і садамі, свая прыслуга, фурман. За такі сэрвіс трэба было выкласці больш за 100 рублёў. А можна было знайсці маленькі дамок пад Мінскам усяго за 10 рублёў у месяц. Праўда, чакалі там хіба пара ложкаў на пакойчык, мінімум неабходнай мэблі, ды свежае паветра на верандзе, а да лесу ці ракі трэба было добра прайсціся. Для параўнання: двухпакаёвы летнічак у Фаніпалі, блізу саду ці парку, здавалі ўсяго за 50 рублёў на сезон.

Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі і пераход краіны ў рукі бальшавікоў знішчылі паспяховы рынак нерухомасці, а разам з ім — нават і памяць пра былыя папулярныя дачныя мясціны...

mal_7_nastupstwy.PNG
Пару ілюстрацыйных прыкладаў лёсу дачнай забудовы. Злева — Белая дача ў Курасоўшчыне, за савецкім часам — «Дом отдыха союза Совторгслужащих» (здымак з часопіса «Профэсыянальны рух Беларусі», 1925, № 8). Справа — «Будынак саўгасу "Весялоўка", у якім адбываецца падрыхтоўка коопкадраў», насамрэч — былы сядзібны дом Браўдэраў у Бейсалаўцы, па суседстве з гістарычнымі Кальварышкамі (здымак з часопіса «Каапэрацыя БССР», 1930, № 4–5).


Змітро Пілецкі, budzma.org

Асноўныя ілюстрацыйныя крыніцы і крыніцы тэкстаў: Wikipedia, delcampe.net, alamy.com, orda.of.by, knihi.com